Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЯКІХ КРАІНАХ МОЖА ПРАЦЯГНУЦЦА АНТЫТЭРАРЫСТЫЧНАЯ АКЦЫЯ ЗША І САЮЗЬНІКАЎ?


Мікола Іваноў, Прага

Вайна супраць тэрарызму прадугледжвае дыпляматычныя, фінансавыя акцыі, а калі спатрэбіцца, нават і ваенныя дзеяньні. Наступным этапам усясьветнай вайны супраць тэрарызму могуць стаць акцыі у такіх краінах як Самалі, Емэн, Інданэзія і Філіпіны, дзе тэрарыстычныя групоўкі часта мелі магчымасьць дзейнічаць адкрыта. Аб гэтым паведаміў віцэ-міністар абароны ЗША Поль Вольфавіц.

Паводле словаў Вольфавіца, якога разглядаюць у якасьці аднаго з найбольш агрэсіўных сябраў ваеннай Рады прэзыдэнта Джорджа Буша, Пэнтагон можа адмовіцца ад вялікай, але палітычна куды больш складанай апэрацыі супраць Іраку і такім чынам пазьбегнуць канфлікту зь некаторымі сваімі арабскімі і эўрапейскімі саюзьнікамі, якія асьцерагаюцца канфрантацыі з Багдадам.

Цяпер амэрыканскія вайсковыя спэцыялісты працуюць з такімі прыязнымі краінамі, як Філіпіны і Інданэзія, якія вітаюць амэрыканскую дапамогу ў барацьбе з уласнай тэрарыстычнай сеткаю. Пэнтагон таксама разглядае магчымасьць дзеяньняў супраць базаў тэрарыстаў у такіх краінах, як Самалі і Емэн.

На думку Волфавіца, амэрыканская ваенная кампанія ў Афганістане ўжо пераканала некаторыя краіны, якія падтрымлівалі тэрарыстаў, перагледзець іх пазыцыі.

Аднак, галоўнай мэтай Пэнтагону па-ранейшаму застанецца Афганістан. “Адной з найбольш складаных задачаў бліжэйшых месяцаў, - падкрэсьліў Вольфавіц, - будзе высьвятленьне, хто з нашых саюзьнікаў, якія дзеля ўласнай выгады далучыліся да нас на першым этапе вайны, стане нашым сапраўдным доўгатэрміновым саюзьнікам, хто будзе крыніцай новых праблемаў, а хто можа перайсьці на варожы бок”.

Паводле словаў Вольфавіца, Самалі – краіна, дзе няма законнасьці, якая прыцягвае тэрарыстаў як магніт. Адміністрацыя прэзыдэнта Буша ўжо раней вызначыла фундамэнталісцкую арганізацыю Ітыхаад у якасьці тэрарыстычнай групоўкі, якая мае сувязі з Аль-Кайдай.

Але варыянты дзеяньняў ЗША ў Самалі абмежаваныя. Тут няма ўраду, зь якім можна было б працаваць. І таму Цэнтральнае разьведвальнае ўпраўленьне шукае тут такія мясцовыя сілы, як антыталібскі рух Афганістану, на які можна было б абаперціся ў барацьбе з тэрарыстамі.

Сувязі з Аль Кайдай мае і мусульманскі сэпаратысцкі рух Абу Сайяф на Філіпінах. Мясцовы ўрад вельмі зацікаўлены ў атрыманьні амэрыканскай дапамогі ў барацьбе зь ім.

Філіпінскія сэпаратысты маюць падтрымку інданэзійскіх мусульманскіх фундамэнталістаў, і Пэнтагон разглядае барацьбу з абодвума рухамі як адзіную задачу. Тым больш, што інданэзійскі ўрад таксама імкнецца зьнішчыць тэрарыстаў. Пэнтагон гатовы аказаць Інданэзіі ў гэтым падтрымку, але заплянаваныя супольныя манэўры з інаданэзійскай арміяй не адбыліся ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў гэтай краіне.

Вольфавіц назваў малаверагоднымі ваенныя дзеяньні амэрыканскай арміі на тэрыторыі Інданезіі.

Пасьля падзеяў 11 верасьня ЗША націскалі на ўрад Емэну, каб той распачаў акцыі супраць тэрарыстаў. У гэтай краіне існуюць рэгіёны, якія амаль не кантралююцца цэнтральным урадам. І вось нядаўна емэнскія ўрадавыя войскі пачалі апэрацыі супраць падазраваных у тэрарыстычнай дзейнасьці.

Адзіная краіна, апроч Афганістану, дзе амэрыканскія войскі альбо ўжо, альбо ў хуткім часе пачнуць правядзеньне наземных апэрацыяў – Пакістан. Учора з Ісьлямабаду прыйшла інфармацыя, што ўрад генэрала Пэрвэза Мушарафа даў дазвол амэрыканкай арміі дзейнічаць на тэрыторыі краіны ў сувязі з тым, што вярхоўны лідэр Талібану мула Махамэд Амар і кіраўнік Аль Кайды Усама бін Лядэн, магчыма, перайшлі на пакістанскую тэрыторыю.

Пра верагодныя дзеяньні амэрыканскага спэцназу ў Пакістане паведаміў таксама галоўнакамандуючы амэрыканскімі войскамі ў Афганістане генэрал Томі Фрэнкс. А паводле словаў кіраўніка аб’яднага штабу начальнікаў штабоў амэрыканскай арміі генэрала Рычарда Мэйерса, амэрыканскія войскі ў Пакістане будуць дзейнічаць у супрацоўніцтве з пакістанскай арміяй. Іх роля будзе, магчыма, дапаможная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG