Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД ГАЛЯНДЫІ РАЗГЛЯДАЕ МАГЧЫМАСЬЦЬ ФІНАНСАВАНЬНЯ СЭРЫЙНАЙ ВЫТВОРЧАСЬЦІ “ЛЯТУЧАГА АЎТАМАБІЛЯ”


Сяргей Шупа, Прага

* ВАШЫНГТОН. Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Буш дазволіў амэрыканскім кампаніям прадаваць кампутары высокай хуткасьці Расеі, Кітаю, Індыі і краінам Блізкага Ўсходу, аслабіўшы забарону часоў халоднай вайны, уведзеную з мэтай стрымаць пашырэньне ядзернай зброі. Цяпер вытворцы могуць экспартаваць кампутары з хуткасьцю працэсару да 195 мільярдаў апэрацыяў за сэкунду ў такія краіны, як Пакістан або Віетнам без адмысловага дазволу ўраду. Эмбарга на экспарт тэхналёгіі надалей заховаецца для Паўночнай Карэі, Іраку, Ірану, Лібіі, Кубы, Судану і Сырыі.

* МАСКВА. Расейскі праграміст Дзьмітры Скляраў, вызвалены ў лістападзе з-пад арышту ў сувязі з абвінавачаньнем у парушэньні амэрыканскіх законаў аб аўтарскім праве, вярнуўся ў Маскву. 27-гадовы Скляраў быў першым, хто бы абвінавачаны ў парушэньні новага закону аб гэтак званых дыгітальных аўтарскіх правах за распрацоўку тэхналёгіі, якая дапамагае абыходзіць аўтарскую ахову кампутарных праграмаў. Сам Скляраў заўдзячвае сваё вызваленьне шырокай кампаніі прыхільнікаў свабоды слова ў кібэрпрасторы ва ўсім сьвеце.

* ТОКІЁ. Японская кампанія «Тосіба» зьбіраецца распачаць вытворчасьць сэрыі хатніх прыладаў, спалучаных зь Інтэрнэтам. Першым такім прадуктам будзе лядоўня, зьмесьціва якой яе гаспадар зможа правяраць празь Інтэрнэт. Гэткая лядоўня паступіць у Японіі ў продаж сёлета ў красавіку, а наступнымі вырабамі ў гэтай сэрыі будзе кандыцыянэр і мікрахвалёвая печка, у якую мож на будзе загружаць рэцэпты зь Інтэрнэту. У будучыні «Тосіба» зьбіраецца стварыць магчымасьць кіраваць такой сыстэмай хатніх прыладаў праз мабільны тэлефон.

* РОЧЭСТЭР (ШТАТ МІНЭСОТА). Спэцыялісты з амэрыканскай клінікі Мэё распрацавалі новую высокадакладную відэакамэру, якая можа выкарыстоўвацца як дэтэктар хлусьні. Камэра выяўляе зьмены ў тэмпэратуры розных частак твару. У 80 працэнтах тэстаў камэра пасьпяхова выявіла хлусьню ­ калі чалавек хлусіць, у яго павышаецца тэмпэратура цела вакол вачэй. Вынікі тэстаў былі пацьверджаныя паралельнымі тэстамі на паліграфе. Новая тэхналёгія можа выкарыстоўвацца падчас праверкі на лётнішчах і ў пунктах памежнага кантролю.

* ГЕЛЬСЫНКІ. Два фінскія апэратары мабільнай сувязі распачалі выпрабаваньні тэхналёгіі Унівэрсальнай Мабільнай Тэлефоннай Сыстэмы (УМТС). Плянуецца, што новая тэхналёгія мабільнай сувязі трэцяга пакаленьня ўвойдзе ў камэрцыйны ўжытак у Гэльсынкі, Тампэрэ, Турку і Оўлу ўжо ў канцы гэтага або на пачатку наступнага году. УМТС забясьпечвае ў 40 разоў большую хуткасьць, чым ужываны цяпер стандарт ГСМ. Гэта дазволіць шырока выкарыстоўваць мабільную сувязь для інтэрнэтных паслугаў, мультымэдыйных праграмаў і электроннай пошты. Першыя мабільныя тэлефоны трэцяга пакаленьня выпусьцяць увосень фінская фірма Nokia і швэдзкая Ericsson.

* АМСТЭРДАМ. Нідэрляндзкі ўрад разглядае пытаньні аб фінансаваньні вытворчасьці «лятучага аўтамабіля». Лятучы аўтамабіль або гіракоптэр мог бы ўжывацца службамі хуткай дапамогі ва ўмовах густога руху. Гіракоптэр, распрацаваны спэцыялістамі Тэхнічнага Ўнівэрсытэту ў Дэльфце, працуе на дызэльным рухавіку і разьвівае хуткасьць да 100 кілямэтраў на гадзіну на зямлі і ўдвая болей у паветры. Для ўзьлёту гіракоптэру патрэбная паласа даўжынёю 50 мэтраў, затое прызямляцца ён можа й вэртыкальна.

XS
SM
MD
LG