Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БЕРАСЬЦІ ЗАСУДЗІЛІ ДЗЕСЯЦЬ УДЗЕЛЬНІКАЎ “ЛАНЦУГУ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ”


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньняшняе паседжаньне суду пачалося з прагляду вiдэастужкi. Запiс на ёй рабiлi супрацоўнiкi мiлiцыi падчас акцыi 9 сьнежня. Удзельнiкi працэсу яшчэ раз пераканалiся, што адмiнiстрацыйныя пратаколы былi складзены мiлiцыянтамi неахайна: час затрыманьня ўдзельнiкаў акцыi не супадае з тым, што пазначаны ў пратаколах. Пра гэта абвiнавачаныя -- а iх сёньня ў суд прыйшло 10 чалавек -- спрабавалi давесьцi суду.

Аргумэнты не былi прынятыя да ўвагi. Судзьдзя Алег Мiранюк абвесьцiў, што людзi, затрыманыя ў Берасьцi падчас "Ланцугу неабыякавых людзей", парушылi закон, бо прымалi ўдзел у несанкцыянаваным пiкеце. Паводле артыкулу 167-му частка першая Кодэксу аб адмiнiстрацыйных правапарушэньнях Эльжбэта Карпюк, Мiхаiл Мiкалаюк, Мiкалай Казiмiрчык, Раiса Антанюк, Марыя Клiмовiч, Сяргей Казлоў, Васiль Барболiн i Сяргей Алексяевiч пакараныя штрафам памерам 20 мiнiмальных заробкаў кожны. На сёньняшнi дзень гэта складае 200 тысячаў рублёў. Генадзь Самойленка i Ўладзiмер Малей, якi таксама быў абвiнавачаны ў непадпарадкаваньнi супрацоўнiкам мiлiцыi, атрымалi па 15 сутак адмiнiстрацыйнага арышту. Яшчэ да абвяшчэньня выраку ў судовай залi з'явiлiся мiлiцыянты з канвою. Адразу пасьля агучанага рашэньня яны арыштавалi спадароў Малея i Самойленку.

Вось як каментуюць вырак суду iншыя ўдзельнiкi акцыi "Ланцуг неабыякавых людзей". Гаворыць пэнсыянэр Васiль Барболiн:

(Барболiн:) "Адбылося самаўпраўства. Зьнiшчылi i працягваюць зьнiшчаць добрае жаданьне людзей быць неабыякавымi. Мы маем адно права -- маўчаць. А калi мы хочам дапамчы нашай дзяржаве ў пошуках людзей, дык з'яўляемся злачынцамi. Ганьба гэтаму".

Пра свой удзел у акцыi распавядае пэнсыянэрка Эльжбэта Карпюк:

(Карпюк:) "Я абсалютна нiякiх палiтычных патрабаваньняў не вылучала. Прыйшла ў гэты ланцужок толькi таму, што зьнiкаюць вельмi шмат людзей. У кожнай газэце пiшуць пра гэта. I гэтае пытаньне мяне больш за ўсё турбуе. Я баюся за сваю сям'ю, за сваiх дзяцей i ўнукаў. Менавiта таму я там стаяла".

Сваю нязгоду з рашэньнем суду выказвае i рабочы аднаго з берасьцейскiх заводаў Мiкалай Казiмiрчык:

(Казiмiрчык:) "Я лiчу, што адносiны суду да нас няправiльныя. Людзi выйшлi, таму што да гэтага заклiкала сэрца, каб зьвярнуць увагу праваахоўных ворганаў, якiя нiчога ня робяць, каб адшукаць гэтых людзей. Калi зьнiкаюць такiя вядомыя людзi, дык што казаць мне прастому сьмертнаму. Я просты рабочы, а яны мне даюць 20 мiнiмалак штрафу -- гэта мой заробак за поўгода. Я ўвогуле лiчу, што ўвесь гэты працэс надуманы. Калi ўлады ведалi, што акцыя забароненая, чаму не папярэдзiлi людзей, што ня трэба зьбiрацца? Акцыя была справакаваная ўладамi i, у прыватнасьцi, мiлiцыяй".

Паведамiў Мiкалай Казiмiрчык.

Усе ўдзельнiкi акцыi, што атрымалi сёньня спагнаньнi, маюць намер абскардзiць вынесенае судовае рашэньне.

XS
SM
MD
LG