Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧАЧЭНІІ, ФАКТЫЧНА, РАЗБУРАНАЯ СТРУКТУРА ТЭЙПАЎ І ТУКУМАЎ. НА ЗЬМЕНУ ЎПЛЫВУ СУФІЯЎ ІДЗЕ ВАХАБІЗМ


Валер Каліноўскі, Прага

Чачэнія па-ранейшаму складаецца зь невялікіх клянаў-тэйпаў, якія абмяжоўваюцца адной вёскай. Нават падчас сталінскай дэпартацыі чачэнцаў і цяпер, калі вайна прымусіла тысячы чачэнцаў пакінуць родныя вёскі, сувязі ў асобных тэйпах застаюцца моцныя. Усяго ў Чачэніі болей за 150 тэйпаў, кожны зь якіх мае свае традыцыі і сваю раду старэйшынаў. Аўтарытэт старэйшынаў у Чачэніі лічыўся абсалютным, іх слова заўсёды было апошнім і самым важкім. Але цяпер абсалютная ўлада старэйшых зьнікае. Гаворыць акадэмік РАН Сяргей Аруцюнаў, кіраўнік Каўкаскага аддзелу Маскоўскага этнаграфічнага інстытуту:

(Аруцюнаў: ) “Клан можа мець болей ці меней фармальных лідэраў, якія фармуюць раду старэйшынаў. Гэтая рада дае рэкамендацыі, якія ўжо не зьяўюцца абавязковымі. Старэйшыны ня маюць улады, каб прымусціць усіх выконваць гэтыя рэкамэндацыі. Тым ня менш большасць сябраў тэйпа будзе іх у той ці іншай ступені выконваць”.

Тэйпы забясьпечваюць падтрымку ўсім сваім сябрам, яны фармуюць аснову чачэнскага грамадзтва, і, як вераць многія чачэнцы, вызначаюць характар і ўласцівасьці кожнага асобнага чалавека. Чачэнскі палявы камнадзір Салман Радуеў, прыгавораны нядаўна да пажыцьцёвага зьняволеньня за напад на Кізьляр, – сябра тэйпу Гардалой. Ягоныя злачынствы зняславілі ўвесь тэйп, уключна з Асланам Масхадавым, чыя жонка належыць да Гардалоя. Але Масхадаў ня мог арыштаваць і пакараць Радуева, бо гэта спарадзіла б канфлікты ў тэйпе, – лічыць Валеры Батуеў, супрацоўнік газэты “Время МН”:

(Батуеў: ) “Тэйпы ўваходзяць у 9 тукумаў. Тукумы – гэта вайскова-палітычныя саюзы, якія пачынаюць дзейнічаць пад час пагрозы ці агрэсіі. Яны як бы разам аб’ядноўваюць ўсю нацыю, усе тэйпы”.

У тукумаў няма адмысловых лідэраў, але паводле спадара Балуева, калі раней яны маглі арганізаваць барацьбу ў выпадку вайны, то ў апошні час яны маюць больш сымбалічнае, чым вайсковае значэнне. Падчас дзвюх апошніх войнаў тукумы мелі зусім невялікі ўплыў на падзеі.

Цяпер амаль ўдвая скарацілася насельніцтва Чачэніі. З перадваенных 1 мільёна 200 тысячаў жыхароў засталося недзе каля 600-700 тысячаў чалавек. Многія сталі ўцекачамі, іншыя загінулі. Падчас першай вайны 94-98-х гадоў загінула каля 50 тысячаў чалавек. У Грозным, які калісьці быў 400-тысячным горадам, цяпер жыве меней чым 40 тысячаў.

Такі драматычны дэмаграфічны крызыс ня мог не паўплываць на структуру тэйпаў і тукумаў і адносіны ўнутры іх. Гаворыць акадэмік Аруцюнаў:

(Аруцюнаў: ) “Цяпер у большасьці выпадкаў уплыў стрэйшынаў страчаны, за выключэньнем вельмі багатых і важных пэрсонаў. Зараз бацька з цяжкасьцю можа дамагчыся прыстойнай і выгаднай жаніцьбы свайго сына. Ён ня можа яму даць і добрую працу. Такім чынам улада, прэстыж і ўплыў старэйшага пакалення разбураныя”.

Маладзейшае пакаленне чачэнчаў, – лічыць акадэмік Аруцюнаў, – дэзарыентаванае і шукае новыя аўтарытэты. І часта знаходзіць іх сярод экстрэмістаў вахабісцкага кірунку ці крымінальных дзеячоў. Цяпер зарэгістравана некалькі выпадкаў, калі маладыя людзі забівалі сваіх бацькоў да стмерці, што проста немагчыма было ўявіць яшчэ некалькі гадоў таму.

Ісьлям зьўявіўся ў Чачэніі параўнальна нядаўна – у 15 стагодзьдзі. Чачэнцы прынялі суніцкую плынь ісьляму ў ягонай суфісцкай містычнай форме, якая прадугледжвае стварэньне пэўных брацтваў, што аб’яднаныя вакол сваіх настаўнікаў.

Гаворыць прафесар інтытута Усходу РАН Міхаіл Рошын:

(Рошын: ) “Сутнасьць у тым, што чалавек, уступаючы на шлях суфія, можа дасягнуць асабістага кантакту з Богам. У суфія як верніка ёсьць настаўнік, які зяўляецца свайго роду пасярэднікам паміж Богам і чалавекам. Ён дае настаўленьні, кажа, як жыць. Звычайна суфіі слухаюцца сваіх настаўнікаў”.

У Чачэніі ў пачатку 20 стагодзьдзя было болей за 800 мячэцяў і некалькі ісьлямскіх школаў. Сталін спрабаваў абмежаваць ісьлямскія традыцыі. Большасьць мячэцяў былі зачыненыя, каля 14 тысячаў духоўных асобаў і актыўных вернікаў былі рэпрэсаваныя як контрэвалюцыянэры. На знак пакараньня за ўяўнае супрацоўніцтва з гітлераўцамі Сталін выслаў чачэнцаў ды інгушоў у Казахстан, адкуль яны вярнуліся толькі ў канцы 50-гадоў. Гаворыць прафэсар РАН Міхаіл Рошын:

(Рошын: ) “Дэпартацыя, як ні дзіўна, адыграла кансэрвуючую ролю для захавання ісьлямскіх традыцыяў. Улады, якія лічылі чачэнцаў ізгоямі, ня вельмі зьвярталі ўвагу на іх унутранае мусульманскае жыцьцё і лад”.

Міхаіл Рошын зазначае, што толькі ў 1979 годзе савецкія ўлады дазволілі адчыніць пяць мячэцяў у Чачэніі і Інгушэтыі. 292 мячэці дзейнічалі падпольна.

Дэмакратызацыя грамадства ў часы Гарбачова акрамя рэлігійнай свабоды прынесла і шмат сацыяльных праблемаў. Суфіцкія брацтвы не змаглі дзейнічаць па-ранейшаму ў новых умовах.
Гаворыць суфіцкі духоўны лідэр, выкладчык ісьляму ў МГУ Саід Яхіеў:

(Яхіеў: ) “У Чачэніі вахабізм пачаў распаўсюджвацца яшчэ з сярэдзіны 80-х гадоў, калі была ўсеагульная галоснасьць і ўседазволенасьць. І людзі, якія атрымалі свабоду ў рэлігіі, пачалі ўносіць новыя ідэі. Тады гэта была даніна модзе”.

Саід Яхіеў называе вахабізм фальшывай верай, але ёй не было рэальнай рэлігійнай апазыцыі. Як няма яе і цяпер. Вахабіты заклікаюць да чыстага ісьляму, і лічаць традыцыйны суфізм адхіленьнем ад зыходных правілаў. З пачаткам расейскай вайны ў Чачэніі вахабізм там толькі ўзмацніўся, – зазначае сябра РАН Сяргей Аруцюнаў:

(Аруцюнаў: ) “Вахабізм моцна супрацьпастаўлены чачэнскім традыцыям і звычкам, але многія людзі будуць слухаць лідэра вахабітаў і скажуць: “Ён мае рацыю”. І яны маюць падставы гаварыць гэта, бо традыцыі ўжо сталіся дрэннымі, паколькі іх выкананьне цяпер разбурае іх сем’і”.

Раней паводле чачэнскіх традыцыяў на пахаваньнях кармілі ўсіх, часам і да 200 чалавек. Цяпер чачэнцы зьбяднелі і ўжо ня могуць выконваць гэтыя старыя парадкі, і часам тых, хто прыходзіць без запрашэньня, ужо выправаджваюць. Аруцюнаў зазначае, што многія маладыя чачэнцы лічаць, што прынцыпы, якім навучаюць вахабіты, больш адпавядаюць сучаснай Чачэніі.

Вахабіты больш агрэсыўныя. Паводле прафэсара Міхаіла Рошына, розьніцу паміж суфізмам і вахабізмам можна вызначыць па іх адносінах да джыхаду:

(Рошын: ) “Яны вяртаюцца да старога паняцьця джыхаду, як да сьвяшчэннай вайны, да падпарадкаваньня няверных. А суфіі джыхад пераасэнсавалі і пачалі яго разумець ня ў пляне вайны зь нявернымі, а ў пляне вайны мусульманіна са сваімі ўласнымі недахопамі, як імкненьне да самаўдасканаленьня”.

Расейскія вайскоўцы лічаць чачэнскіх палявых камандзіраў вахабітамі, але гэта ня так. На справе Аслан Масхадаў абараняе чачэнскія нацыянальныя традыцыі і супрацьстаіць фундамэталісцкім групам і вахабітам, які жадаюць ісьлямізацыі Чачэніі ў арабскім стылі. Але суфіцкія брацтвы застаюцца ў баку ад вайсковых дзеяньняў, а паколькі канца вайны ня бачна, многія духоўныя лідэры традыцыйнага кірунку пакідаюць Чачэнію. Застаюцца вахабісцкія.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG