Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАСЬПЯХОВА ІДЗЕ ПЕРАХОД НА ЭЎРА?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

“Інфармацыя, якая паступае ад краінаў эўразоны, сьведчыць, што сэктар гандлю ўраздроб пасьпяхова прыстасаваўся да эўра,” – заявіў у чацьвер у Франкфурце адмысловы ўпаўнаважаны ў эўрапейскіх эканамічных і валютных справах Пэдра Солбэс. І хоць нацыянальныя валюты будуць заставацца законным сродкам плацяжоў яшчэ некалькі тыдняў, рэальная замена нацыянальных грошай на эўра, паводле Солбэса, можа быць завершаная “да канца другога тыдня студзеня”.

Але людзі нэрваваліся, бо імкнуліся пазбавіцца старых грошай, тады як банкі пераконвалі кліентаў выдаваць наяўныя нацыянальныя грошы, якія ў іх заставаліся, у крамах, а не стаяць ля вакенцаў касаў у банках. У Афінах здарыўся амаль бунт, калі дзяржаўная кампанія водаспажываньня прапанавала кліентам стаць спачатку ў адну доўгую чаргу для замены драхмаў на эўра, а затым ужо ў іншую, каб аплаціць новай валютай рахункі за спажываньне вады. У чацьвер людзі стаялі ўжо ў адной чарзе, але яна прасоўвалася марудна.

У Рыме падарожнікі былі змушаныя прапусьціць свае цягнікі, таму што аўтаматы па продажы квіткоў не працавалі. Эўракамісія паведаміла, што ў Італіі ў сераду, у першы поўны дзень гандлю, толькі 3 адсоткі ад наяўных выплатаў былі зробленыя ў эўра – у той час, як у Францыі і Галяндыі больш за 50 адсоткаў. “Італія заўсёды апошняя ў клясе” – напісала з гэтай нагоды газэта “Ля Стампа”.

Бальшыня галоўных крамаў у Парыжы выдавала рэшту ў эўра, незалежна ад таго, ці плацілі пакупнікі франкамі, ці эўра. Але меншыя крамы выкарыстоўвалі асобныя рахункі, выдаючы рэшту ў той валюце, якой людзі плацілі. У Нямеччыне бегатня па банках была выкліканая шырока ўспрынятым памылковым меркаваньнем, што нямецкія маркі больш ня маюць вартасьці. Маркі юрыдычна спынілі існаваньне апоўначы 31 студзеня, але практычна, крамы працягваюць іх прымаць да лютага. Непрыемнасьці былі выкліканыя яшчэ і тым, што масавая газэта “Більд” папярэджвала, што многія крамы ня буць браць маркі пасьля Новага Году. Часткова газэта мела рацыю: сапраўды, асобныя гаспадары крамаў адмаўляліся браць старыя манэты.

Унікальна, што сярод 12 краінаў, якія перайшлі на эўра, Нямецкі Банк выступіў найбольш рашуча, заявіўшы, што нацыянальная валюта ня будзе мець юрыдычнай сілы пасьля ўвядзеньня эўра. І толькі пазьней Банк заявіў, што крамы абавязаныя прымаць маркі яшчэ колькі месяцаў. Аднак пакуль заўважная неразьбярыха, бо многія немцы ня хутка здолеюць пазбавіцца той колькасьці марак, якую яны маюць. Тым ня менш, марка зьнікае хутчэй, чым меркавалася, – піша “Оснабрукэр Цайтунг”.

Апытаньне 10 тысячаў гледачоў тэлевізійнай кампаніі АРД выявіла, што тры чвэрці людзей ня мелі ніякіх праблемаў у першы дзень гандлю з эўра. “Я мяркую, што напрыканцы наступнага тыдню марка будзе па-за зваротам, і мы будзем гандляваць толькі праз эўра,” – сказаў Хольгэр Вэнзель, кіраўнік HDE, фэдэрацыі гандлю ўраздроб.

Узьнікалі ў першыя дні непаразуменьні ў банках у розных краінах. Але яны бліжэйшым часам зьнікнуць, бо банкі працягваюць уводзіць эўра ў сыстэму.

Нацыянальныя валюты спыняць існаваньне як законныя сродкі плацяжоў – у Галяндыі 28 студзеня, у Ірляндыі 9 лютага, у Францыі 17 лютага і ў Аўстрыі, Бэльгіі, Фінляндыі, Грэцыі, Італіі, Люксэмбургу, Партугаліі і Гішпаніі 28 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG