Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БАЦЬКА АНДРЭЯ ЗАЙЦАВА ПАТРАБУЕ АД ПРАКУРАТУРЫ ЗНАЙСЬЦІ ВІНАВАТЫХ У СЬМЕРЦІ СЫНА


Казімер Яноўскі, Гомель

Сёньня Зайцаў-старэйшы пацьвердзіў нашаму радыё, што сапраўды зьвярнуўся ў пракуратуру Савецкага раёну з адмысловай заявай.

(Юры Зайцаў: ) “Так, я зьвярнуўся з заявай у пракуратуру з просьбай знайсьці людзей, што спрычыніліся да сьмерці сына”, — паведаміў Юры Зайцаў.

Раней маці Андрэя, Ларыса Мікалаеўна, аднесла ў гэтую ж пракуратуру стужку з запісам тэлефоннай размовы сына і супрацоўніка УКГБ. Прыкладзеная была й копія заявы Андрэя ў Гомельскае аддзяленьне Беларускага Гельсынскага камітэту, напісаная за два дні да сьмерці.

Арыгінал заявы старшыня аддзяленьня БГК спадар Яўсеенка перадаў на рэагаваньне ў абласную пракуратуру. Аднак памочнік пракурора вобласьці Ўладзімер Гаўрыльчык, які да нядаўняга часу сам быў пракурорам, адаслаў заяву Андрэя Зайцава начальніку УКГБ Анатолю Цакуну. Менавіта таму, на чыіх падначаленых скардзіўся Андрэй Зайцаў.

Не сьпяшаецца заводзіць крымінальную справу з прычыны сьмерці Андрэя і пракуратура Савецкага раёну. Ейны пракурор Уладзімер Падсекін у інфармацыйнай праграме мясцовага тэлебачаньня, усьлед за прэсавай службай КГБ, публічна заяўляе пра нейкія адхіленьні ў здароўі Андрэя, пра складанасьці ягонай службы ў войску. Вось што кажа на гэты конт маці Зайцава, Ларыса Мікалаеўна:

(Ларыса Зайцава: ) “Ведаеце, у першай клясе ён два разы быў з траўмай галавы. Тады яго ў дзіцячым узросьце паставілі на ўлік. Гэта задоўга да войска. Пасьля Андрэя зьнялі з уліку. Калі б што было кепска, яго б у войска не ўзялі”.

Бацькі не аднойчы наведвалі Андрэя ў войску і ніхто пра спробы суіцыду нават ня згадваў. А што да нейкіх характарыстык, то іх паходжаньне для бацькоў не зьяўляецца сакрэтам. Андрэй і ў войску выступаў за справядлівасьць і парадак. Сьведчыць Зайцаў-старэйшы:

(Юры Зайцаў: ) “Абураўся Андрэй рознымі прыцясьненьнямі, несправядлівасьцю, пакараньнямі, грубасьцю афіцэраў і прапаршчыкаў, лаянкай. Яму не падабаліся й распараджэньні зь непрыстойнымі словамі”.

Сёньня ж Зайцаў-старэйшы заключыў дамову з адвакатам Дзьмітрыем Іванішкам на юрыдычную дапамогу ў справе расьсьледаваньня загадкавай сьмерці сына і абароны ягоных гонару і годнасьці.


XS
SM
MD
LG