Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ АКАЗАЛІСЯ НЕПАДРЫХТАВАНЫЯ ДА СЬНЕГАПАДАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня многія жыхары Менску ды іншых буйных гарадоў, якія на сьвята выяжджалі да сваякоў у вёску, ня здолелі своечасова вярнуцца дамоў. Людзі скардзяцца, што занесеныя сьнегам дарогі ніхто не расчышчаў, а таму аўтобусы ў маленькія вёскі не заходзілі.

(Уладальнік аўтамабіля: ) “У цэнтры гораду яшчэ больш-менш пачысьцілі, а на ўскраінах немагчыма езьдзіць. Раніцай практычна ўсе трамваі стаялі і тралейбусы таксама месцамі ў розных кропках гораду. Магчыма, не было электрычнасьці. За Менскам чысьцяць толькі асноўныя трасы, дзе ходзяць аўтобусы. У вёсках ніхто ня чысьціць. Хоць бяры шуфель і сам прыбірай".

Сотні менчукоў таксама спазьніліся на працу. Уладальнікі прыватных аўтамабіляў вымушаныя былі дабірацца на грамадзкім транспарце. У паліклініках вялізныя чэргі да траўматолягаў – вуліцы вельмі коўзкія:

(Мінак: ) “Занесла машыну да самага даху. Ніхто не прыбраў сьнег, старэнькая прыбіральшчыца з шуфлем ня справіцца".

(Міначка: ) “Вельмі кепска. Машыны ня ходзяць. Мы прыехалі на цягніку. У каго ёсьць магчымасьць прыехаць на цягніку, тым пашанцавала, а многія ж людзі спазьніліся".

(Міначка: ) “Ведаеце, шэсьцьдзесят дзявяты дрэнна ходзіць. А яшчэ й халодна. Чакаць прыходзіцца па пяцьдзесят хвілінаў".

(Мінак: ) “Дакладна, так і ёсьць. Я жыву на Бранявым завулку ў цэнтры, дарэчы, там дзе й Кебіч. Дык у нас машына заехала ў двор і брухам села на сьнег і пакуль не прыехаў трактар – ня здолелі крануць зь месца".

(Міначка: ) “Вельмі цяжка. Вось я нагу зламала. Сёньня была ў паліклініцы. Там такія чэргі! Людзі са зламанымі нагамі, рукамі, насамі... Чаму ніхто пяску не насыпаў?"

(Мінак з маленькай дачкой: ) “Я жыву на Магілёўскай, там ніхто не прыбірае. Немагчыма выехаць з двара”.

(Дзяўчынка: ) “А мне падабаецца сьнег і мне ён не перашкаджае".

Госьці беларускай сталіцы таксама абураныя становішчам на вуліцах.

(Уладальнік шыкоўнага "Мэрсэдэсу": ) “Мне вельмі не падабаецца. Папросту жудасна прыбіраюць у вас вуліцы. Іх не пасыпаюць. А я прыехаў з Масквы. У нас, канечне, таксама ёсьць складанасьці. Дык у нас і заторы значна даўжэйшыя. А ў вас вуліцы адносна вольныя. Чаму не прыбраць і не пасыпаць? Можа, паліва не хапае? Нешта я такое чуў".

Мы зьвярнуліся ў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў да кіраўніка управы Віктара Цішчанкі.

(Цішчанка: ) "Што тычыцца расчысткі сьнегу, то сёньня задзейнічана шмат тэхнікі. Пакуль гэтым займаецца Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Мы будзем займацца тады, калі абвесьцяць надзвычайнае становішча. Тое, што вёскі засталіся без сьвятла, дык за гэта адказвае Белэнэрга, але мы гэтую сытуацыю адсочваем. Канечне, магчыма, нашы людзі прызвычаіліся да гэтага і ня бачаць нічога незвычайнага ў адсутнасьці электрычнасьці, але так не павінна быць. Для ліквідацыі наступстваў сьнегападу ў нашага міністэрства няма спэцыяльна адукаваных людзей і спэцыяльнай тэхнікі, але ўчора нам прыйшлося ўмешвацца ў гэтую сытуацыю. Мы давалі тэлефанаграмы ў розныя месцы. Нашы пажарныя машыны ў выніку здолелі праехаць, куды іх выклікалі. У гэтыя сьвяточныя дні для нас сытуацыя са сьнегам не такая страшная, як з пажарамі. Вось толькі за апошнія суткі загінула дванаццаць чалавек".

Дзяржаўтаінспэкцыя другі дзень запар зьвяртаецца да ўладальнікаў аўтамабіляў, каб яны ўстрымаліся ад паездак. І сапраўды, сёньня на менскіх вуліцах легкавікоў было значна менш, але на працу грамадзкага транспарту гэта не паўплывала.

XS
SM
MD
LG