Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК АФГАНЦЫ РАТАВАЛІ СВАЁ МАСТАЦТВА


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Гэта быў імпрэсыянісцкі жывапіс з брукаванымі пустыннымі вуліцамі, якія спускаюцца з узгоркаў, пакуль не прыйшоў Махамад Юсуф Асэфі са сваёй губкай. Асэфі выцер палатно, і зьявіліся жанчыны ў шыкоўных чырвоных і сініх плашчах. Затым яшчэ дзьве, шэсьць, дзесяць, пакуль вуліца жывапісу не напоўнілася людзьмі. Гэтыя карціны засталіся ўратаваныя, у адрозьненьне ад тысячаў іншых карцінаў, фільмаў, фотаздымкаў, малюнкаў, кніг, статуяў, музычных запісаў, археалягічных знаходак і іншых афганскіх скарбаў.

Дзякуючы такім людзям, як адзін зь вядучых жывапісцаў Афганістану Асэфі, што рызыкавалі сваімі жыцьцямі, кідаючы выклік Талібану, прынамсі частка культурнай спадчыны гэтай краіны выжыла.

Ведаючы, што Талібан забараніў адлюстраваньне жывых істотаў – ад гістарычных дакумэнтальных фільмаў да маляваньня каня крэйдай у школе на дошцы, – Асэфі замаляваў акварэльлю летась больш за 80 напісаных маслам карцін. Час прысьпешваў. Талібан толькі што кінуў выклік сьвету, узарваўшы дзьве цудоўныя трыццацімэтровыя статуі Буды, якія былі выразаныя з камяню ў 3 і 5 стагодзьдзях. Гэтыя ідалы разглядаліся як цуды старажытнага сьвету. Але для талібаў яны былі ідаламі, шго спаганілі ісьлям. Спадар Асэфі ведаў таксама, што Талібан разьбіў шэраг статуяў Буды ва ўжо разбураным кабульскім музэі. Натуральна, Нацыянальная Галерэя мела быць наступнай. Хаваючыся, ён працаваў адзін у халодным пакойчыку Галерыі – старанна зафарбоўваў людзей, кароў, аслоў, птушак і іншых жывёлаў.

Рэлігійная паліцыя Талібану рэгулярна наведвалася ў Галерэю, каб спраўдзіць, як выконваюцца іхныя ўказы супраць ідалапакланеньня. Але неадукаваныя людзі не маглі распазнаць, што ён робіць, як і не зразумелая для іх была асаблівасьць акварэлі. Калі б яны зразумелі, то Асэфі быў бы зьбіты, пасаджаны ў турму ці нават пакараны сьмерцю.

Шмат афганцаў былі зьняволеныя ці закатаваныя за такія простыя злачынствы, як, прыкладам, продаж кніг з фатаздымкамі на вокладках.
“Я ня думаю, што я быў занадта сьмелы. Проста я, які працуе ў мастацтве больш за 20 гадоў, лічыў сябе адказным за выратаваньне гэтых карцінаў. Я ня мог быць не адказным за дазвол на разбурэньне нашай гісторыі і культуры. Прадстаўнікі ЮНЭСКА, якія нядаўна наведалі Кабул, сказалі, што разбурэньні Талібану – гэта страта для культурнай спадчыны ўсяго сьвету”.

Махамад Шах, які мае дзьве найлепшыя кніжныя крамы ў Кабуле, сказаў, што Талібан пакінуў горад вольным ад інтэлектуалаў. Шмат вядучых афганскіх жывапісцаў, пісьменьнікаў, сьпевакоў уцяклі з краіны. Тыя ж, што заставаліся, гулялі ў небясьпечныя гульні, каб унікнуць рэлігійнай паліцыі Талібану. Два ягоныя браты і тры служачыя крамы былі зьняволеныя за продаж забароненых кніг. Спадар Шах захоўвае кнігі з фатаздымкамі, зафарбаванымі чорным маркерам на вокладках. Аднойчы, у 1999 годзе, талібанская паліцы зьявілася ў ягонай краме і спаліла на вогнішчы ў двары кнігі на 40 тысяч даляраў.

Спадар Шах перабраўся ў Пакістан, дзе ён распачаў друк паштовак з выявамі знакамітых афганцаў і мясьцінаў сваёй краіны. Ён надрукаваў іх больш за мільён і прадаваў па ўсім сьвеце. Гэта быў ня столькі ўратаваны ім бізнэс, колькі ягоны супраціў Талібану ў сымбалях і словах. На адной паштоўцы быў выгляд разрабаванага кабульскага музэю, на другой – здымак вядомага афганскага народнага сьпевака Нагхмы, на іншых – здымкі афганскіх спартовак у элегантных уніформах.

Талібан аддаў загад на арышт Шаха, і ён заставаўся ў Пакістане, дзе працягваў друкаваць паштоўкі.

Талібан таксама спрабаваў зьнішчыць каля тысячы кінафільмаў, якія захоўваліся на дзяржаўнай кінастудыі. 8 служачых студыі схавалі столькі карцін, колькі змаглі. Цяпер у кіназалях зноў паказваюцца фільмы, якія выжылі. “Мы павінны былі ўратаваць гэтыя фільмы, нягледзячы на небясьпеку, таму што гэта – праца нашага жыцьця” – сказаў Абдул Джаміль Савар, дырэктар студыі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG