Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОЛАС ДУШЫ ЎЛАДАМ НЕ ПАТРЭБНЫ


Надзея Маеўская, Менск

Сумную абвестку пробашч касьцёлу Ўладзіслаў Завальнюк зрабіў пасьля імшы ў першы дзень новага году. Вернікі пачулі, што яшчэ 26 сьнежня дырэктар Дырэкцыі праграмаў дзяржрадыё Ўладзімер Мартынаў выклікаў іхнага сьвятара, каб паставіць перад фактам закрыцьця праграмы.

Ксёндз не вымавіў ніводнага слова папроку ці крыўды на адрас гэтага чыноўніка ад журналістыкі, таму варта патлумачыць, што Мартынаў нядаўна быў зьняты з пасады кіраўніка Агенцтва тэленавінаў Белтэлерадыёкампаніі. Заангажаваная ўладай “Панарама” ды яе скандальныя дадаткі кшталту “Рэзанансу” альбо “Падзеі” ствараліся менавіта пад кіраўніцтвам Ўладзімера Мартынава.

Ужо ў мінулую нядзелю ў прызначаны час на Беларускім радыё каталіцкая праграма "Голас душы" не гучала.

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк пакуль што ўстрымліваецца ад камэнтароў — верагодна, спадзеючыся на тое, што кіраўніцтва радыё ўсё ж прыслухаецца да пратэстаў вернікаў. А вось слухачы, якіх нават не папярэдзілі загадзя, не хаваюць непаразуменьня й крыўды.

(Вернікі: ) “Такая крыўда. І ня толькі ў мяне, але й у маіх маладых дзяцей, у старэнькіх, якія ў шпіталях, у вёсках. Гэтую ж праграму слухаюць і каталікі, і праваслаўныя. У мяне суседзі, родзічы праваслаўныя, дык яны ў захапленьні ад гэтай праграмы. Раней маліліся за Лукашэнку, што ён дазволіў гэтую праграму, а цяпер і ня ведаем за каго маліцца. У Лукашэнкі няма пасьлядоўнасьці ў словах: ён жа дзякаваў царкве, касьцёлу, што яны духоўнасьць выхоўваюць і раптам закрывае. Як жа так? Думаць Лукашэнку трэба”.

“Голас душы” гучаў на Беларускім радыё паўгадзіны кожную нядзелю, пачынаючы з 1993 году. Напярэдадні выбараў праграма атрымала гадзіну эфірнага часу, на завяршэньне якой касьцельны хор выконваў “Магутны Божа”. Ня выключана, што гэты ўзьнёслы сьпеў, як непрызнаны ўладаю гімн беларускае нацыі, стаўся адной з прычынаў, што “Голас душы” каталікі Беларусі ў радыёфіры цяпер не пачуюць.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG