Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТАРАТУРА БЕЛАРУСКАГА ЗАМЕЖЖА: ШЛЯХ ДА БАЦЬКАЎШЧЫНЫ


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Лідзія Савік, Зінаіда Кадняк, Вольга Сяднёва, Яніна Каханоўская.

Тэма сёньняшняй перадачы ўзьнікла з нагоды выхаду ў выдавецтве “Тэхналёгія” ў Менску кнігі Лідзіі Савік пра літаратараў беларускага замежжа пад назваю “Пакліканыя”. Выданьне гэтай кнігі як бы падсумоўвае шлях да чытача на Бацькаўшчыне твораў эмігранцкіх пісьменьнікаў, якія у савецкія часы былі забароненыя. Аўтар паспарбавала з навуковага гледзішча асэнсаваць значнасьць эмігранцкай літаратуры паваеннага часу ў агульным кантэксьце разьвіцьця нацыянальнай культуры і тым самым трывала замацаваць яе месца ў культурнай скарбніцы беларускага народу.

Кніга зьяўляецца вынікам шматгадовай дасьледчыцкай працы, якая праводзілася як плянавая навуковая тэма Інстытуту літаратуры НАН Беларусі, дзе працуе аўтарка. Але зь пераменай палітычнай сытуацыі у краіне выдаць яе ў дзяржаўным выдавецтве не ўдалося. Яна надрукавана прыватнай структураю на сродкі беларусаў Вялікабрытаніі.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Лідзія, як пачыналася ваша праца па вяртаньні літаратурнай спадчыны замежжа?”

(Савік: ) “У канцы 80-пачатку 90-х гадоў мы пачалі вельмі грунтоўна вывучаць літаратуру 20-30 гадоў, асабліва рэпрэсаваных пісьменьнікаў. Тады нас, дасьледчыкаў пусьцілі да архіваў КДБ. Мы ж таксама, літаратары, ня ведалі, што ў нас існуе вялікі пласт літаратуры замежжа. А калі мы дайшлі да арахіваў КДБ, то я пра многіх стала знаходзіць зьвесткі. Калі Беларусь атрымала незалежнасьць, хлынула шмат артыкулаў і некаторыя пісьменьнікі – Сяднёў, Золак і іншыя прыяжджалі на Радзіму, тады стала магчымым чытаць іхныя творы. Мне ўдалося пабываць у ЗША, і я там пачала знаёміцца бліжэй з творчасьцю гэтых пісьменьнікаў. А потым ужо ў Інстытуце літаратуры была заплянаваная такая тэма “Літаратура беларускага замежжа”. Я проста сказала, што неабходна нам гэтую літаратуру ўводзіць у наш абыходак. Украінцы ўжо ўсё павыдавалі, рускія павыдавалі сваіх эмігрантаў. Удалося таксама паехаць у Лёндан у Скарынаўскую бібліятэку. Я там пералапаціла ўсю літаратуру беларускага замежжа, часопісы, газэты, кнігі. Яны шмат выдавалі, друкавалі”.

(Карэспандэнт: ) “Як успрымалася Вашая актыўнасьць у навуковым асяродзьдзі?”

(Савік: ) “Насьцярожана. Паколькі многія не чыталі гэтых твораў, ня ведаюць іхных трагічных лёсаў, што яны былі рэпрэсаваныя, лічылася, што раз яны зьехалі, то гэта здраднікі. Але многія нашы пісьменьнікі, якія добра ведалі літаратурныя працэсы, з разуменьнем ставіліся да гэтага і лічылі, што неабходна як мага хутчэй вярнуць усю гэтую спадчыну. Тады яшчэ Барыс Сачанка выдаў “Тугу па Радзіме”, зьявіліся артыкулы ў газэтах, часопісах, выйшлі асобныя кніжкі Золака, Арсеньневай. Потым, як сытуацыя зьмянілася, тэму я пасьпела ўжо напісаць. Пяць гадоў праляжала гэта кніга бяз руху, выдаць было немагчыма”.

(Карэспандэнт: ) “Лёс тых творцаў, пра каго напісана ў кнізе, быў на чужыне часта драматычны. Гаворыць Зінаіда Кадняк з Мэльбурну – удава паэта Алеся Салаўя, заўчасна памерлага ў Аўстраліі”.

(Кадняк: ) “Яго толькі адно цікавіла – пісаць. У такіх абставінах, як ён быў, трэба было працаваць, як ён казаў “на хлеб штодзённы”. Я ўвесь час думала, што як ён дажыве да пэнсіі і ня будзе працаваць, ён ізноў возьмецца пісаць, але якраз да гэтага часу ён не дажыў, ад сэрца памёр. Перажываньні адбіліся на ягоным здароўі. Ён толькі хацеў пісаць, працу фізычную ён не любіў і таму яму ўдвая было цяжэй. Ён ня мог зьмірыцца з гэтым, пачаў піць. Быў выхад – паехаць у Амэрыку. Антон Адамовіч там быў, яны хацелі яго сьцягнуць у Амэрыку, але ён ужо не хацеў зьмяняць жыцьцё і кудысьці ехаць”.

(Карэспандэнт: ) “Вернемся да размовы зь Лідзіяй Савік. Сп. Лідзія, як Вы ацэньваеце значнасьць замежнай беларускай літаратуры ў агульнай плыні нацыянальнай літаратуры?”

(Савік: ) “Глыбока вывучыўшы літаратуру, крытычныя артыкулы, мэмуары, я лічу, што гэта сапраўдная нацыянальная літаратура ў адрозьненьне ад савецкай беларускай літаратуры. Пісьменьнікі тут, канечне, аддавалі даніну часу, савецкай уладзе, ідэалёгіі. А там пісьменьнікі былі вольныя. Яны стваралі беларускую нацыянальную літаратуру і ўнесьлі неацэнны ўклад у наш сучасны літаратурны працэс. Увесь час яны прапагандавалі беларускую нацыянальную ідэю. Вось у чым яе асноўная каштоўнасьць для усёй нашай літаратуры і гісторыі. Яна дапоўніла тое, што не маглі нашы пісьменьнікі пісаць з-за ідэалягічных установак. Беларуская замежная літаратура вельмі сьмела выступала ў абарону беларускасьці, захаваньня нашай нацыянальнай адметнасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Найперш з гэтай прычыны і не дапускаліся за савецкім часам ў Беларусь творы замежных пісьменьнікаў. Выдадзеныя ў замежжы, яны не даходзілі да чытача на Радзіме. Гаворыць Вольга Сяднёва – удава пісьменьніка Масея Сяднёва, які жыў у ЗША”.

(Сяднёва: ) “Ведаеце, у яго яшчэ была праблема – ён выдаў кніжкі тут, а яны не разышліся. Стараўся, каб паслаць. Гэта “Корзюк” , “І той дзень надышоў”. Калі б была нейкая магчымасьць распаўсюдзіць іх, без ніякай узнагароды, каб толькі ўзялі”.

(Карэспандэнт: ) “А за якія сродкі выдаваліся гэтыя кніжкі?”

(Сяднёва: ) “За свае грошы, пазьней яму трошкі вярталася, але многа каштавала пошта. Гэта былі стратныя рэчы для нас вельмі. Асабліва, калі ён прыехаў сюды ў Амэрыку, тады ён чатыры кніжкі выдаў за два гады. Усе нашыя грошы пайшлі на гэта, нават дом сабе не купілі”.

(Карэспандэнт: ) “Лідзія Савік працягвае закранутую тэму”.

(Савік: ) “Я якраз працавала з архівам Масея Сяднёва. Увесь ягоны кабінэт загружаны кнігамі, якія ён выдаваў за свой кошт, выдатна выдадзеныя. Мы яшчэ тады ставілі пытаньне перад нашым міністэрствам замежных спраў, каб нейкім чынам праз амбасады паслаць гэтыя кнігі на Бацькаўшчыну, яны тут вельмі патрэбныя, іх бы тут чыталі. Ёсьць больш-менш поўны збор гэтых твораў у Нацыянальнай бібліятэцы, куды сп. Кіпель дасылае пачкі, а ў астатніх бібліятэках іх ня знойдзеш”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Лідзія , вернемся да Вашай кнігі”.

(Савік: ) “Больш за 400 старонак у ёй, 9 разьдзелаў прысьвечаныя найбольш таленавітым паэтам беларускага замежжа, гэта – Натальля Арсеньнева, Уладзімер Дудзіцкі, Хведар Ільяшэвіч, Янка Золак, Міхась Кавыль, Клішэвіч, Рыгор Крушына, Алесь Салавей, Масей Сяднёў.
Я буду працаваць далей. Ёсьць выдатныя празаічныя творы, цікавыя мэмуары, літаратуразнаўчыя працы. Я хачу выдаць другую частку гэтай кнігі “Проза, мэмуарыстыка, публіцыстыка”.

(Карэспандэнт: ) “А як зараз з выданьнем твораў асобных пісьменьнікаў?”

(Савік: ) “Мне ўдалося падрыхтаваць том Натальлі Арсеньневай – поўны, можна сказаць, збор яе твораў. Гэты том хутка павінен выйсьці ў сэрыі “Беларускі кнігазбор”. Гэта будзе сапраўдны помнік Натальлі Арсеньневай таму, што “Беларускі кнігазбор” уключае ўсё лепшае, што створана ў беларускай літаратуры”.

(Карэспандэнт: ) “Шлях да чытача для твораў Натальлі Арсеньневай быў бадай што найбольш складаны, яе імя асабліва нэгатыўна ўспрымалася камуністычнымі ўладамі. А што думала яна сама, ці хацелася ёй бачыць свае выданьні ў Беларусі? Гаворыць Яніна Каханоўская зь Нью-Ёрку – бліжэйшая сяброўка паэткі”.

(Каханоўская: ) “Пэўна, што хацела. Безумоўна, калі б ведала, што Лукашэнка – можа, і не вельмі хацела б. Бедная Натальля Арсеньнева, такая яе сьмерць была цяжкая, нельга сказаць, што дачасная, але ўсё ж магла быць больш дагледжаная. Была ўжо глухая, сьляпая, вельмі цяжка ёй было, трапіла ў кому, тры дні ляжала і памерла. Гэта была надзвычайная жанчына і надзвычайны паэт, яе яшчэ ацэняць з гадамі, вельмі своеасаблівая яе паэзія. Яна шмат перажыла і непрыемнасьцяў, і расчараваньняў. Яна так і ведала: “Як я памру, тады пра мяне напішуць, а пакуль жыву, то – ніхто, толькі плююць усе”.

(Карэспандэнт: ) “Некаторым пісьменьнікам яшчэ пры жыцьці выпала дачакацца прызнаньня на Бацькаўшчыне. Некалькі разоў наведаў Радзіму Масей Сяднёў. Ізноў гаворыць Вольга Сяднёва”.

(Сяднёва: ) “Яго добра прынялі там, ён быў узрадаваўся, але пасьля ён расчараваўся, некаторыя людзі адхінуліся. Раней ён заўсёды з ахвотаю ехаў, каб на пару тыдняў, месяц. А пасьля ўжо не хацеў. Ён вельмі перажываў, што беларусы трацяць мову, незалежнасьць. Ён меў да беларусаў нейкую прэтэнзію, што яны не ўхапіліся за гэты момант і не сталі працаваць у гэтым напрамку, у іх тэндэнцыя ўвесь час да Масквы, а ён хацеў, каб Беларусь была незалежнаю. Ён прыняў усё з адкрытай душой, а калі пайшло ў другі напрамак, ён зрабіўся пэсымістам, гаварыў, што нічога ня будзе, незалежнасьці ня будзе, а ён гэтага вельмі жадаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці не перарвецца сёньня шлях да Бацькаўшчыны творчых набыткаў беларускай эміграцыі, які так плённа распачаўся з надыходам новага беларускага адраджэньня? Ізноў гаворыць Лідзія Савік – дасьледчыца замежнай беларускай літаратуры”.

(Савік: ) “Гэты шлях ня можа перарвацца. Калі афіцыйныя ўлады, дзяржава – ім гэта не патрэбна, як не патрэбная наогул наша мова, беларуская кніга, то існуюць і грамадзкія арганізацыі, існуюць людзі-энтузіясты, прыхільнікі беларускай нацыянальнай ідэі, якія ніякім чынам ёй ня здрадзяць і будуць працаваць далей. І тое лепшае, што створана ўсімі беларускімі талентамі за межамі Беларусі, гэта ўсё павінна вярнуцца на нашу Бацькаўшчыну, і мы гэтай спадчынай толькі можам ганарыцца”.
XS
SM
MD
LG