Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСЬ І РАСЕЯ: НАБЛІЖЭНЬНЕ З НУЛЯВЫМ ТЭМПАМ”


Алена Панкратава, Менск

Як быццам усё ідзе да аб’яднаньня нацыянальных валютаў Беларусі й Расеі. Беларусы павінны атрымаць новыя грошы найпазьней у 2005-м. Гэтыя грошы будуць называцца, як і цяпер, — рублямі. Так што вялікіх пераменаў на псыхалягічным роўні, як гэта адбываецца зараз у эўрапейцаў, чакаць ня трэба.

У час калі Эўропа паступова прызвычайваецца да эўра, расейскія й беларускія палітыкі дакляруюць стварэньне агульнага рубля. Калі ён нарэшце будзе створаны, то стане сапраўднай прыкметай міждзяржаўнай структуры. Апошнім часам пра яе ўсе чуюць, аднак ніхто пакуль ня бачыў.

Паводле аўтара артыкула Даніэля Бросьлера, няроўны зьвяз 150-мільённай Расеі з 10-мільённай суседкай Беларусьсю быў заўсёды любімым “дзіцем” аўтарытарна-эксцэнтрычнага Аляксандра Лукашэнкі. Папярэднія дамовы пра аб’яднаньне (1997-га і 1999 гадоў) падпісвалі яшчэ за Ельцыным — зь вялікай помпай, але без усялякіх вынікаў.

“Для эканамічнага аб’яднаньня няма неабходнай дынамікі”, — паскардзіўся Лукашэнка ў часе сустрэчы з расейскім калегам Пуціным летась у сьнежні.

Згодна з меркаваньнем расейскіх аналітыкаў, менавіта Лукашэнка ёсьць галоўнай перашкодай для такога аб’яднаньня. Сапраўдная інтэграцыя для Масквы магчымая пры адной умове: наяўнасьці рынкавых рэформаў. Гэта тое, чаго Лукашэнка баіцца больш за ўсё.

“Мы катэгарычна супраць мэтадаў шокавай тэрапіі ў эканоміцы”, — даў зразумець расейцам беларускі прэм’ер Генадзь Навіцкі. Трэба меркаваць, што беларуская эканоміка, якую незалежныя экспэрты называюць “луканомікай”, будзе надзейна абароненая ад шоку.

Галоўныя прыкметы “луканомікі”, паводле “Sueddeutsche Zeitung”, — карупцыя, адсутнасьць мэханізмаў абароны правоў уласьнікаў, бязьмежная канцэнтрацыя эканамічнай улады ў руках Лукашэнкі й ягонага атачэньня. Калі расейскія экспэрты распрацоўвалі ў Менску праграму прыватызацыі, гэта не выклікала вялікага энтузіязму з боку Лукашэнкі. Палітычная сіла беларускага лідэра наўпрост зьвязаная зь ягонай эканамічнай уладай, — піша газэта.

Калі зь Ельцыным абмеркаваньне тэмы эканамічнай неабходнасьці інтэграцыі праходзіла “на гура”, асабліва ў часе тостаў на брудэршафт, то з Пуціным усё інакш. Расейскі прэзыдэнт адасоблена стаіцца да падобнага пытаньня... Такія марудныя тэмпы аб’яднаньня, як лічыць Лукашэнка, нагадваюць самагубства.

Дзеля таго, каб эканамічная інтэграцыя насамрэч адбылася, — піша нямецкі журналіст, — неабходна, каб ужо сёлета былі ўніфікаваныя законы аб падаткаабкладаньні, каб у будучым годзе былі ўніфікаваныя мытныя тарыфы і ўзгодненая палітыка бюджэту абедзьвюх краінаў. Да падобных крокаў Расея ня надта імкнецца, бо для яе яны, па сутнасьці, ня маюць вялікага значэньня, — піша “Sueddeutsche Zeitung”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG