Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТЫВЕН ЛЭРЭБІ: СЫТУАЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ БУДЗЕ ПРАДМЕТАМ ПЕРАМОВАЎ НА ВЫСОКІМ УЗРОЎНІ ПАМІЖ ЗША І РАСЕЯЙ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

На гэтую тэму зь вядомым экспэртам у справе міжнародных адносінаў, навукоўцам, кіраўніком катэдры эўрапэйскай бясьпекі інстытуту Rand Corporation ў Вашынгтоне, былым супрацоўнікам нацыянальнай рады бясьпекі Злучаных Штатаў Амэрыкі ў справе СССР і Ўсходняй Эўропы, спадаром Стывэнам Лэрэбі гутарыў наш варшаўскі карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Лэрэбі, вядома, што Злучаныя Штаты заўсёды рэзка асуджалі шматлікія парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і ўвогуле займалі вырзна цьвёрдую пазыцыю ў стаўленьні да цяперашняга палітычнага ладу ў нашай краіне. На Вашую думку, ці можа зьмяніцца пазыцыя Злучаных Штатаў у гэтай справе з-за таго, што Беларусь заявіла аб падтрымцы антытэрарыстычнай кааліцыі?”

(Лэрэбі: ) “Ня думаю, што фундамэнтальнае стаўленьне Злучаных Штатаў да Беларусь зьменіцца, пакуль ня зьменіцца ўнутраная сытуацыя ў самой Беларусі. Шмат краінаў, у тым ліку Беларусь, і нават Іран і Лівія, дабраахвотна сталі на бок Злучаных Штатаў у барадзьбе з тэрарызмам. Але Злучаныя Штаты мусяць вельмі асьцярожна выбіраць сабе хаўрусьнікаў. Таму толькі з-за таго, што нейкая краіна аб’явіла сябе хаўрусьнікам Злучаных Штатаў, наўрад ці Злучаныя Штаты зьменяць сваю падставовую пазыцыю да гэтай краіны. Як і ў справе Беларусі – мы надалей упэўненыя, што гэтая краіна патрабуе фундамэнтальных рэформаў”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы мяркуеце, той факт, што Расей адкрыта падтрымлівае цяперашняе беларускае кіраўніцтва, можа нейкім чынам паўплываць на адносіны паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй?”

(Лэрэбі: ) “Ня думю, што гэта будзе мець вельмі вялікі ўплыў на адносіны паміж Расеяй і ЗША, але, напэўна, з часам сытуацыя ў Беларусі будзе прадметам абмеркаваньня на высокім узроўні паміж прадстаўнікамі абедзьвюх краінаў. Абсалютна ясна, што стаўленьне Злучаных Штатаў да ўнутранай сытуацыі ў Беларусі не зьмянілася”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Лэрэбі, на вашую думку, пасьля значнага пацяпленьня ў адносінах паміж Расеяй і Захадам, якое адбылося па верасьнёўскіх замахах, ці будзе Расея і надалей патрабаваць такога хаўрусьніка, як Беларусь – краіну з выразнай антызаходняй арыентацыяй, якая ўвесь час імкнецца абараняць заходнюю мяжу Расеі ад НАТА?”

(Лэрэбі: ) “Калі адносіны паміж Расеяй і НАТА будуць і надалей разьвівацца ў добрым кірунку, я мяркую, гэта ў пэўнай ступені аслабіць сувязі Расеі зь Беларусьсю. Нават нягледзячы на тое, што стасункі паміж дзьвюма краінамі, напэўна, і надалей будуць дастаткова цесныя з прычынаў культурных і гістарычных, але напэўна гэтыя стасункі аслабнуць адносна падтрымкі рэжыму, які усталяваў спадар Лукашэнка ў Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Што тады рабіць Беларусі, калі яна можа адначасова застацца без свайго галоўнага ўсходняга хаўрусьніка, і без прыязнага стаўленьня Захаду?”

(Лэрэбі: ) “Мяркую, што насамрэч ёсьць толькі адно выйсьце, і яно вядомае ўжо шмат гадоў – Беларусь павінна пачаць рэформы, якія прасунуць яе да дэмакратыі, а таксама рэфармаваць сваю эканоміку. Адна з прычынаў таго, што нават у Расеі ёсьць апазыцыя зьбіжэньню зь Беларусьсю ў эканамічнай сфэры, ёсьць разуменьне, што расейская эканоміка можа пацярпець ад занадта цесных стасункаў з эканомікай беларускай. Дык вось нават у Расеі ёсьць сілы, асабліва сярод расейскіх рэфарматараў, якія выступаюць супраць цесных сувязяў зь Беларусьсью. Таму, паўтару яшчэ раз, галоўнае для Беларусі – гэта рэфармаваць палітычную і эканамічную сыстэмы. Гэта выйсьце для Беларусі на будучае”.

XS
SM
MD
LG