Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ЗАЯВІЎ, ШТО НАВАТ У ГОД КАНЯ БЕЛАРУСЬ НЕ ПАСКАЧА ЗА РАСЕЯЙ…


Юры Дракахруст, Прага

“Мы ня можам, нават у год Каня, скакаць на конях за Расеяй і прымаць усё, што ёй выгадна,” – заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка. Магчыма, ранейшыя гады, прысьвечаныя іншым жывёлам, для такой адказнай заявы не падыходзілі. Ня выключана, што на настрой кіраўніка Беларусі паўплывалі і вынікі апошняй сустрэчы з Уладзімерам Пуціным, падчас якой прэзыдэнт Расеі ня стаў нават абмяркоўваць беларускія прапановы палітычнай інтэграцыі. Аднак падчас сёньняшняй нарады Лукашэнка паўтарыў іх бяз зьменаў. Паводле яго словаў, трэба вызначыць якія ворганы ўлады мусяць быць у саюзе, якімі паўнамоцтвамі яны павінныя валодаць, вызначыцца, нарэшце, з выбарамі ў саюзны парлямэнт.

Кіраўнік Беларусі зрабіў выгляд, што не заўважыў супярэчнасьцяў паміж сваімі падыходамі і поглядамі Крамля, якога пражэкты палітычнага аб’яднаньня пакуль ці яшчэ не цікавяць. Аднак і ўласны погляд Аляксандра Лукашэнкі на гэтую праблему не пазбаўлены супярэчнасьцяў. На сёньняшняй нарадзе ён паўтарыў, што размова мусіць ісьці менавіта пра наднацыянальныя, а не пра міждзяржаўныя ворганы ўлады. Разам з тым ён заявіў, што Беларусь як сувэрэная і незалежная дзяржава ня можа быць страчаная, і кіраўніцтва краіны ня мае на гэта права. Ці ня ўпершыню Лукашэнка адзначыў, што і расейцы ня пойдуць на разбурэньне сваёй дзяржаўнасьці. Заўвага трапная, але расейцы зь вялікай цяжкасьцю даюць рады сваёй цяперашняй фэдэрацыі, і як ўмацаваньню іх дзяржаўнасьці паспрыяе дадатак у выглядзе яшчэ аднаго сувэрэнага і незалежнага суб’екта, Лукашэнка не патлумачыў.

Не патлумачыў ён таксама, як спалучыць незалежнасьць Беларусі і яе знаходжаньне ў адзінай саюзнай дзяржаве. Паводле словаў Лукашэнкі трэба ўпершыню у гісторыі знайсьці такую формулу нашых паводзінаў у стварэньні саюзнай дзяржавы, якая дагэтуль пакуль невядомая.
Вынайсьці штосьці ўпершыню у гісторыі – справа ганаровая, аднак, напрыклад, вынаходнікаў “вечнага рухавіка” чамусьці без размоваў накіроўваюць да лекараў.

Расейцы, стаміўшыся ад прапановаў саюзнага палітычнага “вечнага рухавіка”, прапаноўваюць зрабіць нешта практычнае ў галіне збліжэньня эканомікаў. Падчас апошняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве была выпрацаваная чарговая праграма эканамічнай інтэграцыі. Але гледзячы па выніках сёньняшняй нарады, яе хутчэй за ўсё спасьцігне лёс яе папярэдніц. Значную частку свайго выступу кіраўнік Беларусі адвёў крытыцы аднабаковых дзеяньняў расейскага боку: Масква явачным парадкам аднавіла мытную мяжу зь Беларусьсю, без узгадненьня зь Менскам мяняе стаўкі мытаў. “Хто ў гэтым вінаваты?” – рытарычна спытаў Лукашэнка.

Некалькі месяцаў таму шчыры адказ на гэтае пытаньне атрымаў ад прэм’ера Расеі Касьянава яго беларускі калега Генадзь Навіцкі. Паводле расповяду Навіцкага, Касьянаў сказаў яму, што пакуль беларускае заканадаўства, беларуская эканамічная палітыка ня будуць аднолькавымі з расейскімі, ніякіх роўных умоваў гаспадараньня, ніякага скасаваньня мытнай мяжы ня будзе. Кіраўнік расейскага ўраду тады патлумачыў, што гэта пазыцыя і яго, і прэзыдэнта Расеі. Менавіта маючы на ўвазе гэтыя патрабаваньні, Лукашэнка і сказаў, што нават ў год каня Беларусь не паскача за Расеяй. Але тады атрымліваецца, што і ў эканамічнай сфэры шанцы на збліжэньне пазыцыяў бакоў надзвычай невялікія.

Нежаданьне скакаць за Расеяй – намер неблагі, але ў дадзеным выпадку ён ў пэўнай ступені прыкрывае нежаданьне рэфармаваць беларускую эканамічную мадэль “ручнога кіраваньня”. Зараз ужо і Расея, і Захад кажуць Менску адное і тое ж: “Праводзьце рэформы”. І бясплёныя пошукі беларуска-расейскага “вечнага рухавіка” ня змогуць замяніць неабходнае рэфармаваньне беларускай эканомікі, бо ў гэтай справе, як той казаў, яшчэ і конь не валяўся.


XS
SM
MD
LG