Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКАЯ ПРЭСА ПРА ЗВАРОТ ЯНА ВІЕРСМЫ ДА АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ Ў СПРАВЕ ЗЬНІКЛЫХ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Прадстаўнік Эўрапейскага парлямэнту Ян Віерсма ў адкрытым лісьце зьвярнуўся да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем правесьці незалежнае сьледзтва ў справе зьніклых апазыцыйных палітыкаў. Сярод іншых гаворка ідзе пра былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку, а таксама Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Усе гэтыя людзі зьніклі ў 99-м годзе, як ужо гаварылася, не без дапамогі ўладаў. У сваім лісьце спадар Віерсма таксама прыгадаў, што беларускія ўлады ніколі не згадзіліся скарыстацца з дапамогі ў сьледзтве,” – піша ў сёньняшнім нумары Rzeczpospolita.

“Ян Віерсма заявіў таксама, што будзе падымаць пытаньне зьніклых палітыкаў у часе ўсіх магчымых паседжаньняў Эўрапейскага парлямэнту, Рады Эўропы і АБСЭ,” – адзначаецца ў сёньняшнім артыкуле ў газэце Zycie.

Абодва выданьні цытуюць таксама словы спадара Віерсмы, які сказаў, што “толькі незалежнае і яўнае сьледзтва можа вярнуць давер да Беларусі ды сьцьвердзіць, што гэтая дзяржава мае намер пабудаваць вольнае грамадзтва, дзе закон ёсьць па-над усім”.

Што да пазыцыі Польшчы ў гэтай справе, дык на старонках прэсы і ў тэлевізіі экспэрты часта спасылаюцца на заяву міністра замежных справаў Польшчы Влодзімежа Цімашэвіча, якую ён зрабіў ў часе саміту АБСЭ ў Бухарэсьце. Тады кіраўнік польскай дыпляматыі пасьля сустрэчы са сваім беларускім калегам Міхаілам Хвастовым заявіў, што адной з умоваў далучэньня Беларусі да Эўрапейскай супольнасьці ёсьць менавіта высьвятленьне лёсу зьніклых палітыкаў ды адпаведнае пакараньне выканаўцаў гэтых злачынстваў.

Напярэдадні намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Стэфан Мельлер у часе прамовы ў Сэйме яшчэ раз пацьвердзіў, што Польшча ня зьменіць сваёй зьнешняй палітыкі ў адносінах да Беларусі, пакуль беларускія ўлады не пачнуць шанаваць агульнапрынятыя дэмакратычныя нормы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG