Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДВУМ БЕЛАРУСКІМ УЦЕКАЧАМ У ПОЛЬШЧЫ АДМОЎЛЕНА Ў ПАЛІТЫЧНЫМ ПРЫТУЛКУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Сябра Руху БНФ Віктар Нагнібяда разам з Андрэем Юцкевічам вымушаны быў зьехаць зь Беларусі ў траўні 2000 году. У Польшчы, разам зь іншымі ўцекачамі, спадар Нагнібяда заарганізаваў Зьвяз беларускіх палітычных уцекачоў, маючы на мэце, у прыватнасьці, абараніць беларускіх бізнэсоўцаў Жукаўца, Ваўка і Кругавога, якім пагражала экстрадыцыя ў Беларусь. Паводле спадара Нагнібяды, гэта, а таксама патрабаваньні спыніць беларуска-польскую дамову аб узаемнай выдачы грамадзянаў, што да палітычных уцекачоў, не падабалася польскім уладам.

(Нагнібяда: ) “Нас выклікалі ў беластоцкую пракуратуру і сказалі, каб мы гэтага не рабілі, бо гэтую дамову падпісаў яшчэ Шушкевіч і яна выгодная польскім уладам”.

Заснавальнікі Зьвязу наладзілі таксама шэраг пікетаў каля будынкаў судоў, адпаведных дзяржаўных установаў і замежных амбасадаў у падтрымку беларускіх бізнэсоўцаў, у прыватнасьці Андрэя Жукаўца.

(Нагнібяда: ) “Мы сваёй справай не займаліся, думалі, што нам і так дадуць статус уцекача – бо нашая справа мела значны розгалас. І тут раптам прыходзіць адмова нам абодвум. І самае галоўнае, што ў рашэньні яны пераблыталі прозьвішчы Жукаўца і Андрэя Юцкевіча. Такім чынам, відаць, што справы былі цалкам зьвязаныя”.

Але ці магчыма, каб на рашэньне польскіх уладаў паўплывала менавіта актыўная дзейнасьць беларускіх уцекачоў? На гэтае пытаньне адказвае
экспэрт Польскай Гельсынкскай Фундацыі правоў чалавека ў справе Беларусі спадарыня Жаклін Кацпшак.

(Кацпшак: ) “Ня думаю, каб гэта было зьвязанае з такой дзейнасьцю на тэрыторыі Польшчы. Рашэньне аб надаваньні статусу уцекача прымае Рада па справах уцекачоў. Рада, наколькі мы ведаем, мае ўсе дакумэнты ў справе абодвух спадароў, і Рада вельмі дакладна вывучыла іх справы. Рашэньне прынятае не на падставе таго, як яны сябе паводзілі на тэрыторыі Польшчы, але на падставе дакумэнтаў і фактаў, якія могуць сьведчыць аб пагрозе, якая была для іх ў іхнай краіне. Таму я ня думаю, што якая заўгодна грамадзкая ці палітычная дзейнасьць, якой яны тут на тэрыторыі Польшчы займаліся, магла б паўплываць на наданьне ім статусу ўцекачоў”.

А тым часам, паводле пастановы польскіх уладаў, ад 22 сьнежня мінулага году, намесьнікі старшыні Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы Віктар Нагнібяда і Андрэй Юцкевіч фармальна пазбаўленыя права знаходзіцца на тэрыторыі гэтай краіны.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG