Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ НЯ НАДТА ВЕРАЦЬ, ШТО АРЫШТАВАНЫЯ КІРАЎНІКІ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ— ЗЛАЧЫНЦЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Найперш мяне цікавіла, як рэагуюць на арышт свайго дырэктара працаўнікі трактарнага заводу. Таму я накіраваўся да галоўнай прахадной МТЗ, у час, калі на заводзе быў абедзенны перапынак.

(Карэспандэнт: ) “Днямі арыштаваны дырэктар Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў. Яшчэ раней быў арыштаваны дырэктар “Атлянту” Леанід Калугін, іншыя гаспадарчыя кіраўнікі. Скажыце, як вы ставіцеся да гэтага?”

(Малады інжынэр: ) “Верагодна, галоўныя людзі дзяржавы праводзяць зачысткі — як у Чачэніі. Мы яшчэ мала працуем, студэнты толькі пасьля Політэхнічнай акадэміі, добра праблемаў ня ведаем. Але заробкаў не выплачвалі. Ня ведаю, з чым гэта зьвязана, ці то зь дзейнасьцю дырэктара, ці то зь дзейнасьцю дзяржавы. Дакладнага адказу ня можам даць”.

(Ягоны калега: ) “Магчыма, нешта й было такое, усе не без граха, але суд не даказаў віны Лявонава, таму казаць нечага пэўнага нельга”.

(Працаўніца МТЗ: ) “Я вельмі зьдзіўленая, бо ўвогуле справы на заводзе ідуць нядрэнна”.

(Карэспандэнт: ) “А на вашую думку, з чым зьвязаны гэты арышт?”

(Працаўніца: ) “Ня ведаю. З чым зьвязаны гэты ланцуг арыштаў? Гэта ўсё бударажыць вытворчасьць, людзей. Трэба было ўсё неяк зрабіць па-іншаму — калі ён вінаваты, але віна яшчэ не даказаная”.

(Мужчына: ) “Вельмі няпэўна стаўлюся, няма ў мяне яснай пазыцыі. Але мяркую, што гэта наўмысныя дзеяньні, каб ачысьціць поле ад людзей, якія ёсьць праблемай для ўладаў. І другое — прадэманстраваць дырэктарскаму корпусу, што іх жыцьцё моцна залежыць ад уладаў”.

(Спадарыня: ) “Я вельмі шкадую, бо гэта быў нармальны дырэктар”.

(Іншая спадарыня: ) “Я думаю, што гэта выпадковасьць, ён ня мог так падманваць людзей”.

(Працаўніца: ) “Думаю, што гэта няправільна. Я ня ведаю ўсіх акалічнасьцяў, але Лявонаў шмат зрабіў для заводу, а не для сябе”.

(Малады рабочы: ) “Інфармацыі ніякай не даюць на заводзе. Гавораць, што з-за прэзыдэнцкіх выбараў. Столькі людзей ужо за гэта пасадзілі, столькі дырэктараў. Ня ведаю, што гэта будзе”.

Але ёсьць сярод працаўнікоў трактарнага заводу людзі, якія лічаць, што Міхаіл Лявонаў арыштаваны правільна:

(Рабочы: ) “Відаць, ёсьць за што. Крадзёж на заводзе ёсьць, і ў цэхах ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Мяркуеце, у гэтым вінаваты дырэктар?”

(Рабочы: ) “Ну, шмат і ад яго залежыць. Ён не дае й сваім намесьнікам нічым займацца. Калі дырэктар у шпіталі, то завод амаль мёртвы, ні зарплаты безь яго не выдаюць, нічога. Ня цэніць наш дырэктар і кадры. Да добрых людзей ён ставіцца гэтак — можаш сыходзіць, за прахадной чарга стаіць. А насамрэч прыходзяць такія людзі, што прабачце, зь імі працаваць немагчыма”.

А вось што думаюць пра арышт Міхаіла Лявонава людзі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да МТЗ:

(Жанчына: ) “Я думаю, што гэта зьвязана ня толькі з палітыкай, але й з эканомікай. Улады махаюць шабляй, гаворачы па-расейску”.

(Спадар: ) “Я ў прынцыпе няшмат ведаю, але чуў. Па-мойму, яго арыштавалі, так? Я да гэтага стаўлюся вельмі дрэнна. Адбываецца нейкая дыктатура ўлады. Выбары, што праходзілі ў нас, былі зробленыя несумленна, і цяпер стараюцца пазбавіцца тых людзей, хто ішоў супраць гэтай улады”.

(Мужчына: ) “У нас шмат каго абвінавачваюць у махінацыях, гэта проста такі спосаб палітычнай разборкі”.

(Спадарыня: ) “Відаць, трэба шмат ведаць, каб мець кампэтэнтную думку. А паколькі мы не інфармаваныя пра ягоныя справы, асаблівай думкі — станоўчай ці адмоўнай — выказаць не магу. Але вельмі сумна, што ў нашай краіне адбываюцца такія справы”.

(Іншая спадарыня: ) “Мне цяжка меркаваць, але любое абвінавачаньне, на адрас любога чалавека, мусіць быць падцьверджанае дакумэнтальна”.

(Хлопец: ) “Я думаю, проста так людзей не арыштоўваюць”.

Гэта былі меркаваньні людзей, што не зьвязаныя з прадпрыемствамі, якія ўзначальвалі арыштаваныя кіраўнікі.


XS
SM
MD
LG