Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ ЛЯВОНАЎ ДАГЭТУЛЬ ЗНАХОДЗІЦЦА Ў СЬЛЕДЧЫМ ІЗАЛЯТАРЫ, АЛЕ АБВІНАВАЧАНЬНЯ ЯМУ ПАКУЛЬ НЯ ВЫСУНУЛІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

“Мне пра гэта нічога невядома. Паводле маіх зьвестак, Лявонава дагэтуль трымаюць у сьледчым ізалятары. Абвінавачаньне яму яшчэ не прад’яўленае, але на гэта ёсьць яшчэ 8 дзён. Дырэктара МТЗ падазраюць у злоўжываньні службовым становішчам і нядбайнасьці”, — паведаміў Аляксей Таранаў.

Ён дадаў, што пры затрыманьні Лявонаву далі неабходную юрыдычную і мэдыцынскую дапамогу. Паводле Таранава, “лекары агледзелі яго і прызналі, што ягоны стан здароўя задавальняльны”.

Аляксей Таранаў ня ведае, як сябе паводзіць у вязьніцы дырэктар МТЗ. “Пра галадоўкі ці што іншае мне нічога невядома”, — сказаў прэсавы сакратар рэспубліканскай пракуратуры Аляксей Таранаў.

Тым часам на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Камітэту дзяржкантролю былі агалошаныя вынікі нядаўняй праверкі МТЗ. Паводле начальніка галоўнага ўпраўленьня кантролю за зьнешнеэканамічнай дзейнасьцю спадара Ярашэўскага, незаконнымі гандлёвымі апэрацыямі на МТЗ “дзяржаве былі нанесеныя страты ня менш як на 4 мільёны даляраў”, — гэтак паведамляе агенцыя “Інтэрфакс”. Між тым, нагадаю заяву прэсавага сакратара МТЗ Вадзіма Біцана, паводле якога незаконныя гаспадарчыя апэрацыі пры Лявонаве былі немагчымыя.

(Біцан: ) “Зрэшты, ён тут усіх папярэджваў, што ўсё павінна быць законна. Казаў, што не пацерпіць ніякіх незаконных дзеяньняў. Магчыма, ён мог у нечым памыліцца, але гэта могуць быць толькі дробныя памылкі, бо ўсе кантракты правяралі экспэрты й спэцыялісты”, — паведаміў нашаму радыё прэсавы сакратар МТЗ Вадзім Біцан.

Вадзіму Біцану невядома пра тое, каб на МТЗ рабочыя ці спэцыялісты рыхтавалі нейкія акцыі ў абарону дырэктара. Затое паводле дасьведчаных крыніцаў сёньня ў Менску на адным з прадпрыемстваў прайшла закрытая сустрэча дырэктараў і былых дырэктараў буйных прадпрыемстваў. Сьцьвярджаецца, што ў сустрэчы ўдзельнічалі больш за 20 кіраўнікоў, яны абмяркоўвалі падзеі вакол дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава.

XS
SM
MD
LG