Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СПРАВУ РЭЧЫЦКАЙ АКТЫВІСТКІ НАТАЛЬЛІ БРЭЛЬ ЗЬБІРАЮЦЦА ПЕРАДАЦЬ У СУД


Кізімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Справа гэта расьсьледавалася старэйшым сьледчым пракуратуры Юрыем Дзям’янчыкам амаль 4 месяцы. Двойчы тэрмін расьсьледаваньня падоўжваўся: адзін раз – рэчыцкім пракурорам Віктарам Будковым, другі – абласной пракуратурай.

Натальлю Брэль абвінавачваюць у тым, што 30 жніўня летась яна, як сказана ў пастанове сьледчага, наўмысна, з мэтай публічнай абразы Аляксандра Лукашэнкі сабрала і запакавала ў падарункавую скрынку прадметы і матэрыялы, што прыніжаюць гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы. У пастанове сьлечага пералічаныя рэчы. Гэта – шнур для бялізны, завязаны ў форме пятлі з паштоўкаю і адмысловым пажаданьнем, белы батон, зубная паста і шчотка, туалетная папера, два алоўкі, пластмасавая лінейка з прымацаванай паштоўкаю: “Віншую з днём нараджэння і дару табе гэтую лінейку, так як раней ты мераў зямлю гектарамі, а пасля 9-га прыйдзецца мераць сантыметрамі”. Ніжэй подпіс: “Шчыра ня твой – Вова”.

Згаданыя ды іншыя дробныя рэчы Натальля Брэль перадала ў пакунку загадчыку арганізацыйна-кадравага аддзелу Рэчыцкага гарвыканкаму Уладзімеру Ведзьгуну – для адпраўкі Аляксандру Лукашэнку да дня народзінаў.

Паколькі падарунак быў агледжаны пабочнымі асобамі, то сьледчы Дзям’янчык зрабіў выснову, што Натальля Брэль зьдзейсьніла злачынства, прадугледжанае артыкулам 368-м, часткай першаю – публічная абраза прэзыдэнта.

Подпісы на каляровых паштоўках сьледчы расцаніў як паклёп на прэзыдэнта, што падпадае пад артыкул 367 Крымінальнага кодэксу.
Натальля Брэль не прызнае абвінавачаньняў. Усе згаданыя рэчы сабралі да дня народзінаў кіраўніка дзяржавы гараджане, а яна толькі запакавала іх у прыгожую скрынку.

Як паведаміў сёньня нашаму Радыё сьледчы Дзям’янчык, пасьля дэталёвага азнаямленьня спадарыняй Брэль і ейным адвакатам з матэрыяламі дасьледаваньня, крымінальная справа адразу ж будзе накіраваная ў Рэчыцкі суд.


XS
SM
MD
LG