Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША Ў СЯРЭДНЯЙ АЗІІ НАДОЎГА


Мікола Іваноў, Прага

Ужо сёньня амэрыканскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі чатырох сярэднеазіяцкіх краінаў: Кыргізстану, Узбэкістану і Таджыкістану, а таксама ў самім Афганістане.

У Кыргізстане амэрыканскія вайсковыя спэцыялісты будуюць вялікую трапспартную базу, здольную прыняць да 3 тыс. жаўнераў, а таксама баявыя самалёты і дапаможную авіяцыю.

Ва Ўзбэкістане амэрыканскія вайсковыя будаўнікі мадэрнізуюць былую савецкую ваенную базу, паляпшаюць стан узьлётных палосаў, асьвятленьня, сувязі, складскіх памешканьняў і казармаў. Усё гэта сьведчыць аб тым, што амэрыканцы зьбіраюцца знаходзіцца ў Сярэдней Азіі доўга, альбо быць здольнымі хутка перакідваць сюды дадатковыя аддзелы войску.

“Праца яшчэ далёка ня скончаная, – лічыць адмірал Грэг Квіглей, прэсавы сакратар Вярхоўнага амэрыканскага камандваньня ў горадзе Тампа, Флорыда. – Вельмі важна, напрыклад, працягваць будаваць аэрадромы ў розных мясцовасьцях вакол Афганістану, якія зь цягам часу змогуць выконваць такія розныя функцыі, як правядзеньне баявых апэрацыяў, мэдычнае абслугоўваньне, аказаньне гуманітарнай дапамогі”.

Іншым сьведчаньнем таго, што амэрыканцы тут уладкоўваюцца надоўга, зьяўляецца факт, што армія пачала практыкаваць тактыку ратацыі войскаў. Звычайна іх замяняюць праз кожныя 3-6 месяцаў.

Кіраўніцтва амэрыканскай арміі лічыць, што доўгатэрміновая прысутнасьць вайсковых аддзелаў патрэбная для павелічэньня тэхнічнай падтрымкі і супрацоўніцтва з саюзьнікамі Амэрыкі ў рэгіёне.

На думку віцэ-міністра абароны ЗША Поля Вольфавіца, гэтая функцыя амэрыканскай арміі хутчэй палітычная, чымся вайсковая.

Пастанова Пэнтагону надоўга ўладкавацца ў Сярэдняй Азіі сьведчыць аб карэннай зьмене курсу прэзыдэнта Джорджа Буша, які падчас перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі крытыкаваў адміністрацыю прэзыдэнта Клінтана за празьмернае выкарыстаньне амэрыканскіх войскаў у замежжы.

Шматлікія ваенныя аналітыкі лічаць, што амэрыканская прысутнасьць вакол Афганістану патрэбная ў сувязі з тым, што часовы ўрад краіны наўрад ці здольны выкараніць рэшткі атрадаў Талібану і Аль Кайды, а міжнародныя міратворцы пад кіраўніцтвам брытынцаў выразна разьлічваюць на амэрыканскую баявую падтрымку.

Ёсьць праўда небясьпека, што доўгатэрміновае знаходжаньне амэрыканскіх войскаў у рэгіёне можа выклікаць незадавальненьне Кітаю і Расеі, а таксама выклікаць незадавальненьне саміх афганцаў.

Найбольш выразным сымбалем намеру амэрыканцаў надоўга ўладкавацца ў Афганістане зьяўляецца прыбыцьцё ў аэрапорт Кандагару 101-й авіядэсантнай дывізіі, якая замяніла тут каля 1500 жаўнераў марской пяхоты.

У адрозьненьне ад марской пяхоты армейскія часткі прызначаныя для доўгатэрміновага базаваньня на месяцы, магчыма, на гады.

У раёне Кандагарскага аэрапорту 101-я дывізія мае намер пабудаваць своеасаблівы “горад у скрыні”, які будзе мець усе неабходныя аўтаномныя сыстэмы жыцьцязабясьпячэньня і які будзе здольны прыняць сотні жаўнераў.

Падобныя “гарады” ствараюцца таксама на авіябазе Баграм на поўнач ад Кабулу і ў авіябазе Ханабад ва Ўзбэкістане, дзе знаходзяцца да 1000 жаўнераў 10-й горнай дывізіі арміі ЗША.

XS
SM
MD
LG