Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШВАЙЦАРСКАЯ “NEUE ZUERCHER ZEITUNG” — ПРА СУЧАСНЫЯ САВЕЦКІЯ РЭАЛІІ Ў МЕНСКУ


Алена Панкратава, Менск

Аўтар артыкула вольны швайцарскі журналіст Патрык Ніг вырашыў некаторы час пажыць у Менску. Гэтае жаданьне, — піша ён, — выклікала непаразуменьне ў большасьці беларусаў. Адразу ж пры ўезьдзе ў Беларусь памежнік пажадаў яму хуткага вяртаньня ў Швайцарыю. Гэты памежнік выглядаў зусім не варожым, наадварот — дружалюбным, — піша журналіст.

Аднак, — працягвае Патрык Ніг, — большасьць беларусаў насамрэч перакананая: у гэтай краіне жыць няварта: тут вельмі нізкія заробкі, халодныя зімы, дрэнныя дарогі й занадта складаная бюракратыя. Крытыкаваць уласную краіну ў Беларусі лічыцца добрым тонам, часам крытыка бывае й перабольшанай.

Нязвыклы для заходняга эўрапейца асяродак сьцягоў, штэмпэляў, людзей ва ўніформах — усё гэта сустракаеш, як толькі трапляеш у Міністэрства альбо ведамства. Прадстаўнікі вярхоў паводзяць сябе строга і з адчуваньнем уласнай улады. Тыя, хто стаіць у чэргах да іх на прыём, пачуваюцца жабракамі.

Вуліцы беларускай сталіцы таксама захоўваюць подых старога часу. Ва ўсходнеэўрапейскіх сталіцах помнік Леніну даўно скінуты з пастамэнту. Тут, у Менску, каменны Ленін — у самым цэнтры, насупраць Дому ўраду, як, дарэчы, і Дзяржынскі.

У цэнтры амаль 2-мільённай мэтраполіі ня ўбачыш таго эканамічнага крызысу, які адчуваецца па ўсёй краіне. Горад чысты, колькасьць іншамарак на вуліцах павялічваецца штодня. Тут пануюць спакой і парадак, якія ахоўваюць міліцыянты.

Часам міліцыянты паўстаюць праз кожныя 15 мэтраў, тварам да мінакоў, сьпіной да пустыннай вуліцы, якая адмыслова вызваленая для прэзыдэнцкага мэрсэдэсу і ягонага эскорту. Падобныя манархічныя звычкі беларускага лідэра ніяк не раздражняюць сталічных жыхароў. Яны з савецкага часу прызвычаіліся да традыцыі — адны парадкі для людзей улады, іншыя — для народу.

Адзін з маладых менчукоў (апазыцыйна настроены да рэжыму) так тлумачыць швайцарскаму журналісту пазыцыю большасьці сваіх землякоў — добра ўладам, добра — астатнім. Замежнікам з гонарам дэманструюць апошнія падарункі ўладаў свайму насельніцтву: вакзал альбо чарговую новую станцыю мэтро.

У той жа час пітную ваду ў большасьці раёнаў гораду немагчыма піць, не прафільтраваўшы яе альбо не пракіпяціўшы. Калісьці ў 1993 годзе, тады яшчэ кандыдат на прэзыдэнта Лукашэнка паабяцаў свайму народу: вы будзеце жыць кепска, але нядоўга.

Сёньня крытыкі беларускага лідэра згаджаюцца, што большасьць з 10 мільёнаў насельніцтва сапраўды жыве кепска. Параўнаньне зь іншымі краінамі-суседкамі — Польшчай, Літвой, Латвіяй — выклікае дэпрэсію. Гэтыя краіны хутка стануць сябрамі Эўразьвязу. І многія беларусы заклапочаныя тым, што мяжа з гэтымі краінамі, якая будуецца згодна з усімі шэнгенскімі правіламі, надзейна і трывала, сапраўды адрэжа іх ад Эўропы.

Праўда, погляд на ўсход усяляе ў душы беларусаў пэўны аптымізм: у Расеі й Украіне людзям жывецца не намнога лепш.

Па-за цэнтрам беларускай сталіцы, там, дзе месьцяцца блёчныя новабудоўлі, можна ўбачыць зусім іншы Менск. Людзей, якія жывуць ад продажу сабраных на вуліцах бутэлек, якія начуюць на лесьвіцах у пад’ездах, якім літаральна няма за што есьці й піць. Блёчныя каврталы ёсьць сапраўднай ілюстрацыяй таго, што жыцьцёвы ўзровень беларусаў за апошнія 10 гадоў скараціўся болей чым утрая.

Тым часам, у іншай частцы гораду адно зь беларускіх культурніцкіх таварыстваў ладзіць вечарыну. Арганізатары — пераважна мастакі, музыкі й танцоры. Дзякуючы магчымасьцям бываць за мяжой, гэтыя людзі маюць даходы ў канвэрсоўнай валюце. Акрамя таго, яны імкнуцца не сапсаваць кантактаў з уладамі. На вечарыну запрошаны таксама адказны чыноўнік ДАІ. Ён ахвотна працягвае свае візытоўкі і абяцае дапамагчы тым аўтааматарам, якія могуць мець праблемы.

“Той, хто ня хоча жыць у галечы, павінен мець шмат адрэналіну ў крыві”, — кажа адзін з арганізатараў вечарыны. Жыцьцё, сапраўды, складанае, але ў ім можна ўладкавацца. Зразумела, зьмена рэжыму зруйнуе тую сыстэму сувязяў, якая пабудаваная з такімі цяжкасьцямі. У гэтай тусоўцы нікога не хвалюе такое пытаньне, як дэфіцыт дэмакратыі ў краіне, — піша швайцарская “Neue Zuercher Zeitung”.


XS
SM
MD
LG