Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КВАТЭРЫ МІХАІЛА ЛЯВОНАВА АДБЫЎСЯ ПЕРАТРУС. ЧАСТКУ РЭЧАЎ СЬЛЕДЧЫЯ ВЫВЕЗЬЛІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле жонкі затрыманага дырэктара Менскага трактарнага заводу Алены Лявонавай, сёньня ў іхнай кватэры на Старажоўскай вуліцы правялі ператрус і апісалі ўсю хатнюю маёмасьць. Прычым, як распавяла спадарыня Лявонава, супрацоўнікі пракуратуры не абмежаваліся вопісам маёмасьці, а яшчэ й вывезьлі з дому некалькі скрынак з рознымі рэчамі, у тым ліку з дарагой бытавой тэхнікай і апаратурай.

Ператрус правялі таксама на лецішчы і ў гаражы Лявонавых. Алена Лявонава адмовілася камэнтаваць дзеяньні сьледчых. Адносна затрыманьня мужа яна сказала Радыё Свабода:

(Алена Лявонава: ) “Мой муж вельмі моцны чалавек, я мяркую, ён гэта вытрымае. Бо за ім няма ніякіх злачынстваў, ён ні ў чым не вінаваты перад дзяржавай. Я спадзяюся, што ягоная невінаватасьць стане відавочнай”.

Жонка Міхаіла Лявонава абвяргае вэрсію, паводле якой Міхаіл Лявонаў спрабаваў зьбегчы за мяжу з фальшывымі дакумэнтамі. Паводле Алены Лявонавай, яе муж ехаў у Маскву на кансультацыю да лекараў. Яго чакала апэрацыя, бо апошнім часам яго вельмі непакоіў пазваночнік.

(Алена Лявонава: ) “У яго не было думкі ўцякаць ад гэтых праверак, проста стан здароўя прымушаў яго апошнім часам хаця б крыху падумаць пра сябе”, — сьцьвярджае Алена Лявонава.

Адвакат Лявонава Мікалай Шаліма назваў дзеяньні сьледчых пракуратуры “безумоўным парушэньнем закону”.

(Шаліма: ) “Бо Канстытуцыя і закон кажуць, што пакуль суд не прызнае чалавека вінаватым, ніхто ня мае права яго лічыць такім. Калі ёсьць патрэба забясьпечыць захаванасьць маёмасьці, яе магчыма аформіць на адказнае захаваньне, але не адбіраць да суду. А потым, калі чалавек прызнаны вінаватым — прадавайце, кампэнсуйце страты”, — кажа адвакат Лявонава Мікалай Шаліма.

Ён не выключае, што дзеяньні сьледчых былі некваліфікаваныя, аднак больш схіляецца да думкі, што нехта прысьпешвае пракуратуру.

Між тым, у пракуратуры ня лічаць вопіс маёмасьці й канфіскацыю часткі рэчаў Лявонавых парушэньнем. Аляксей Таранаў, прэсавы сакратар пракуратуры краіны, кажа, што гэтак, відаць, вырашылі сьледчыя.

(Таранаў: ) “Тое, што лічыць патрэбным сьледчы, ён робіць. У межах Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Мы ж ня можам з парушэньнямі кодэксу працаваць”, — запэўніў прэсавы сакратар пракуратуры.

Аляксей Таранаў заявіў, што дагэтуль абвінавачаньне Лявонаву яшчэ не прад’яўленае, але гэта, маўляў, не перашкода для сьледчых праводзіць патрэбныя дзеяньні.

Між тым, сёньня сканчаецца трохдзённы тэрмін, цягам якога Лявонава павінны альбо выпусьціць на волю, альбо арыштаваць паводле новай пастановы пракуратуры. Тады яшчэ 10 дзён яго могуць трымаць у зьняволеньні без прад’яўленьня абвінавачаньня. Гэтак лічыць адвакат Мікалай Шаліма.

Адвакат Шаліма яшчэ ўчора зьвярнуўся ў пракуратуру з просьбай зьмяніць Лявонаву меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, але дагэтуль адказу ня мае. Учора ж у сьледчым ізалятары адбылася й сустрэча адваката Шалімы зь Лявонавым. Паводле адваката, Лявонаў ня скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня і выказваў спадзяваньне на вызваленьне. Вінаватым сябе ён не прызнае.


XS
SM
MD
LG