Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ЗЬБІРАЕЦЦА ДАЛУЧЫЦЦА ДА ЛІСАБОНСКАЙ КАНВЭНЦЫІ АБ НАСТРЫФІКАЦЫІ


Міхал Стэльмак, Менск

Ініцыятарам далучэньня Беларусі да Лісабонскай Канвэнцыі, якая прадугледжвае ўзаемнае прызнаньне дакумэнтаў аб вышэйшай адукацыі, стала Міністэрства адукацыі. Камэнтуючы гэтае рашэньне нашаму Радыё, галоўны інспэктар міністэрства Лазар Жаваранкаў зазначыў:

(Жаваранкаў: ) “Сыстэмы адукацыі ў кожнай краіне розныя. І калі наш грамадзянін зь незавершанай адукацыяй прыяжджае ў іншую краіну, ён можа падаць там дакумэнт, што вывучаў дома такія й такія прадметы. І новая краіна можа прыняць такога грамадзяніна на другі ці трэці курс для працягу адукацыі. Гэта ж тычыцца і дыплямаваных асобаў. У выпадку адмовы краіна мусіць даказаць, што ня можа прызнаць такога спэцыяліста на падставе канкрэтнай прычыны. Ужо больш як 50 краінаў далучыліся да Лісабонскай Канвэнцыі”.

Ухваляюць далучэньне да Канвэнцыі й прадстаўнікі вышэйшых навучальных установаў. Напрыклад, кіраўнік упраўленьня міжнародных сувязяў Белдзяржунівэрсытэту Аляксандар Рухля прагназуе, што дыплёмы выпускнікоў БДУ будуць прызнаваць у многіх краінах Эўропы.

(Рухля: ) “Перш за ўсё інфарматыка — нашы ўнівэрсытэцкія праграмісты. Усе праграмісты, што паехалі за мяжу з прызнаньнем ці без прызнаньня дыплёмаў, знаходзяцца на вельмі добрых пасадах. Вялікая група іх узначальвае лябараторыі ў Канадзе, Штатах, Нямеччыне. Фізыка, якая выкладаецца ў нас на высокім узроўні, фізыка паўправаднікоў, хімія — гэта тыя кірункі ведаў, дзе нашы дыплёмы за мяжой будуць прызнавацца лёгка. За выпускнікамі БДУ цяпер гонка”, — паведаміў Аляксандар Рухля.

Экспэрты прагназуюць, што далучэньне Беларусі да Лісабонскай Канвэнцыі можа справакаваць яшчэ большы адток спэцыялістаў у сфэры дакладных навук і інфармацыйных тэхналёгіяў. Зрэшты, ёсьць у Беларусі й вялікая катэгорыя спэцыялістаў, чые дыплёмы наўрад ці дапамогуць іхным уладальнікам знайсьці працу ў Эўропе. Вось што мяркуе на гэты конт спадар Рухля:

(Рухля: ) “На жаль, такія дысцыпліны як філязофія, гісторыя, палітычная эканоміка — я баюся кагосьці тут пакрыўдзіць, але мне здаецца, што гэтыя навукі ня дасягнулі належнага ўзроўню. Таму па гэтых навуках я б і не сьпяшаўся прызнаваць нашыя дыплёмы”, — зазначыў Аляксандар Рухля.


XS
SM
MD
LG