Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАСІЛЬ ШЛЫНДЗІКАЎ: ЛЮДЗІ МАГЛІ ПАЙСЬЦІ ЗА ЛЯВОНАВЫМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дэпутат Васіль Шлындзікаў, камэнтуючы для нашага Радыё факт крымінальнага перасьледу Міхаіла Лявонава, на пярэдні плян вылучыў палітыяны бок гэтай справы.

(Шлындзікаў: ) "Мяркую, што асноўнай прычынай ягонага арышту зьяўляецца палітычны чыньнік. Лявонаў па сваёй прыродзе лідэр, важак. І ўлады не маглі не зразумець, што калі гэты важак выставіць свае палітычныя прэтэнзіі, то людзі могуць за ім пайсьці," – лічыць Васіль Шлындзікаў.

Ён згадаў, што Лявонаў неаднойчы і адкрыта крытыкаваў існуючыя эканамічныя парадкі і прапаноўваў істотныя рэфармаваньні ў гэтай галіне. Паводле гэтых прапановаў і таго, што рабіў Лявонаў на МТЗ, Шлындзікаў адносіць яго да прыхільнікаў лібэральнай эканомікі. "Ён стварыў міжнародны клюб дырэктароў, што было б немагчыма без вялікага аўтарытэту ня толькі у краіне, але і за яе межамі," – адзначае Васіль Шлындзікаў. На ягоную думку ўлады вылічылі, што Лявонаў мае вялікі палітычны патэнцыял, і цяпер спрабуюць яго скампрамэтаваць.

Васіль Шлындзікаў не зьдзівіўся таму, што кіраўніцтва Міністэрства прамысловасьці дагэтуль ніяк не абараніла свайго падначаленага, дырэктара найбуйнейшага ў краіне заводу.

(Шлындзікаў: ) "Я так мяркую, што і міністар прамысловасьці Харлап, і іншыя міністры адчуваюць сябе прыблізна ў такім жа становішчы, што і Лявонаў і любы іншы буйны кіраўнік. Іх паводзіны зразумелыя – гэта асьцярожнасьць, перастрахоўка, а часам яны нават здраджваюць маральным прынцыпам дзеля таго, каб не падвяргаць сябе рызыцы. Тое, што адбываецца цяпер у міністэрстве прамысловасьці – гэта з той самай опэры," – лічыць былы дырэктар "Амкадору" Васіль Шлындзікаў.

Паводле яго, страхам сапсаваць кар'еру тлумачыцца пазыцыя міністэрскіх чыноўнікаў адносна былога дырэктара "Атлянту" Калугіна, а цяпер адносна Лявонава. "Чалавек слабы," — заўважае Васіль Шлындзікаў.

Паводле Шлындзікава, грамадская дзейнасцьць Лявонава як кіраўніка міжнароднага клюбу дырэктараў асабіста яму наўрад ці прынясе дывідэнты ў цяперашнім змаганьні з пракуратурай. Шлындзікаў не чакае нейкіх рашучых дзеяньняў корпусу дырэктараў у падтрымку Лявонава, бо, паводле яго, дырэктары беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў ня ёсьць вольнымі людзьмі.

(Шлындзікаў: ) "Дырэктар нават сам ня можа сысьці са сваёй пасады, ён рызыкуе апынуцца пад арыштам, бо сьледчыя адразу пачнуць яго правяраць," – кажа Васіль Шлындзікаў.

Паводле яго, умовы гаспадараньня сёньня такія, што немагчыма нешта не парушаць і ў выніку трывалых перасьледаў кіраўнікоў прамысловасьці можа настаць час, калі ніхто не пажадае стаць дырэктарам дзяржаўнага прадпрыемства. А калі ня знойдуць за што прычапіцца, то прыдумаюць, як гэта адбылося з Андрэем Клімавым, згадвае Шлындзікаў.


XS
SM
MD
LG