Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НТВ НЕ ПРАСІЛА ПРАБАЧЭНЬНЯ ЗА СЮЖЭТ ПРА АРЫШТ ЛЯВОНАВА. МЗС БЕЛАРУСІ ПАТРАБУЕ АД МЗС РАСЕІ ТЛУМАЧЭНЬНЯЎ


Юры Дракахруст, Прага

(Селін: ) “8 студзеня ў эфіры НТВ зьявіўся мой матэрыял пра арышт Міхаіла Лявонава. На наступны дзень мяне ў дастаткова катэгарычнай форме запрасілі ў МЗС Беларусі, прапанавалі прыйсьці без тэлекамэры і дыктафону. Падчас размовы намесьнік упраўленьня МЗС заявіў мне, што міністэрства вельмі занепакоенае маім сюжэтам пра затрыманьне Лявонава. Ён патлумачыў, што няма прэтэнзіяў да факталягічнай часткі сюжэту, але ёсьць прэтэнзіі да майго журналісцкага камэнтару. Міністэрства, паводле словаў гэтага чыноўніка, лічыць гэты камэнтар “зьневажальным для краіны, народу і прэзыдэнта”. Сказаў, што МЗС занепакоена магчымым нэгатыўным уплывам гэтага рэпартажу на міжнародны імідж Беларусі і на беларуска-расейскія адносіны. На маю прапанову выкласьці афіцыйную беларускую пазыцыю пісьмова ці зрабіць заяву для нашага тэлеканалу была дадзеная адмова. Адмоўным быў адказ і на такую ж прапанову, якую пазьней зрабіла беларускаму боку кіраўніцтва нашага тэлеканалу. Падчас размовы ў МЗС мне было сказана, што калі НТВ не прынясе тэрміновых прабачэньняў ці не паспрабуе ўлагодзіць гэтую сытуацыю іншым чынам, то размова пойдзе пра пазбаўленьне мяне акрэдытацыі ў Беларусі.

Учора ў цэнтральным выпуску навінаў НТВ вядучы Пётар Марчанка распавёў, як разьвіваецца справа Лявонава, пра выклік мяне ў МЗС, пра тое, што беларускае міністэрства лічыць сюжэт Селіна зьневажальным і патрабуе, каб гэтае меркаваньне было даведзенае да гледачоў. “Што, уласна, мы і робім,” – сказаў Петар Марчанка. Ніякіх прабачэньняў не было. І ўчорашняе паведамленьне беларускага тэлебачаньня пра тое, што НТВ папрасіў прабачэньня за неправераную інфармацыю свайго карэспандэнта – хай гэта застанецца на прафэсійным сумленьні маіх калегаў зь беларускага тэлебачаньня. Пасьля ўчорашняга эфіру, дзе наш вядучы распавёў пра гэтую сытуацыю, мне сёньня патэлефанаваў чыноўнік зь беларускага МЗС, які веў са мной размову 9 студзеня, і сказаў, што сытуацыя ўрэгуляваная”.

Гаварыў кіраўнік менскага бюро НТВ Павал Селін. Варта дадаць, што беларускае МЗС накіравала ў амбасаду Расеі ў Менску ноту, у якой выказала сваё незадавальненьне згаданым рэпатражам Селіна. Рэакцыі зьнешнепалітычнага ведамства Расеі пакуль няма.

XS
SM
MD
LG