Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ПАЧАЎСЯ ЧАРГОВЫ ПРЫЗЫЎ У ВОЙСКА


Любоў Лунёва, Менск

Вайсковыя прызывы апошніх гадоў адметныя рэзкім зьніжэньнем колькасьці ахвотных служыць у беларускім войску. У армію добраахвотна трапляюць у асноўным юнакі зь бедных сем’яў, якія ня могуць уладкавацца на працу. Бацькі спадзяюцца, што ў арміі хлопец два гады будзе ўтрымлівацца за кошт дзяржавы.

Многія праўдамі й няпраўдамі намагаюцца здабыць мэдычныя даведкі пра розныя хваробы, якія даюць магчымасьць пазьбегнуць арміі. Гэта пры тым, што мэдыкі пры ваенкаматах канстатуюць пагаршэньне здароўя сярод моладзі прызыўнага веку — у параўнаньні з сытуацыяй, якая была 15–20 гадоў таму.

Мы зьвярнуліся да юнакоў, якія ўхіляюцца ад службы ў войску, з пытаньнем: чаму яны хаваюцца ад супрацоўнікаў ваенкаматаў. Паколькі юнакі знаходзяцца ў вышуку, назваць свае імёны Радыё Свабода яны адмовіліся.

(Хлопец: ) “Служыць каму? Людзі звычайна ідуць служыць народу. Чаму тады яны павінны цалаваць на прысязе гэты чырвона-зялёны сьцяг, які для большасьці насельніцтва нічога ня значыць? Большасьць маіх знаёмых, якія былі ў войску, распавядалі мне, што ніводнага разу не былі на палігоне. Замест гэтага яны будавалі лецішчы для сваіх генэралаў, садзілі бульбу, цягалі нейкія камяні. На маю думку, гэта ня мае ніякага дачыненьня да службы сваёй Радзіме, гэта не паляпшае ваенную моц Радзімы і не спрыяе прэстыжу службы ў арміі”.

А вось яшчэ адна з прычынаў:

(Іншы хлопец: ) “У мяне няма ніякага жаданьня служыць у войску. Акрамя тых прычынаў — ну, я маю на ўвазе маё стаўленьне да ўлады, на якую я не хачу працаваць у войску, ёсьць яшчэ такая зьява як “дзедаўшчына”. Людзі вярталіся з войска сапраўднымі калекамі. У іх скалечанае ня толькі фізычнае здароўе, але і псыхіка. Калі ў нармальных эўрапейскіх краінах маладыя людзі лічаць за гонар адслужыць у войску, каб стаць сапраўднымі мужчынамі, то ў нас такой зьявы няма й ня будзе — пакуль у нас ня зьменіцца ўлада й адпаведна вайсковае заканадаўства”.

Юнак, які два з паловай гады ўхіляецца ад вайсковай службы, вось што кажа:

(Хлопец: ) “Я не хачу служыць у беларускім войску, па-першае, таму што ў нашым войску кожны чалавек не разглядаецца як асоба. А калі ён пачне выяўляць сябе як асоба, то гэтую асобу адразу зьнішчаюць рознымі там тупымі загадамі. Па-другое, умовы існаваньня маладога чалавека ў беларускім войску наогул неспрыяльныя для жыцьця. Вось адзін канкрэтны прыклад: мой сябра адслужыў у войску ды “зарабіў” сабе язву страўніка. Па-трэцяе, ёсьць такая небясьпека, што можна патрапіць ва ўнутраныя войскі й такім чынам апынуцца па другі бок барыкадаў. Табе прыйдзецца выконваць загад нейкага чалавека і разганяць мірныя дэманстрацыі працоўных і студэнтаў”.

Тым ня менш, ваенкаматы разаслалі ў аддзяленьні міліцыі сьпісы з прозьвішчамі юнакоў, якіх трэба даставіць у ваенкамат. Калі хлопцу не пашанцуе і яго затрымаюць міліцыянты, яму адна дарога — у войска, бо беларускае заканадаўства прадугледжвае крымінальную адказнасьць за ўхіленьне ад вайсковай службы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG