Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ РАСПАЧАЎСЯ РАЗГЛЯД АДМІНІСТРАЦЫЙНАЕ СПРАВЫ ВІКТАРА КАРНІЕНКІ


Казімір Яноўскі, Гомель

Судзьдзя Ганна Новік зачытала адміністрацыйны пратакол, складзены галоўным інспэктарам падатковай інспэкцыі Чыгуначнага раёну спадарыняй Карцялёвай. У ім сказана, што Віктар Карніенка як старшыня “Грамадзянскіх ініцыятываў” дапусьціў выкарыстаньне кампутараў, атрыманых ад міжнародных фондаў у выглядзе гуманітарнай дапамогі, для арганізацыі незалежнага назіраньня на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэтым самым парушаны дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі №8.

Падатковая інспэкцыя нібы пад кальку склала адміністрацыйны пратакол на Віктара Карніенку. Акурат такі ж пратакол два тыдні таму разгледзела судзьдзя Ганнай Новік у дачыненьні кіраўніка моладзевага цэнтру “Гарт” Сяргея Адзінца.

Кампутарную тэхніку “Грамадзянскіх ініцыятываў”, як і “Гарту”, сканфіскавала мясцовае ўпраўленьне КГБ незадоўга да мінулых выбараў прэзыдэнта.

У абодвух выпадках упраўленьне КГБ і сьледчы камітэт дасылалі ў падатковую інспэкцыю Чыгуначнага раёну Гомеля лісты пра нібыта парушэньне дэкрэту №8. Падаткоўцы складалі акты праверак грамадзкіх арганізацыяў, у якіх спасылаліся на меркаваньне УКГБ і сьледчага камітэту. Пасьля ўжо яны афармлялі пратаколы адміністрацыйных парушэньняў і накіроўвалі ў суд. Такая вось мэханіка з падачы УКГБ пазбаўленьня грамадзкіх арганізацыяў кампутарнай тэхнікі.

У судзе Віктар Карніенка выказаў хадайніцтва пра неабходнасьць юрыдычнай дапамогі, у сувязі з чым разгляд справы перанесьлі на 14 студзеня. Але адносна выраку суду спадар Карніенка ілюзіяў ня мае. Вось што ён распавёў нашаму радыё:

(Карніенка: ) “Галоўнае, для чаго патрэбны, і мне ў тым ліку, цяперашні працэс — гэта яшчэ раз паказаць, якія абсурдныя высунулі на наш адрас абвінавачаньні. Я спадзяюся на падтрымку здаровых сіл грамадзтва, журналістаў. Усё, што да вынікаў разьбіральніцтва — безумоўна, яны прадказальныя”.

Нагадаю слухачам, што на падставе таго ж дэкрэту №8 судзьдзя Ганна Новік 27 сьнежня пастанавіла сканфіскаваць кампутарную тэхніку моладзевага цэнтру “Гарт” і аштрафавала ягонага кіраўніка спадара Адзінца на 1 мільён рублёў.

У справе Віктара Карніенкі ў судзьдзі Новік ёсьць ня меншая магчымасьць, бо паводле дэкрэту Лукашэнкі чалавека можна аштрафаваць і на 300 мінімальных заробкаў, што адпавядае 3 мільёнам рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG