Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧАМУ НЕ ЎДАЛОСЯ ЗАХАПІЦЬ МУЛУ АМАРА?


Мікола Іваноў, Прага

Часткі амэрыканскага спэцназу былі разам з атрадамі мясцовых антыталібскіх сілаў, але адмовіліся ўзяць на сябе ініцыятыву канчатковага вышуку талібскага лідэра.

Заканчэньне апэрацыі было даверана афганцам, якія пачалі перамовы аб капітуляцыі Амара і ягоных жаўнераў. У выніку лідэру талібаў зноў удалася ўцячы.

Перадаючы ініцыятыву ў рукі мясцовых афганцаў, чытаем на старонках International Herald Tribune, Пэнтагон, магчыма, пазьбягае стратаў у сваім войску, і не выклікае нэгатыўнай рэакцыі ў мусульманскіх краінах, але выразна зьніжае эфэктыўнасьць вайсковых апэрацыяў. Гэта адбываецца, нягледзячы на тое, што агульная колькасьць амэрыканскага войску ў рэгіёне значна ўзрасла.

Пастанова не накіроўваць у Афганістан яшчэ большую колькасьць амэрыканскага войску зазнае цяпер крытыку як знутры, так і звонку Пэнтагону. Выказваецца думка, што падобны падыход прыводзіць да страты магчымасьцяў у сытуацыі незакончаных ваенных апэрацыяў.

“Як і раней, амэрыканская стратэгія дыктуецца страхам перад стратамі амэрыканскіх жаўнэраў, – лічыць Лорэн Томпсан, кіраўнік Лексынгстонскага навукова-дасьледчага Інстытуту з Вірджыніі. – У арміі былі пляны разгортваньня значнай колькасьці войску, але яны былі адкінутыя. Кіраўніцтва марской пяхоты было вымушанае націскаць на Пэнтагон, каб атрымаць дазвол накіраваць мінімальную колькасьць войска”.

Як мінімум двойчы амэрыканцы былі блізкія захопу лідэраў талібаў і Аль-Кайды. Мула Амар знаходзіўся ў Кандагары да самага апошняга моманту, перад тым, як горад быў захоплены. Падчас апэрацыі ў пячэрным комплексе Тора Бора амэрыканскія спэцыялісты лічылі, што ў гэтым рэгіёне быў Усама бін Лядэн.

Пасьля заканчэньня апэрацыі ў Тора Бора здавалася, што кіраўніцтва Пэнтагону было гатовае накіраваць сотні сваіх жаўнераў у раён Белых гораў, каб працягваць пошук Бін Лядэна і ягоных паплечнікаў там. Але і гэты плян быў адкінуты на карысьць перадачы грошаў, зброі і зімовай вопраткі афганскім саюзьнікам з мэтай умацаваць супрацоўніцтва, – піша Іnternational Herald Tribune.

Галоўнакамандуючы амэрыканскімі войскамі ў Афганістане генэрал Томі Фрэнк назваў тактыку перадачы ініцыятывы афганскім войскам правільнай і заявіў, што яна будзе ажыцьцяўляцца надалей.

“Я не перажываю з нагоды таго, што ў Афганістан не былі накіраваныя дадатковыя амэрыканскія войскі, – заявіў ён. – Я лічу, што плян, які мы цяпер ажыцьцяўляем, правільны, і я не зьбіраюся яго зьмяняць”.

Гэтую думку падтрымаў і міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд. Выступаючы на мінулым тыдні на прэсавай канфэрнцыі, ён прыгадаў, што цяперашняя тактыка амэрыканскай арміі была пасьпяховай і прынесла канкрэтныя вынікі: заканчэньне панаваньня талібаў і ўсталяваньне новага рэжыму, які аддадзены барацьбе з тэрарызмам.

Рамсфэльд, аднак, прызнаў, – чытаем на старонках International Herald Tribune, – што вайна ў Афганістане не закончыцца да таго часу, пакуль усе лідэры тэрарыстаў ня будуць знойдзеныя.

На думку высокапастаўленых амэрыканскіх асобаў, пастанова аддаць ініцыятыву мясцовай антыталібскай міліцыі тлумачыцца ня толькі неабходнасьцю пазьбегнуць значных амэрыканскіх стратаў, але імкненьнем пазьбегнуць памылак, якія былі зробленыя падчас савецкай акупацыі Афганістану ў 80-х гадах. Генэрал Томі Фрэнк гаворыць, што амэрыканцы ня хочуць, каб іх разглядалі ў якасьці варожай сілы. Яны імкнуцца заваяваць давер і прыхільнасьць афганцаў і ўсяго мусульманскага сьвету.

XS
SM
MD
LG