Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗАТРЫМАЛІ ДЫРЭКТАРА МЕНСКАГА ТРАКТАРНАГА ЗАВОДУ МІХАІЛА ЛЯВОНАВА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле агенцтва “Ройтэр”, Міхаіл Лявонаў быў затрыманы ўчора ўвечары пры спробе зьехаць за мяжу. Гэтае ранішняе паведамленьне ў другой палове сёньняшняга дня пацьвердзілі ў пракуратуры Беларусі, але толькі часткова.

Прэсавы сакратар пракуратуры Аляксей Таранаў сказаў, што Лявонава сапраўды затрымалі, аднак назваў чуткамі зьвесткі пра тое, што дырэктар МТЗ быў зьняты зь цягніка, які ішоў у Расею ды што ў яго нібыта знайшлі фальшывыя дакумэнты.

Намесьнік дырэктара МТЗ Мікалай Стукач у тэлефоннай размове са мной сказаў, што нічога ня ведае пра затрыманьне свайго начальніка. Спадар Стукач пацьвердзіў, што Лявонава няма на працоўным месцы, але нібыта з прычыны хваробы.

(Стукач: ) “Колькі ён хварэе? Даволі даўно. Каб мне не зманіць — недзе з 10 ці 12 сьнежня”.

(Карэспандэнт: ) “Ці сапраўды да яго ёсьць нейкія прэтэнзіі ў пракуратуры?”

(Стукач: ) “Ня ведаю, афіцыйна нічога не было, гэта дакладна вядома. Апошні раз мы зь ім бачыліся 29 сьнежня. Ён прыяжджаў віншаваць наш працоўны калектыў на звычайным сходзе. Было добра відаць, што яму вельмі цяжка стаяць, хвілін празь пяць ён узмакрэў, выціраў рукой пот на ілбе. Відаць, у яго сапраўды праблемы са здароўем, але гэта інтымнае пытаньне, і я ня стаў удакладняць”.

(Карэспандэнт: ) “Магчыма, Лявонаў паехаў у Расею падлячыцца?”

(Стукач: ) “Ня ведаю. Чуткі пра нашага дырэктара ходзяць ужо, магчыма, два гады. Куды яго толькі ні пасылалі — ажно да таго, што ён нібыта стане амбасадарам у Афганістане”.

(Карэспандэнт: ) “Такім чынам, вы не выключаеце, што гэта ўсё скончыцца нічым?”

(Стукач: ) “Я чакаю яго зь нецярпеньнем, як і ўвесь працоўны калектыў. Як чалавека, які паправіўся”, — казаў намесьнік дырэктара МТЗ Мікалай Стукач яшчэ ў сэрэдзіне дня.

Між тым, бліжэй да вечара зьявіліся зьвесткі, што ў кабінэце і прыёмным пакоі кабінэта Лявонава ўжо праведзены ператрус. Таксама сьледчыя агледзелі й ягоны службовы аўтамабіль. Паводле крыніцаў, на той час Міхаіл Лявонаў утрымліваўся ў менскім сьледчым ізалятары.

Існуе няшмат вэрсіяў адносна прычынаў затрыманьня дырэктара МТЗ Лявонава. Назіральнікі на адзін голас кажуць пра магчымыя парушэньні ў гандлі трактарамі ды махінацыі з падаткамі. Згадваюць, што ўжо больш за два месяцы на прадпрыемстве ідзе праверка фінансавага становішча, якую праводзяць амаль усе магчымыя кантралёры — Камітэт дзяржкантролю, КГБ, міліцыя й Міністэрства фінансаў.

Назіральнікі перакананыя, што такая армія кантралёраў “пры адпаведным загадзе магла знайсьці дастаткова фактаў, каб кінуць дырэктара за краты”.

Аднак застаецца адкрытым пытаньне, чаму кіраўніцтва Беларусі дало згоду на выкарыстаньне кампрамату супраць дырэктара самага славутага ў краіне прадпрыемства? Некаторыя лічаць, што гэткім чынам спрабуюць перавесьці незадавальненьне рабочых трактарнага заводу з вышэйшага на дырэктарскі ўзровень. Згадваецца, што дагэтуль палове працаўнікоў заводу яшчэ ня выплацілі апошняга заробку. Даўно забыліся на МТЗ пра вялікія прэміі, якія раней былі звычайнымі напрыканцы году.

Але старшыня Свабоднага прафсаюзу Вячаслаў Козел з гэтай вэрсіяй ня згодны. Не падзяляе ён і вэрсію пра тое, што Лявонаў нібыта апынуўся ў апазыцыі да Аляксандра Лукашэнкі. Вячаслаў Козел лічыць, што дырэктара МТЗ проста выштурхнулі з кіраўнікоў напярэдадні падзелу буйных беларускіх заводаў.

(Козел: ) “Я думаю, гэта з-за таго, што зараз праходзіць чарговы перадзел маёмасьці. Вось Лявонаў зрабіў з МТЗ тое, што ўжо жартуюць, што гэта ня Менскі трактарны завод, а менская трудавая зона. Навошта? Мяркую, Лявонаў хацеў паўдзельнічаць у гэтым перадзеле маёмасьці, атрымаць сваю частку, але зразумела, пасьля выбараў хто зь ім будзе дзяліцца? Таму яго й выштурхнулі”, — казаў старшыня Свабоднага прафсаюзу МТЗ Вячаслаў Козел.

Ён мяркуе, што сьледчыя органы будуць марудзіць з расьсьледаваньнем крымінальнай справы супраць Лявонава, як гэта цяпер робяць з крымінальнымі справамі былога дырэктара “Атланту” Леаніда Калугіна. А тым часам іхныя месцы зоймуць людзі, якія ня будуць перашкаджаць таму, каб гэтыя заводы апынуліся ў руках расейскіх алігархаў.
XS
SM
MD
LG