Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФЭСТЫВАЛЬ “ЗАЛАТЫ ШЛЯГЕР” ЦЯПЕР БУДЗЕ ЛАДЗІЦЦА НЯ КОЖНЫ ГОД


Альгерд Невяроўскі, Менск

Леанід Гуляка сёньня сустракаўся з журналістамі з нагоды нядаўняга ўручэньня прэміяў “За духоўнае адраджэньне”, аднак пытаньні, на якія ён адказваў, тычыліся больш шырокага кола праблемаў культуры.

Так, ляўрэатка прэміі “За духоўнае адраджэньне”, дырэктарка менскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна Натальля Чуева доўга дзякавала ўладам за клопат пра бібліятэкараў — маўляў, вось і сьвята прафэсійнае ім прызначылі, Дзень бібліятэкара. Аднак заробак тых жа бібліятэкараў і ўвогуле працаўнікоў культуры — адзін з самых нізкіх у Беларусі.

У многіх раёнах сельскія бібліятэкі фактычна зьнікаюць ці аб’ядноўваюцца зь іншымі ўстановамі, мясцовыя ўлады не выдаткоўваюць ім сродкаў для падпіскі на пэрыядычныя выданьні — асабліва беларускамоўныя, літаратурнага й культурнага характару. Гаворыць Ленід Гуляка:

(Гуляка: ) “Ёсьць сыстэма, калі бібліятэкі сёньня аб’ядноўваюцца. Са школьнымі бібліятэкамі, з клюбамі — гэта нармальная сытуацыя. У залежнасьці ад таго, колькі чытачоў там ёсьць, колькі насельніцтва там жыве.

Што тычыцца падпіскі на выданьні... Я магу з вамі пагадзіцца, што падпісваецца недастаткова пэрыядычных выданьняў ва ўсіх бібліятэках — і ў сельскіх, і нават у раённых. Гэта залежыць ад фінансавых магчымасьцяў, і залежыць ад адносінаў мясцовай улады. Таму гэта клопат ня толькі Міністэрства культуры, але й мясцовых уладаў”.

Міністар культуры таксама прызнаў, што ўлады выдаткоўваюць вельмі мала сродкаў на фінансаваньне культуры (1,8% ад даходнай часткі дзяржаўнага бюджэту на 2002 год. Менш выдзяляецца толькі на сацыяльную абарону). Аднак, паводле Леаніда Гулякі, гэта ўсё роўна значна больш, чым у Расеі, Украіне ды іншых краінах СНД. Леанід Гуляка абяцае, што і ў такіх умовах міністэрства будзе падтрымліваць культуру на належным узроўні. Так, Міністэрства культуры будзе й надалей фінансаваць выданьне часопіса “Мастацтва”, які раней хацелі аб’яднаць зь іншым выданьнем.

Міністар культуры таксама сказаў, што будуць перагледжаныя некаторыя падыходы да правядзеньня песенных фэстываляў, у прыватнасьці, да штогадовага магілёўскага фэстывалю “Залаты шлягер”, у якім бяруць удзел пераважна былыя эстрадныя зоркі з Расеі:

(Гуляка: ) “Я ня ўпэўнены, што фэстываль “Залаты шлягер” мы будзем праводзіць кожны год. “Славянскі базар” будзем праводзіць кожны год, “Залаты шлягер” ня будзем праводзіць штогод. Бо практыка паказала, што трэба да яго мяняць падыходы. Там адныя й тыя ж людзі, адной і той жа рэпэртуар, адныя й тыя ж творчыя кірункі”.

Леанід Гуляка таксама паведаміў, што сёлета зь бюджэту выдаткавана 2 мільёны даляраў на здымкі чатырох новых мастацкіх фільмаў. Амаль палова гэтай сумы (каля 1 мільёна) пойдзе на здымкі фільма “Анастасія Слуцкая”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG