Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ КІРАЎНІК КНГ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ БУДЗЕ ПРЫЗНАЧАНЫ ПРАЗЬ НЕКАЛЬКІ ТЫДНЯЎ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня адбылося першае ў гэтым годзе паседжаньне Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў. На яго запрасілі й выканаўцу абавязкаў старшыні КНГ АБСЭ ў Беларусі Мішэля Рывалье.

Новы старшыня КНГ, паводле інфармацыі Мішэля Рывалье, будзе прызначаны хутчэй за ўсё пры канцы студзеня ці напачатку лютага.

Лідэры палітычных партыяў узгадалі, што першапачаткова імя пераемніка Ганса-Георга Віка павінны былі назваць яшчэ месяц таму і выказалі свае меркаваньні, наконт таго, чаму гэтая працэдура зацягваецца. Гаворыць лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “З аднаго боку, гэта сьведчыць пра асьцярожнасьць эўрапейскіх структураў. З другога боку, як я думаю, пра праблемы, зь якімі яны сутыкнуліся, калі паспрабавалі перафармуляваць, вызначыць наноў стаўленьне да Беларусі пасьля 9 верасьня. Я думаю, што церпіць паразу ідэя, якую можна акрэсьліць як зьмякчэньне пазыцыяў, церпіць паразу спадзеў перавыхаваць рэжым Лукашэнкі праз шчыльнейшыя зь ім кантакты. Яшчэ раз бачна дэманстратыўнае нежаданьне афіцыйнага Менску ісьці на саступкі. Нязгода нават з тэхнічнымі, рабочымі рашэньнямі эўрапейскіх структураў пацьвярджае, што нельга з афіцыйным Менскам разьлічваць на нейкае памякчэньне”.

Адметна, што Мішэль Рывалье сёньня падкрэсліў — функцыі КНГ у Беларусі зьмяняцца ня будуць. Як і чатыры апошнія гады, група будзе аказваць падтрымку ўсім бакам палітычнага працэсу ў Беларусі.

Сёньня ж лідэры апазыцыі абмяркоўвалі праект стратэгічных дзеяньняў апазыцыі ў новых умовах. Дыскусія была працяглай і вострай. Прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіл Пліска, які старшыняваў на паседжаньні, так патлумачыў складанасьці гэтай праблемы:

(Пліска: ) “Мне здаецца, прычынай гэтага зьяўляецца тое, што зараз ідзе асэнсаваньне таго, што адбылося ў 2001 годзе. Розныя партыі па-рознаму гэта ацэньваюць. І выпрацоўваюць нейкія, скажам так, шляхі ўсё ж дасягненьня нейкіх зьменаў. Але я ўпэўнены, што мы прыдзем да нейкай агульнай думкі й прымем узгодненую плятформу нашых далейшых дзеяньняў”.

Сёньня ж апазыцыя абмеркавала і склад дэлегацыі, якая накіруецца ў Страсбург, дзе хутка пачнецца чарговая сэсія Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Паколькі “палата прадстаўнікоў” атрымала запрашэньні аж для пяці дэлегатаў, апазыцыя зьвярнулася да кіраўніцтва Парлямэнцкай Асамблеі з просьбай да трох мандатаў спадароў Лябедзькі, Нісьцюка і Хрусталёвай дадаць яшчэ два — для Вінцука Вячоркі й Сяргея Калякіна.

XS
SM
MD
LG