Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПУСЬЦЯЦЬ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКУ НА ЗАХАД СЁЛЕТА?


Юры Сьвірко, Менск

66 месяцаў таму, у ліпені 1996 году, першага беларускага прэзыдэнта, легітымнасьць якога тады ніхто ня ставіў пад сумнеў, запрасіў у Парыж ягоны француcкі калега Жак Шырак. Ён спрабаваў пераканаць спадара Лукашэнку не праводзіць канстытуцыйны рэфэрэндум, вынікі якога не зьбіраўся прызнаваць Захад.

Дзеля гэтага прэзыдэнт Францыі на імправізаванай прэсавай канфэрэнцыі ў Элізэйскім палацы назваў Аляксандра Лукашэнку сваім сябрам і нават заявіў, што два кіраўнікі маюць збольшага падобныя падыходы да пашырэньня НАТО на ўсход. Ужо тады гэтыя словы Жака Шырака й сам парыскі візыт Аляксандра Лукашэнкі выглядалі сэнсацыяй. Сёньня гэта падаецца фантастыкай.

Пасьля француcкага візыту спадар Лукашэнка называў сваім сябрам канцлера Нямеччыны Герхарда Шродэра — іхныя неафіцыйная сустрэча адбылася ў красавіку 1998 году, калі спадар Шродэр быў толькі прэм’ер-міністрам зямлі Ніжняя Саксонія. Тады вядомы нямецкі палітык праігнараваў рэкамэндацыю Эўразьвязу не сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам, аднак, як толькі стаў канцлерам Нямеччыны, гэтыя рэкамэндацыі выконвае.

Цяпер усе краіны-сябры Эўразьвязу і краіны-кандыдаты на сяброўства ў ім ігнаруюць Лукашэнку. На апошняй сьнежаньскай сустрэчы ў Бухарэсьце польскі міністар замежных справаў Уладзімеж Цімашэвіч наўпрост заявіў свайму беларускаму калегу Міхаілу Хвастову, што пакуль ня будуць выкананыя вядомыя чатыры ўмовы АБСЭ й пакуль ня будуць знойдзеныя зьніклыя палітыкі (або пакуль ня будуць асуджаныя іх выкрадальнікі), Беларусь ня зможа вярнуцца ў палітычныя салёны Эўропы, а двухбаковых польска-беларускіх кантактаў найвышэйшага ўзроўню таксама ня будзе.

Дарэчы, за сем з паловай гадоў кіраваньня дзяржавай Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў у суседняй Польшчы з афіцыйным візытам. А польскі прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі прыяжджаў толькі аднойчы з рабочым візытам у рэзыдэнцыю Віскулі ў Белавескай пушчы.

Падобнай тактыкі трымаецца й суседняя Літва: ейны прэзыдэнт Валдас Адамкус сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам толькі на мяжы, на памежным пункце Каменны Лог, а ў Літву спадар Лукашэнка трапіў толькі як адзін з удзельнікаў Віленскае канфэрэнцыі 1997 году. За тыя ж сем з паловай гадоў Аляксандар Лукашэнка ніколі ня быў у суседняй Латвіі, нават з рабочым візытам.

Калі параўноўваць геаграфію замежных паездак прэзыдэнтаў суседніх краін у першыя 100 дзён пасьля абраньня ці пераабраньня, дык можна адзначыць наступнае. Украінскі прэзыдэнт Леанід Кучма быў пераабраны на другі тэрмін у лістападзе 1999 году, а ўжо ў сьнежні паехаў зь візытам у ЗША, дзе адбылося трэцяе пасджаньне ўкраінска-амэрыканскае камісіі Кучма–Гор. Вядома ж, кіраўнік Украіны сустрэўся ня толькі з тагачасным віцэ-прэзыдэнтам ЗША Альбэртам Горам, але й з прэзыдэнтам Білам Клінтанам.

Польскі прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі, абраны на другі тэрмін у кастрычніку 2000 году, ужо ў лістападзе быў запрошаны з афіцыйным візытам у Брусэль, у штаб-кватэру НАТО.

Яшчэ два прэзыдэнты суседніх краін, якія яшчэ не пераабіраліся, таксама цягам першых 100 дзён наведалі з важнымі візытамі заходнія краіны. Абраны ў лютым 1998 году літоўскі прэзыдэнт Валдас Адамкус у красавіку таго ж году таксама пабыў у брусэльскай штаб-кватэры НАТО, а кіраўніца Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга, якая заняла сваю пасаду ў чэрвені 1999 году, у верасьні нанесла візыт у ЗША.

Наконт расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна й распавядаць ня варта. Расея ёсьць сталым сябрам Рады Бясьпекі ААН і ўваходзіць у "васьмёрку" найбольш уплывовых дзяржаваў сьвету.

У бягучым годзе Аляксандар Лукашэнка зможа выехаць за межы СНД не дзякуючы інтэграцыі з Расеяй, а насуперак ёй. На красавік заплянаваны ягоны візыт у Ярданію, на саміт Руху недалучэньня. Будуючы саюзную дзяржаву з Расеяй, беларускі лідэр зноў заявіць усяму сьвету, што ні да каго далучацца не зьбіраецца.

XS
SM
MD
LG