Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЯК ГРАМАДЗКАСЬЦЬ ЗМАГАЛАСЯ ЗА ПРАЎДУ ПРА ЗЬНІКНЕНЬНЕ ЮРЫЯ ЗАХАРАНКІ


Віталь Тарас, Прага

7-га траўня 1999 году, праз тры дні пасьля зьнікненьня Юрыя Захаранкі, адбылося экстраннае паседжаньне Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў Беларусі. Рада вырашыла стварыць грамадзкі камітэт вызваленьня Юрыя Захаранкі. Камітэт узначаліў юрыст Алег Воўчак.

12 траўня Выканаўчы дырэктар Міжнароднай Лігі правоў чалавека Кэці Фіцпатрык накіравала ліст Аляксандру Лукашэнку з патрабаваньнем расьсьледаваць абставіны зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Пазьней падобныя лісты даслалі Міжнародная Амністыя, іншыя аўтарытэтныя праваабарончыя арганізацыі.

Праз два месяцы пасьля зьнікненьня Юрыя Захаранекі зь ягонай жонкай Вольгай Захаранка, а таксама з Тацянай Клімавай, Зояй Кудзінавай, Тацянай Карпенка і Юліяй Чыгір упершыню сустрэўся тагачасны амбасадар ЗША ў Беларусі Дэніэл Спэкгард.

Увосені 99-га справа Захаранкі разглядалася ў Жэнэве Камісіяй ААН па правах чалавека, на паседжаньні рабочай групы ў справе гвалтоўных выкраданьняў і зьнікненьняў людзей.

5 траўня 2000-га году ў Менску выйшаў зборнік “Дзе Юры Захаранка?”, выдадзены грамадзкім аб’яднаньнем “Праўная дапамога насельніцтву”.

У першую гадавіну зьнікненьня Захаранкі ля ягонага дому ў Менску адбыўся пікет, у якім удзельнічалі ягоная жонка ды вядомыя беларускія палітыкі. У сувязі з гадавінай зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў Беларусі была прынятая заява Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША з патрабаваньнем да беларускіх уладаў даць тлумачэньні ў справе Юрыя Захаранкі ды іншых зьніклых. Падобныя патрабаваньні ў яшчэ больш жорсткай форме пазьней паўтарыла адміністрацыя новага прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага.

Напрыканцы 2000-га году праваабарончыя арганізацыі Швэцыі перадалі ў амбасаду Беларусі ў Стакгольме звыш 2000 тысячаў подпісаў пад зваротам грамадзянаў гэтай краіны да беларускіх уладаў з патрабаваньнем расьследаваць зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага.

На пачатку 2001-га году сям’я Юрыя Захаранкі атрымала палітычны прытулак у Нямеччыне.

На працягу ўсяго мінулага году ў Менску ды іншых месцах беларусі адбываліся грамадзкія акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей” з патрабаваньнем да ўладаў даць адказ у справе зьніклых людзей.

7-га верасьня такія акцыі адбыліся ня толькі ў Менску і шэрагу іншых беларускіх гарадоў, але ўпершыню адначасова ў некалькіх эўрапейскіх сталіцах – Бэрліне, Брусэлі, Празе ды інш.

Маштабная акцыя адбылася 17 верасьня ля будынку адміністрацыі прэзыдэнта ў Менску.


XS
SM
MD
LG