Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКУДОВІЧ І БАЯРЫН СТВАРАЮЦЬ САЙТ БЕЛАРУСКІХ НІГІЛІСТАЎ


Юрась Барысевіч, Менск

Новым рэдактарам часопісу “Nihil” сталася філёзаф Тацяна Сьлінка, якая рэдагуе і часопіс Беларускага калегіюму “Паміж”. Былы рэдактар “Nihil” паэт Міхась Баярын разам зь філёзафам Валянцінам Акудовічам цяпер ствараюць Інтэрнэт-сайт беларускіх нігілістаў Terra Nihil. Мэта гэтага “геаграфічнага” праекту — адкрыць Беларусь у яе адсутнасьці. На сайце будуць публікавацца ўсе тэксты Акудовіча й “Анталёгія сусьветнага нігілізму”, якую зьбірае філёзаф. Прэзэнтацыя сайту, а таксама трэцяга нумару часопісу “Nihil”, мае адбыцца пры канцы студзеня.

У Рэспубліканскім цэнтры экалягічнага выхаваньня дзяцей і юнацтва, што на вуліцы Макаёнка, адкрылася выстава-конкурс “Кветкі на сьнезе”. Удзел у выставе ўзялі 16 камандаў фітадызайнэраў з 14 гарадоў Беларусі. Сярод конкурсных твораў — аздоба калядных елак, упакоўка для падарункаў, букеты і маскі. Перамогу ў конкурсе “Кветкі на сьнезе” журы прысудзіла камандзе Менскага абласнога цэнтру тэхнічнае творчасьці.

У выдавецтве “Навука” выйшаў першы з чатырох тамоў “Гісторыі кінамастацтва Беларусі”, якую стварае Інстытут мастацтвазнаўства Акадэміі Навук. У першым томе, які напісаў кіназнаўца Анатоль Красінскі, распавядаецца пра спадчыну кінастудыяў “Савецкая Беларусь” і “Беларусьфільм” за 1924–59 гады. У кнізе, на жаль, няма ніякіх зьвестак пра дакумэнтальныя стужкі, што ствараліся ў Заходняе Беларусі за польскім часам, а таксама дарэвалюцыйную і нямецкую кінахроніку часоў вайны. Плянуецца, што астатнія тры тамы “Гісторыі кінамастацтва Беларусі” выйдуць на працягу трох гадоў.

Маладыя літаратары Клецкага раёну выпусьцілі першы нумар уласнага часопісу “Вольны Парнас”. Апроч літаратурных твораў, часопіс друкуе публіцыстыку і навіны культурнага жыцьця. Рэдакцыя “Вольнага Парнаса” месьціцца ў хаце паэта Алега Нікуліна, які жыве ў вёсцы Гурнаўшчына.

У Нацыянальным мастацкім музэі праходзіць мэмарыяльная выстава, прысьвечаная графіку й мастацтвазнаўцу Юрыю Карачуну, які быў дырэктарам музэю на працягу 20 гадоў. На гэтай пасадзе Юрый Карачун шмат зрабіў для стварэньня Музэя беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, Музэя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, Мазырскае карціннае галерэі. Экспануюцца кнігі, якія аформіў Юрый Карачун, а таксама ягоныя малюнкі і акварэлі. Сярод гэтых краявідаў Беларусі ды Заходняе Эўропы ёсьць малюнак дому ў Празе, дзе друкаваў Біблію Францішак Скарына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG