Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЯ СЫСТЭМА ФІНАНСАВАНЬНЯ МЭДЫЦЫНЫ ЎСКЛАДНІЛА ДОСТУП ХВОРЫХ ДА ШПІТАЛЁЎ


Алена Панкратава, Менск

Агульнабеларускай мэдычнай навацыі папярэднічаў віцебскі экспэрымэнт. Цягам мінулага году кожная амбуляторная ўстанова вобласьці — участковая, раённая, заводзкая паліклінікі — самастойна вырашалі, на якія патрэбы ёй накіроўваць выдаткаваныя бюджэтам сродкі (прыкладна па 100 тысяч рублёў на хворага): на візыты ўчастковых лекараў, закуп дыягнастычнага абсталяваньня альбо накіраваньне хворага ў стацыянар.

Узгадалі досьвед разьвітых краінаў, дзе шпіталі па колькасьці месцаў у некалькі разоў меншыя за тыя ж віцебскія альбо менскія, і такія хваробы як запаленьне лёгкіх, язву страўніка, дыябэт ды іншыя там, на Захадзе, толькі ў самых выключных выпадках лечаць стацыянарна, прычым, на працягу некалькіх дзён, а ня трох–чатырох тыдняў, як у нас.

Як вынік, шпіталі Віцебшчыны апынуліся на мяжы банкруцтва, аднак сам віцебскі экспэрымэнт прызнаны чыноўнікамі як пасьпяховы. Што думаюць адносна рэформы фахоўцы?

Многія з кваліфікаваных сталічных лекараў і хірургаў згодныя з тым, што апошнім часам айчынныя стацыянары нагадвалі хутчэй цэнтры сацыяльнай дапамогі.

Дзякуючы працягламу ўтрыманьню ў іх пацыенты маглі эканоміць на квартплаце, харчаваньні, назапашваць на будучыню мэдыкамэнты, не атрымліваючы пры гэтым сучаснай мэдычнай дапамогі. Адначасова вялікія матэрыяльныя страты несьлі й самі стацыянары: штодзённае ўтрыманьне тысячы хворых сёлета не дазволіць сабе нават адна зь вядучых эўрапейскіх клінік — бэрлінская Шарытэ.

Аднак у выніку беларускай рэформы дывідэнды атрымаюць ня мэдыкі й пацыенты, а выключна дзяржава,— перакананы 40-гадовы менскі хірург Юры, які праходзіў стажыроўку як у Шарытэ, так і ў іншых вядомых шпіталях Захаду.

(Юры: ) “У выніку трэба чакаць істотных скарачэньняў фінансаваньня на ахову здароўя ў цэлым. Сто тысяч рублёў на год на адну асобу — сума вельмі сьмешная. Любы пацыент, які справядліва будзе не задаволены якасьцю дапамогі й пачне скардзіцца, пачуе адказ: дзяржава выдаткавала грошы на кожнага з вас, аднак мэдыкі невядома куды й як патрацілі гэтыя сродкі. У выніку ў мэдыцыне створаная нэрвовая сытуацыя, разваленыя стацыянары. Клінічнаму лекару ці хірургу застаецца толькі ісьці ў прыватныя структуры альбо пераходзіць у паліклінікі, як гэта адбылося ў Віцебску. Безумоўна, кваліфікацыя пагоршыцца”.

Паводле калегаў Юрыя, самыя вялікія страты панясе плянавая хірургія, альбо, як гэта гучыць на іхнай мове, хірургія вышэйшага пілятажу. Сёньня беларускія фахоўцы ў стане рабіць самыя сучасныя апэрацыі эўрапейскага ўзроўню — ад ляпараскапічнай па выдаленьні жоўцевага пухіра да пратэзаваньня суставаў. Падобная мэдычная дапамога праводзіцца як у платных, так і ў бясплатных палатах, намінальна каштуе ад 100 да 1000 даляраў.

Зразумела, што, пачынаючы з 1-га студзеня, ніводная паліклініка не зацікаўленая накіроўваць сваіх пацыентаў на падобнае лячэньне. Калі хтосьці з пацыентаў усё ж, не без дапамогі хабару, будзе накіраваны ў бясплатны стацыянар, гэта будзе азначаць, што паліклініка аддала яму сродкі, прызначаныя на іншых хворых.

На думку мэдыкаў, рэформу ў мэдыцыне трэба абавязкова рабіць, але інакш.

(Юры: ) “Вядома, у гэтае галіне трэба ажыцьцяўляць пераходную палітыку. Трэба скарачаць стацыянары, але пакрысе. Напрыклад, у цэнтры Менску дастаткова шпіталяў, дзе няма ні мэдыкамэнтаў, ні абсталяваньня. Гэтыя будынкі міністэрства магло б прадаць, а грошы выкарыстаць на сучаснае разьвіцьцё галіны. Паралельна трэба мяняць псыхалёгію грамадзтва — большасьць хваробаў зусім не абавязкова лячыць у стацыянары. Каб ня шкодзіць ні хвораму, ні айчыннай мэдычнай школе, рэформа павінна праводзіцца паступова і разумна”.


XS
SM
MD
LG