Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ АБСЭ ЗАНЕПАКОЕНЫ ТЫМ, ШТО ПАСАДА КІРАЎНІКА КНГ АБСЭ Ў МЕНСКУ ДАГЭТУЛЬ ВАКАНТНАЯ


Юры Сьвірко, Менск

Сёлета ў Арганізацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе старшынюе Партугалія. Дзейны старшыня АБСЭ — партугальскі міністар замежных справаў Жаймэ Жозэ Матуш да Гама — яшчэ летась у кастрычніку заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што будзе ўсяляк падтрымліваць дзейнасьць Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску, якую тады ўзначальваў Ганс-Георг Вік.

Як чакалі, пасьля сыходу амбасадара Віка новага кіраўніка КНГ АБСЭ прызначыць міністар замежных справаў Румыніі, якая старшынявала ў АБСЭ летась. Але гэтага не адбылося. Я патэлефанаваў у Лісабон, у міністэрства замежных справаў Партугаліі, і пацікавіўся, ці прызначаны ўжо новы кіраўнік групы АБСЭ ў Беларусі. Вось што адказаў каардынатар партугальскага старшыняваньня ў АБСЭ амбасадар Жааньё Роза Ла.

(Роза Ла: ) “Яшчэ не. Мы знаходзімся ў працэсе прызначэньня, але, наколькі я разумею, ён яшчэ ня скончыўся. Я не магу паінфармаваць вас пра нешта больш канкрэтнае, таму што гэтае прызначэньне пакуль вырашаецца”.

Амбасадар Роза Ла не захацеў гаварыць пра перашкоды з боку беларускіх уладаў прызначэньню новага кіраўніка групы АБСЭ ў Менску, але зазначыў:

(Роза Ла: ) “Мы вельмі шмат займаемся гэтай сытуацыяй і знаходзімся ў кантакце з генэральным сакратаром АБСЭ ў Вене, а таксама зь міністэрствам замежных справаў Нямеччыны ў Бэрліне. Таму мы шмат кантактуем, рыхтуем гэтае прызначэньне. Мой міністар сустрэўся, як вы ведаеце, зь міністрам замежных справаў Беларусі ў часе міністэрскае канфэрэнцыі ў Бухарэсьце, і кантакты працягваюцца, таму мы можам вырашыць гэтую праблему. Дакладней, прызначэньне, а не праблему, — як мага хутчэй”, — сказаў Радыё Свабода каардынатар партугальскага старшыняваньня ў АБСЭ Жааньё Роза Ла.

Аднак ён ясна выказаў заклапочанасьць АБСЭ тым, што пасада кіраўніка ейнае групы ў Менску дагэтуль вакантная:

(Роза Ла: ) “Мы вельмі занепакоеныя гэтым, і, як я ўжо сказаў, робім усё, што можам, каб прызначэньне адбылося як мага хутчэй”.

Ён упершыню афіцыйна пацьвердзіў, што кандыдат на пасаду кіраўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі толькі адзін — нямецкі амбасадар Эбэргард Хайкен, — і што іншыя кандыдатуры не разглядаюцца.

(Роза Ла: ) “Не, на гэты час мы маем толькі гэтага кандыдата. Толькі аднаго”, — падкрэсьліў Жааньё Роза Ла. Ён таксама распавёў пра далейшыя пляны афіцыйнага Лісабону як дзейнага старшыні АБСЭ наконт абмеркаваньня сытуацыі ў Беларусі.

(Роза Ла: ) “Мы будзем мець сустрэчу з “тройкай” АБСЭ ды ўсімі кіраўнікамі палявых місіяў АБСЭ — тут, у Партугаліі, 21–22 студзеня. А 23-га мы прымаем у сябе міністра Іванова”.

З расейскім міністрам замежных справаў Ігарам Івановым, паводле каардынатара партугальскага старшыняваньня ў АБСЭ, таксама будуць абмяркоўваць беларускую сытуацыю. Варта нагадаць, што менавіта Расея адыграла вырашальную ролю ў адкрыцьці Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску чатыры гады таму. Цяпер АБСЭ спадзяецца, што Масква дапаможа прызначыць і новага кіраўніка гэтай групы.


XS
SM
MD
LG