Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК ПЕРАШКАДЖАЕ ПРЫЗНАЧЭНЬНЮ НОВАГА КІРАЎНІКА КНГ АБСЭ


Алена Панкратава, Менск

Ад пераезду нямецкай сталіцы на ўсход, у Бэрлін, Нямеччына, паводле аналітыкаў, адыгрывае вядучую ролю ва ўсталяваньні эўрапейска-беларускіх стасункаў. На думку экспэртаў, кандыдатура нямецкага дыплямата Эбэргарда Хайкена на пасаду кіраўніка місіі АБСЭ ў Беларусі не выпадковая.

Аднак, як паведаміла нашаму радыё крыніца ў Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны, пытаньне з прызначэньнем ня вырашанае выключна ў зьвязку з тымі ўмовамі, які выстаўляе Эўропе афіцыйны Менск. На пытаньне: “Ці азначае гэта тое, што дзеяньні місіі ў Беларусі могуць быць увогуле спыненыя?”, быў наступны адказ:

(Крыніца зь нямецкага МЗС: ) “Пра няўдачу гаварыць пакуль што рана. Ёсьць надзея, што пытаньне ўсё ж будзе канчаткова вырашанае на працягу бліжэйшых месяцаў, да канца сакавіка”.

Дзеля таго, каб паскорыць працэс, у Нямеччыне пройдуць некалькі адказных мерапрыемстваў з удзелам палітычнага істэблішмэнту Беларусі й Нямеччыны. У адным зь іх, якое пройдзе на пачатку лютага ў Кёльне, зьбіраецца браць удзел беларускі міністар Міхаіл Хвастоў, а таксама адказныя чыноўнікі нямецкага МЗС, прадстаўнікі эўрапейскіх структураў.

Паводле палітычнага аглядальніка Гесэнскага Радыё Райнгарда Лаўтэрбаха, эўрапейскіх палітыкаў непакоіць тое, што Беларусь чарговы раз спрабуе ставіць свае ўмовы ў гэтым пытаньні й гэтак адысьці ад кампрамісаў.

(Лаўтэрбах: ) “Відавочна, Аляксандар Рыгоравіч хоча як мага больш абмежаваць мандат, а таксама абмежаваць кампэтэнцыі групы АБСЭ ў Беларусі. Тое, што беларускае пытаньне зараз усё часьцей артыкулюецца ў Нямеччыне — не выпадкова. Трэба вырашаць, як быць далей з гэтай місіяй”.

Франкфурцкі журналіст Райнгард Лаўтэрбах, перакананы, што нягледзячы на апошнія заявы беларускага міністра Хвастова адносна зьмены фармату для місіі АБСЭ ў Менску, гэты фармат наўрад ці будзе мяняцца. Гэта пытаньне палітычнага прэстыжу АБСЭ, дый сам Лукашэнка, ведаючы цяперашняе стаўленьне да яго з боку расейскага кіраўніцтва, разумее: наўрад ці магчыма надалей працягваць мінулую палітычную лінію.

Што да меркаваньняў нямецкіх палітыкаў адносна магчымых зьменаў мандату КНГ АБСЭ ў Беларусі, то яны ў асноўным падзяляюць меркаваньне дэпутата Бундэстагу і Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродтэр:

(Шродтэр: ) “Мы зыходзім з таго, што місія АБСЭ ў Беларусі захаваецца надалей, што яе мандат будзе залежаць ад рашэньня АБСЭ, а не ад Лукашэнкі”.

Паводле нямецкіх назіральнікаў, бадай, адзіны палітык у краіне, які пазьбягае што-небудзь гаварыць на гэтую тэму — гэта дыплямат Эбэргард Хайкен. Ён размаўляе па тэлефоне толькі з добра знаёмымі нямецкімі журналістамі — дый тое толькі праз сакратарку. Да канчатковага рашэньня Хайкен не зьбіраецца даваць якіх-небудзь інтэрвію. Як лічаць назіральнікі, ён значна больш асьцярожны за свайго папярэдніка Віка.

Што да былога кіраўніка місіі Ганса-Георга Віка, то ў сваім апошнім інтэрвію для “Frankfurter Rundschau” нямецкі дыплямат заявіў, што праца ў Менску была бадай самай складанай у ягонай кар’еры. Папрацаваўшы амбасадарам у Маскве, Тэгеране, Дэлі, а таксама пяць гадоў на пасадзе кіраўніка нямецкай выведкі BND, прадстаўніка Нямеччыны ў НАТО, тры гады на пасадзе дарадцы грузінскага прэзыдэнта Шэварднадзэ, ён лічыць свой менскі пэрыяд самым няўдзячным у кар’еры.

На думку Віка, кансультацыі ў пытаньнях разьвіцьця дэмакратыі, правядзеньня вольных выбараў і гэтак далей ва ўмовах дыктатуры — гэта тое, што ніколі не сустрэне паразуменьня з боку беларускага лідэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG