Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АЛЕГ АЛКАЕЎ: НАВУМАЎ СКАЗАЎ ІГНАТОВІЧУ: “ПАКАЖЫ, ДЗЕ ПАХАВАЛІ ЗАВАДЗКАГА…”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былы начальнік Менскага сьледчага ізалятару Алег Алкаеў па маёй просьбе пракамэнтаваў нядаўнія заявы Генадзя Ўгляніцы і Андрэя Жарнасека адносна справаў зьніклых.

Нагадаю, Алег Алкаеў ёсьць аўтарам вядомага рапарту на імя міністра ўнутраных справаў Навумава, у якім ён выклаў свае падазрэньні і доказы на карысьць вэрсіі пра датычнасьць да зьнікненьня Захаранкі, Ганчара і Красоўскага галоўных беларускіх сілавікоў Шэймана і Сівакова. Генадзь Угляніца і Андрэй Жарнасек, якія цяпер ў Нарвэгіі, у сэрыі нядаўніх інтэрвію для нашага Радыё выклалі сваю вэрсію палітычных зьнікненьняў. Як цяпер высьвятляецца, зь ёй ня цалкам пагаджаецца былы начальнік менскага СІЗА Алег Алкаеў, хаця з пэўнымі іх меркаваньнямі ён згодны.

У прыватнасьці, Алег Алкаеў, спасылаючыся на закрытыя зьвесткі з міліцэйскіх крыніцаў, заявіў, што загадкавыя забойствы і зьнікненьні крымінальных аўтарытэтаў Беларусі, што пачасьціліся з канца 1997 году, сапраўды не зьяўляюцца крымінальнымі разборкамі і таму верагодна, што мелі рацыю Ўгляніца і Жарнасек, кажучы пра датычнасьць да гэтых злачынстваў атраду Паўлічэнкі. Алкаеў згодны і з тым, што гэтая ж група хутчэй за ўсё зьнішчыла апазыцыянэраў Захаранку, Ганчара і Красоўскага, і дзейнічала яна яўна паводле загаду зьверху.

(Алкаеў: ) "Небясьпечны быў інтэлект Захаранкі, а ў зьвязцы з Ганчаром ён быў рэальнай пагрозай, бо разам яны маглі пралічыць сытуацыю. Да таго ж карысталіся вялікім аўтарытэтам," – пагаджаецца Алег Алкаеў.

Разам з тым ён называе недакладнымі некаторыя сьцьверджаньні, пакладзеныя Ўгляніцам і Жарнасекам ў базу доказаў сваёй вэрсіі.

(Алкаеў:) "Захаранка менавіта гэты пісталет ніколі раней ня бачыў. Яму гэта было непатрэбна. І нічым гэты пісталет не адрозьніваецца ад падобных на яго, тут Жарнасек ня мае рацыі. Увогуле, такіх пісталетаў у Беларусі шмат, у тым ліку ёсьць яны і ва ўнутраных войскаў. Таму, каб пераканаць Захаранку, што гэта законная сьмяротная кара, менавіта гэты пісталет быў зусім не патрэбны. Я застаюся пры ранейшым меркаваньні, што імітацыя сьмяротнай кары – гэта ініцыятыва, магчыма, Сівакова, гэта падобна на ягоны стыль, але гэта толькі вэрсія. А для выканаўцаў гэта спатрэбілася, каб лягчэй было пераадолець сябе, бо нялёгка ж страляць ў чалавека". – Сказаў Алег Алкаеў.

Таксама Алкаеў абверг заявы Ўгляніцы і Жарнасека адносна магчымай датычнасьці дзейнага міністра ўнутраных справаў Ўладзімера Навумава да справы Зьмітра Завадзкага. Нагадаю, Угляніца і Жарнасек сьцьвярджалі, што міністар Навумаў нібыта прымушаў былога алмазаўца Ігнатовіча ўзяць на сябе адказнасьць за забойства апэратара ОРТ. Алкаеў гэтага не пацьвярджае. Ён кажа, што чуў іхную размову падчас адзінага наведваньня Навумавым затрыманага Ігнатовіча.

(Алкаеў: ) "Так, прыходзіў Навумаў да Ігнатовіча аднаго разу і вёў зь ім гутарку. Але ні да чаго ён яго не схіляў. Ігнатовіч ўжо тады адмаўляўся даваць любыя паказаньні, і міністар Навумаў як былы начальнік "Алмазу" раіў яму не гуляць у гэтыя гульні. Я чуў, як ён сказаў яму: "Пакажы, дзе пахавалі Завадзкага". Навумаў сапраўды быў перакананы, што Ігнатовіч да гэтага датычны, але сумняваўся, што ўдасца пераканаць ў гэтым суд. Дарэчы, гэтая размова адбылася якраз перад затрыманьнем Паўлічэнкі," – паведаміў Алег Алкаеў.

Былы начальнік менскага ізалятару Алкаеў абяцае пракамэнтаваць і іншыя эпізоды справаў зьніклых, якія былі закранутыя ў гутарках Сяргея Навумчыка з Генадзем Ўгляніцам і Андрэем Жарнасекам.



XS
SM
MD
LG