Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЎПЛЫВАЕ НА ПАЗЫЦЫЮ ПОЛЬШЧЫ Ў СПРАВЕ ГАЗАПРАВОДУ “ЯМАЛ-ЗАХОДНЯЯ ЭЎРОПА” БЕЛАРУСКІ ФАКТАР?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Расея хоча атрымаць ад польскага боку згоду на пабудову так званай “перамычкі”, якая б у абыход Украіны зьвязала “газпромаўскі” газаправод на Беларусі з газаправодамі ў Чэхіі і Славакіі, якія таксама кантралюе расейскі “Газпром”. Прычым расейцы хочуць, каб другая лінія праз Беларусь ішла каля польска-украінскай мяжы праз Люблін да мястэчка Вялікія Капушаны ў Славаччыне.

Палякам гэта нявыгадна. Па-першае, прапанаваны расейцамі маршрут, праходзіць праз два нацыянальныя паркі і можа значна пашкодзіць экаклёгіі. Па-другое, і гэта бадай найважнейшы чыньнік, – калі пагадзіцца на расейскі праект, дык газаправод будзе знаходзіцца далёка ад асноўных польскіх спажыўцоў газу. Палякі будуць вымушаныя будаваць на сваёй тэрыторыі дадатковыя камунікацыі, празь якія газ трэба будзе дастаўляць у цэнтар краіны. А гэта – шматмільённыя выдаткі.

Польскі бок прапануе пачаць другую лінію газаправоду на беларуска-польскай мяжы, каля мястэчка Кандраткі, а потым праз буйныя прамысловыя цэнтры – Варшаву, Лодзь і Кракаў накіраваць яе ў Славаччыну.

Калі “Газпром” пагодзіцца на польскі варыянт, гэта будзе азначаць страты для Беларусі. Аднак ці настойвае Польшча на сваім праекце, менавіта дзеля таго, каб не дапусьціць пабудовы газаправоду на тэрыторыі Беларусі і такім чынам аслабіць яе пазыцыі, як падаюць некаторыя крыніцы?

Як паведамілі Радыё Свабода экспэрты ў справе Беларусі з Варшаўскага Цэнтру Ўсходніх дасьледаваньняў, пра тое, што беларускі фактар адыгрваў істотную ролю ў часе выпрацоўкі пазыцыі Польшчы ў справе газаправоду, ім невядома.

Анжэй Кублік, экспэрт ў эканамічных справах аўтарытэтнай польскай Gazety Wyborczej, які напярэдадні выступіў на старонках газэты зь вялікім артыкулам у справе газаправоду, упэнены, што ў гэтай справе ўвогуле ня йдзе гаворка пра Беларусь. Гэта ёсьць праблемай выключна польска-расейскай.

Спадар Кублік таксама пацьвердзіў, што расейскі варыянт перадусім нясе эканамічныя і экалягічныя страты польскай дзяржаве.

Аднак агульнавядома, што Польшча ня раз заяўляла пра тое, што Ўкраіна ёсьць яе стратэгічным партнэрам. Натуральна, што пазбаўленьне Ўкраіны газаправоду азначае пазбаўленьне Кіева дадатковага аргумэнту ў размовах з Масквой.

Зь іншага боку, калі газ ня пойдзе праз Беларусь, значных сродкаў, а таксама ўплыву пазбавіцца Менск.

Канчатковае рашэньне ў справе пабудовы другой лініі газаправоду “Ямал-Заходняя Эўропа” будзе прынятае, хутчэй за ўсё, у часе афіцыйнага візыту Ўладзімера Пуціна ў Варшаву, які адбудзецца на наступным тыдні.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG