Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ірыне Красоўскай адказалі з рэспубліканскай пракуратуры на яе скаргу. Зінаіда Ганчара кажа, што яе апошні ліст да Пуціна быў сапраўды апошні. Актывісты апазыцыі пікетам адзначылі 50-годзьдзе Юрыя Захаранкі. На працэсе па справе Завадзкага пачалі вывучаць пісьмовыя паказаньні ды іншыя дакумэнты.

Ірына Красоўская нарэшце атрымала адказ на свой ліст у рэспубліканскую пракуратуру, у якім яна скардзілася на тое, што фактычна спынілася сьледзтва паводле справы яе мужа Анатоля Красоўскага.

Нагадаю, Анатоль Красоўскі зьнік ужо больш за два гады, але ніякіх вынікаў расьсьледаваньне дагэтуль не дало. Ірына Красоўская лічыць, што сьледчыя ня робяць таго, што ім належыць, каб раскрыць зьнікненьне. Пракуроры зь ёй не пагадзіліся, але пагадзіліся з тым, што яна мае права і надалей скардзіцца.

(Красоўская: ) “Яны мне сказалі, што расьсьледаваньне ідзе, а калі я зь нечым нязгодная, то павінна зьвяртацца да Шэймана. Шэйман, відаць, ведае больш”, — вось так, паводле Ірыны Красоўскай, адказалі ёй на яе скаргу ветлівыя падначаленыя генэральнага пракурора Віктара Шэймана.

Нагадаю, што некаторыя ў Беларусі лічаць, быццам паводле загаду менавіта Віктара Шэймана былі скрадзеныя і нават зьнішчаныя лідэры апазыцыі Захаранка ды Ганчар, а разам з Ганчаром і бізнэсовец Красоўскі. Калі гэта праўда, то парада зьвяртацца да генпракурора — ня проста бюракратычны хітрык, а слушная арыенціроўка.


***
Беларускія чыноўнікі хоць адказваюць на звароты да іх сваякоў зьніклых, а вось расейскія найвышэйшыя кіраўнікі маўчаць.

Зінаіда Ганчар кажа, што дагэтуль не атрымала адказу з адміністрацыі Ўладзімера Пуціна, да якога яна зьвярталася па дапамогу яшчэ летась у лістападзе. Няма ня тое што адказу на зварот, а нават паведамленьня, што заява атрыманая, хаця Зінаіда Ганчар у гэтым не сумняецца. Цяпер яна кажа: “Хопіць, апошні ліст Пуціну быў сапраўды апошнім. Больш я да яго зьвяртацца ня буду”.


***
Асоба яшчэ аднаго зьніклага апазыцыянэра, Юрыя Захаранкі, была ў цэнтры ўвагі грамадзкасьці на бягучым тыдні. Юрыю Захаранку споўнілася 50 гадоў, зь іх амаль тры апошнія гады ён невядома дзе.

У дзень угодкаў Захаранкі аднадумцы з АГП і актывісты моладзевага руху супраціву “Зубр” паўсталі зь ягонымі партрэтамі на месцы, дзе адбыўся ягоны захоп невядомымі. На марозе, пад сьнегападам яны прастаялі амаль гадзіну, нагадваючы мінакам пра лёс вядомага апазыцыянэра.

Міліцыянты, што прыехалі на гэтую акцыю, яе ўдзельнікаў не чапалі. Адзін зь іх, не назваўшы свайго імя, сказаў мне пасьля, што сярод звычайных міліцыянтаў і вайскоўцаў генэрал Захаранка дагэтуль мае вялікі аўтарытэт.

Вайсковы пэнсіянэр Ўладзімер Кармілкін на аўдыёстужках захоўвае выступы Захаранкі перад жыхарамі Менску. Гэтая стужка была запісаная спадаром Кармілкіным на мітынгу, прысьвечаным Канстытуцыі 1994 году. Вось адзін з фрагмэнтаў прамовы Захаранкі:

(Юры Захаранка: ) “Я зьвяртаюся да чыноўнікаў зь міністэрскімі партфэлямі, да ўсіх вэртыкальшчыкаў, да пацыентаў абедзьвюх палат, да іхнага духоўнага бацькі, беларускага папа Гапона. Дзе вашае сумленьне? Сярод кіруючых злодзеяў вы становіцеся да іх падобныя. Мы здраджваеце нашай шматпакутнай Беларусі за часовую сытную пахлёбку. Адумайцеся й пакайцеся, бо ня будзе вам дараваньня ад людзей, і нават вашыя дзеці вас праклянуць”.

Гэтак казаў, выступаючы перад шматтысячнай аўдыторыяй у Менску генэрал Юры Захаранка. Ішоў 1997 год, Юрыю Захаранку было ўсяго 45 гадоў. Праз два гады ён зьнікне.


***
Напрыканцы колькі словаў пра судовыя працэсы, што ідуць цяпер у Менску. На працэсе над былым “алмазаўцам” Ігнатовічам, якога падазраюць у тым ліку і ў выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, паводле крыніцаў з суду, пачалі вывучаць пісьмовыя паказаньні сьведкаў ды іншыя дакумэнты.

Гэта азначае, што сьведкі ўжо ўсе апытаныя і працэс неўзабаве можа падысьці да завяршэньня. Што сугучна, дарэчы, прагнозу Паўла Шарамета, які казаў, што суд будзе нядоўгім. Між тым, паводле тых жа закрытых крыніцаў, пэўнасьці наконт таго, хто ж скраў Завадзкага і куды яго падзелі дагэтуль няма.

А ў Ленінскім судзе працягваецца працэс над сынам экс-прэм’ера Чыгіра Аляксандрам. Там яшчэ ідзе апытаньне сьведкаў, якія па-ранейшаму даюць вельмі блытаныя й супярэчлівыя паказаньні наконт магчымай віны Чыгіра-малодшага ў крадзяжы аўтамабіляў.


XS
SM
MD
LG