Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЁС ДЫРЭКТАРА МТЗ ЛЯВОНАВА ДАГЭТУЛЬ ЗАСТАЕЦЦА НЯПЭЎНЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пракуратура Беларусі дагэтуль не паведаміла пра якое-колечы афіцыйнае абвінавачаньне затрыманаму яшчэ пазаўчора дырэктару МТЗ Міхаілу Лявонаву. Увесь дзень тэлефон прэсавай службы пракуратуры маўчыць, і самі супрацоўнікі пракуратуры не рабілі наконт Лявонава ніякіх заяваў.

Тым часам зьявіліся зьвесткі, быццам Лявонава выпусьцілі на волю пад падпіску пра нявыезд. Пра гэта, але без афіцыйнага пацьверджаньня, сказаў прэсавы сакратар МТЗ Вадзім Біцан.

(Біцан: ) “Зьявіліся чуткі, што яго пад падпіску выпусьцілі на волю, але спраўдзіць гэта не ўдаецца. Ягоны хатні тэлефон маўчыць, як і мабільны, які, хутчэй за ўсё, у яго адабралі”, — сказаў нашаму радыё прэсавы сакратар МТЗ Вадзім Біцан.

“Завод правяраюць ужо два гады, апошнія тры месяцы праверкі бесьперапынныя, але нічога істотнага не знайшлі й ня знойдуць, бо нічога няма”, — кажа спадар Біцан, які перакананы, што ўрэшце ўлады вымушаныя будуць адпусьціць дырэктара МТЗ Лявонава.

(Біцан: ) “Ён тут папярэджваў усіх, што ўсё павінна быць законна. Казаў, што не пацерпіць ніякіх незаконных дзеяньняў. Магчыма, ён мог у нечым памыліцца, але гэта могуць быць толькі дробныя памылкі, бо ўсе кантракты правяраліся экспэртамі й спэцыялістамі”, — мяркуе прэсавы сакратар МТЗ.

Паводле Вадзіма Біцана, Лявонава сапраўды зьнялі зь цягніка , на якім той ехаў у Маскву на кансультацыю да лекараў, а ў тое, што ў дырэктара МТЗ былі фальшывыя дакумэнты, прэсавы сакратар ня верыць і дадае, што на заводзе ў гэта ніхто ня верыць.

“Лявонаў дзясяткі разоў быў за мяжой, пры жаданьні мог зьбегчы куды заўгодна, навошта яму ехаць у Маскву з фальшывым пашпартам? Гэта ўсё плёткі, каб скампрамэтаваць чалавека, які ня можа абвергнуць хлусьню”, — кажа Вадзім Біцан.

Ён зьвяртае ўвагу на тое, што ператрусы ў кабінэце дырэктара МТЗ былі ўжо пасьля таго, як зьявілася інфармацыя пра ягонае затрыманьне. “Магчыма, пракуратуры давялося пасьпешна рэагаваць на тое, што ў мэдыі трапіла непажаданая для ўлады інфармацыя. Таму затрыманьне яны пацьвердзілі, а абвінавачаньне — не. Бо няма ў чым абвінавачваць”, — мяркуе прэсавы сакратар МТЗ.

На пасьпешлівасьць, зь якой пракуратура краіны абгрунтоўвала затрыманьне дырэктара самага славутага прадпрыемства краіны, зьвярнулі ўвагу многія. У прыватнасьці, журналісты адзначаюць, што ў афіцыйным паведамленьні пракуратуры пераблытаныя нумары артыкулаў, паводле якіх падазраецца Лявонаў.

Называлі 166 і 168 артыкулы, якія насамрэч прадугледжваюць адказнасьць не за злоўжываньне службовым становішчам ды нядбайнасьць, а за сэксуальныя злачынствы. Аднак у гэтым Лявонава ніколі не падазравалі. Пракуратура ня лічыць гэта памылкай і спасылаецца на стары Крымінальны кодэкс. Між тым, відавочна, што падобныя казусы магчымыя толькі ў аўральных умовах.

Вядучыя палітыкі таксама адзначаюць аўральны характар апошніх арыштаў дырэктараў буйных прадпрыемстваў у Беларусі.

“Безумоўна, што без каманды з самага верху не абышлося”, — перакананы сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец. Ён лічыць, што “выпадак зь Лявонавым — прыклад чарговай “зачысткі” напярэдадні падзелу найлепшых беларускіх прадпрыемсваў расейскім капіталам… 8 гадоў Лукашэнка гэтак жа аўральна зьнішчаў палітыкаў, банкіраў, цяпер узяўся за дырэктараў дзяржаўных заводаў. Ён проста выконвае адзін і той жа загад на зьнішчэньне структураў незалежнай Беларусі”, — лічыць адказны прадстаўнік БНФ.

А вось лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч заклікае не шукаць у гэтым затрыманьні вялікай палітыкі. “Ёсьць дзьве тэндэнцыі. Першая — рэпрэсіўнаму апарату трэба новая ахвяра. Другое — у Беларусі немагчыма працаваць, не парушаючы законаў. Гэтыя дзьве тэндэнцыі чарговы раз супалі, і ахвярай стаў дырэктар МТЗ. Заўтра будзе хто іншы. Бяз гэтага тая заганная сыстэма, якую стварыў Лукашэнка, існаваць проста ня можа”, — лічыць Мікола Статкевіч.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG