Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯПОНСКІЯ НАВУКОЎЦЫ ЎПЕРШЫНЮ Ў ГІСТОРЫІ ВЫРАСЬЦІЛІ ШТУЧНАЕ ВОКА


Сяргей Шупа, Прага

 СТАКГОЛЬМ. Працяглы стрэс можа быць прычынай залішняй вагі. Парушэньні дзейнасьці нэрвовай сыстэмы і стрэсы спрыяюць канцэнтрацыі тлушчу, павышаюць рызыку захворваньня на цукроўку (дыябэт) і хваробы сэрца. Такія вынікі былі атрыманыя ў дасьледаваньні, праведзеным у гарадзкім шпіталі гораду Гётэборг. Стрэсавая сыстэма чалавека разьлічаная на кароткатэрміновыя стрэсавыя сытуацыі, аднак на цяперашнім этапе разьвіцьця цывілізацыі чалавек значна часьцей сутыкаецца са стрэсам, чым ягоныя продкі зь мінулых тысячагодзьдзяў.

 ТОКІЁ. Японскім навукоўцам упершыню ў сьвеце ўдалося штучна вырасьціць вока. Група дасьледнікаў Такійскага Ўнівэрсытэту вырасьціла вока ў апалоніка, узяўшы клеткі з эмбрыёна жабы. Кіраўнік групы Макото Асасіма лічыць, што ў будучым распрацаваны ім мэтад можа дапамагчы вяртаць людзям зрок. Навукоўцы трансплянтавалі апалоніку клеткі эмбрыёна замест выдаленага вока, і праз тыдзень у яго разьвілося вока, злучанае з аптычнымі нэрвамі, пры гэтым не было заўважана сымптомаў непрыманьня.

 ФРАНКФУРТ. У мінулым годзе ў Нямеччыне павялічылася спажываньне неалькагольных напояў і разам з тым зьменшылася колькасьць выпітага піва, віна і моцных напояў. У сярэднім на кожнага немца летась прыпала па 256 літраў мінэральнай вады, сокаў і нэктараў – на 16 працэнта больш чым годам раней. Самым папулярным напоем стала мінэральная вада, далей ідуць гэтак званыя мяккія напоі – кола, энэргетычныя і садавінныя напоі. Спажываньне піва за год зьнізілася на 12 працэнта і склала ў сярэднім 124 літры на асобу.

 ЛЁНДАН. У першай у сьвеце клянаванай авечкі Долі разьвіўся артрыт, што выклікала неспакой наконт таго, што ў выніку клянаваньня ў яе ўтварыўся генэтычны дэфэкт. Прафэсар Іэн Уілмут з Росьлінскага Інстытуту ў Шатляндыі, дзе была створаная Долі, выказаў занепакоенасьць тым, што сучаныя працэдуры клянаваньня пакуль што застаюцца недасканалыя. У дадатак да таго, некаторыя навукоўцы выказваюць меркаваньне, што клянаваныя арганізмы маюць схільнасьць заўчасна старэць, бо для іх стварэньня былі ўжытыя гены дарослых асобінаў.

 БОСТАН. Адмова ад цыгарэтаў на працягу даўжэйшага часу можа зьменшыць рызыку разьвіцьця катаракты. Да такіх высноваў прыйшлі дасьледнікі з Гарвардзкай Школы грамадзкага здароўя ў Бостане. Тыя, хто кінуў курыць не пазьней, чым у 25 гадоў, на 20 працэнтаў меней рызыкуюць займець катаракту. Прычына гэтага палягае ў тым, што свабодныя радыкалы з тытунёвага дыму могуць выклікаць гэтак званы акісьляльны стрэс у крышталіку вока. Таму дактары раяць кідаць курыць як мага раней, а яшчэ лепш – не пачынаць зусім.

 НЬЮ-ЁРК. Навукоўцы зь міжнароднага кансорцыюму, які дасьледуе 22-ую храмасому шымпанзэ, упершыню правялі шырокае параўнаньне геномаў шымпанзэ і чалавека. Нягледзячы на 99 працэнтаў падабенства былі знойдзеныя цэлыя рэгіёны ДНК, якія розьняцца між сабою. Найбольш адрозьненьняў знойдзена ў самай малой – 21-ай – храмасоме. Парушэньні ў гэтай храмасоме сярод іншага выклікаюць у чалавека хваробу Даўна, а мутацыі ў іншых генах гэтай храмасомы зьвязаныя з шэрагам генэтычных хваробаў.

 ГАЙ ЎАЙКОМБ (ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ). Кантакт зь нялюбым шэфам шкодна ўплывае на здароўе супрацоўнікаў. Дасьледная група ўнівэрсытэцкага коледжу ў графстве Бакінгэмшыр дасьледавала ціск у 25 асыстэнтаў, якія мелі двух начальнікаў, што прыходзілі ў офіс празь дзень. Тыя супрацоўнікі, якім зь нейкіх прычынаў не падабаўся адзін з шэфаў, мелі ў адпаведныя дні вышэйшы ціск крыві. Паводле кіраўніка дасьледнай групы, такія ваганьні ціску часта выклікаюць больш ці менш сур’ёзныя парушэньні здароўя.


XS
SM
MD
LG