Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ НАМЕСЬНІК ГЕНДЫРЭКТАРА МЕНСКАГА АЎТАЗАВОДУ ПАПРАСІЎ ПАЛІТЫЧНАГА ПРЫТУЛКУ Ў ПОЛЬШЧЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Прага

Былы намесьнік генэральнага дырэктара МАЗу па зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Аляксандар Якаўлеў ужо больш за год легальна жыве з сям’ёй ў Вроцлаве. Спадар Якаўлеў упэўнены, што беларускія сьледчыя ворганы перасьледуюць яго па палітычных матывах.

Дарэчы, ордэр на арышт Якаўлева быў складзены беларускім бокам яшчэ ў красавіку летась, але палякі распачалі справу аб экстрадыцыі толькі напрыканцы лістапада. Якаўлева арыштавалі і больш за тры тыдні трымалі ў турме, а напрыканцы студзеня адбудзецца ўжо другі суд у справе экстрадыцыі. Чаму менавіта цяпер?

Паводле словаў Якаўлева, з пэўных крыніцаў ён мае інфармацыю аб тым, што ў часе нядаўняга антытэрарыстычнага саміту ў Варшаве, прадстаўнікі Беларусі магчыма перадалі польскаму боку сьпіс грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца цяпер у Польшчы і чыёй экстрадыцыі Беларусь патрабуе.

Афіцыйна беларускія сьледчыя ворганы абвінавачваюць Якаўлева ў кантрабандзе валюты ў часе паездкі зь сям’ёй за мяжу і адмываньні грошай, здабытых крымінальным шляхам. А ці ёсьць якія-небудзь доказы? Гаворыць Аляксандар Якаўлеў:

(Якаўлеў: ) “Вось напрыклад як яны даводзяць, што я меў кантрабанду. Доказ у тым, што ў мытнікаў няма дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць, што я вывозіў валюту. Мінула ўжо паўтара гады з таго часу, а КГБ раптам знайшоў, што я зьдзейсьніў злачынства і не задэкляраваў вываз гэтай валюты, хаця насамрэч я валюту дэкляраваў. Атрымліваецца, што КДБ паўтара гады чакаў, ведаючы, што я перавозіў кантрабанду?”

(Карэспандэнт: ) “Якія тады, на вашую думку, сапраўдныя прычыны перасьледу?”

(Якаўлеў: ) “А чаму Сталін разумных людзей садзіў у турмы? Чаму на Беларусі зараз садзяць у турмы разумных людзей. Таму, што працаваць павінны людзі, якія моўчкі выконваюць загады. Любы чалавек, які мае сваё меркаваньне, які нармалёва ўспрымае сытуацыю, рэжыму непатрэбны”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а ў часе Вашае працы на прадпрыемстве, ці былі ў кіраўніцтва якія-небудзь нагоды падазраваць Вас у неляяльнасьці да цяперашніх уладаў?”

(Якаўлеў: ) “Толькі тое, што я забараніў сваім супрацоўнікам перадаваць інфармацыю КГБ без маёй пісьмовай згоды, напэўна не вельмі спадабалася. Але я ўзяў на сябе такую сьмеласьць, бо яны штодня прыходзілі ды вэрбавалі маіх падначаленых. Потым, калі трэба было як пры сацыялізме хадзіць на палітінфармацыі ды распавядаць рабочым, як яны добра жывуць, я два разы з рабочымі сустрэўся. Пытаньні былі вядома якія – як пражыць на жабрацкі заробак. Тады я пайшоў да кіраўніцтва ды сказаў, ці я буду казаць рабочым пра тое, што ёсьць насамрэч, ці ўвогуле не пайду, бо хлусіць ня буду. Тое самае было ў часе выбараў у палату, калі ад кіраўнікоў патрабавалі агітаваць, каб падначаленыя галасавалі за тых кандыдатаў, якія патрэбныя ўладам. А я сваім падначаленым і рабочым казаў – галасуйце як падказвае сумленьне. Натуральна, што пра ўсё гэта стала вядома”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а якая ўвогуле ёсьць атмасфэра ў дырэктарскім корпусе?”

(Якаўлеў: ) “Вы не жылі ў тыя часы, калі анэкдоты распавядалі шэптам на кухні і калі нельга было сказаць іншаму чалавеку пра свае думкі. Цяпер для дырэктараў размова ў кабінэце на вуха ці праз запіскі лічыцца нормай. Пра размовы ўголас па непрацоўных пытаньнях усе ўжо забыліся. Калі трэба паразмаўляць, дык толькі шэптам, напісаць на паперы альбо паехаць куды-небудзь ды й то трэба азірацца, каб не было якой-небудзь машыны з падслухоўваючай апаратурай”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, ці можна сказаць, што кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў знаходзяцца пад татальным кантролем спэцслужбаў?”

(Якаўлеў: ) “Так, абавязкова. Ва ўсялякім разе вялікіх прадпрыемстваў. На больш дробныя можа апаратуры не хапае ці людзей. А такія, як кіраўнікі МАЗу, дзе я працаваў, дык напэўна”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы думаеце, ці будуць і надалей працягвацца арышты кіраўнікоў прадпрыемстваў у Беларусі?”

(Якаўлеў: ) “А як яшчэ людзям патлумачыць, чаму яны не жывуць лепей? А так гэта робіцца вельмі проста – ты не атрымліваеш добрага заробку таму, што твой дырэктар ці намесьнік дырэктара – злодзей. Ён скраў твае грошы. І рабочыя гэта разумеюць, бо сацыялістычная сыстэма выхавала ў людзей разуменьне таго, што ўсе крадуць. А дырэктару ўкрасьці – дык гэта ўвогуле нармальна, што ж яму яшчэ рабіць, як ня красьці?”

(Карэспандэнт: ) “Цяпер шмат гавораць аб тым, што па выбарах можна чакаць лібэралізацыі беларускай эканомікі, што новы прэм’ер ёсьць чалавекам празаходнім і эканамічная сытуацыя ўвогуле можа зьмяніцца. Як чалавек, які добра ведае як пабудаваная цяперашняя беларуская эканамічная сыстэма, ці верыце вы ў гэта?”

(Якаўлеў: ) “Зь Генадзем Навіцкім мы вучыліся ў адной групе у Інстытуце, таму я яго трохі ведаю. Але справа ж ня ў ім. Які б ня быў прэм’ер-міністар, ягоная роля ў Беларусі вядома якая. Таму ва ўсё гэта я ня веру, бо ўсё гэта мы ўжо праходзілі пры сацыялізме. Усе праграмы лібэралізацыі, якія былі ўхваленыя на зьездах партыі ад XX да XXIV. Якая можа быць лібэралізацыя пры дзяржаўнай уласнасьці на сродкі вытворчасьці? Толькі калі дзяржава ад гэтага адмовіцца, тады будзе магчымая лібэралізацыя і можна будзе гаварыць пра стварэньне ўмоваў для працы прыватнага сэктару”.

(Карэспандэнт: ) “А ці можна дапусьціць, што кіраўніцтва Беларусі на гэта пойдзе?”

(Якаўлеў: ) “А запытайцеся самі ў сябе: ці зможа рэжым існаваць, калі пойдзе на сапраўдную лібэралізацыю? Як ён будзе існаваць? Ці будзе прыватнае прадпрыемства адлічваць грошы, прыкладам, у фонд прэзыдэнта? У нас ледзь ня 200 тысячаў чалавек ў арміі і спэцслужбах. Створаная паліцэйская сыстэма кіраваньня, якую трэба карміць. Корміць яе МАЗ, Трактарны завод, “Атлянт” ды іншыя. Чаму не хапае, прыкладам, сродкаў на аднаўленьне асноўных фондаў? Таму, што яны ідуць на ўтрыманьне апарату, які падтрымлівае рэжым”.

Гаварыў Аляксандар Якаўлеў.

XS
SM
MD
LG