Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СУСТРАКАЛІ НОВЫ ГОД АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

Але людзей, што наведалі Курапаты ў навагоднюю ноч, было значна больш за тых 15 чалавек. А 12-й гадзіне валанцёры выйшлі на дарогу і выпілі шампанскага — дзьве бутэлькі на ўсіх (нагадаю, што ва ўрочышчы алькагольныя напоі ўжываць нельга). Распавядае Аляксей Капэлян:

(Капэлян: ) “Праводзілі стары год, сустрэлі новы. Пажадалі сябар сябру ўсяго найлепшага. Прыходзілі й Дзед Мароз, і Сьнягурка”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто быў Дзедам Марозам?”

(Капэлян: ) “Нехта з Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Так, у сапраўдным убраньні — вось палку нават забыўся сваю. Павіншаваў нас. Прынес цёплыя коўдры й ежу. АМОНу не было. Хто хацеў тут Новы год сустракаць, усе былі”.

Учора ўвечары карэспандэнты Радыё Свабода хацелі ў апошнія хвіліны 2001 году паразмаўляць у жывым эфіры з абаронцамі Курапатаў, але гэтага не адбылося з тэхнічных прычынаў. Сытуацыю тлумачыць Аляксей Капэлян:

(Капэлян: ) “Тут былі тры мабільныя тэлефоны, але да нас не маглі датэлефанавацца, і я таксама ня мог датэлефанавацца. Здолеў гэта зрабіць толькі а 4-й гадзіне раніцы. Людзі адзін аднаго віншавалі, і проста сетка была перапоўненая”.

Аляксей Капэлян частуе мяне тортам, які падаравалі ўчора абаронцам Курапатаў. Былі й другія падарункі — у намёце цяпер вісіць карціна мастака Сяргея Нядбальскага ды ва ўрочышчы зьявілася новая шыльда “Курапаты — дарога сьмерці”.

Геадэзіст Уладзімер Лыско нядаўна адзначаў у Курапатах Каляды. Новы год ён таксама сустракаў разам з валанцёрамі.

(Лыско: ) “Загатовілі дровы, потым сядзелі, слухалі музыку, размаўлялі. Я будзільнік на сотавы “запісаў”, і як падышла 12-я гадзіна, выйшлі на дарогу, сталі кругам. Як мой будзільнік зацікаў, выпілі па чарцы шампанскага, і сказалі тосты за лепшае жыцьцё, каб у 2002 годзе ў нас усё было лепш, чым у 2001 годзе”.

Адметна адзначыў Новы 2002 год і Лявон Ачапоўскі:

(Ачапоўскі: ) “Недзе а 2-й гадзіне выйшаў на вуліцу. Каля нас пабудавалі 12-павярховы дом, я, як змог, залез з даху й намаляваў бел-чырвона-белы сьцяг. А 3-й гадзіне паехаў у Курапаты да людзей, да сяброў і нашым продкам пакланіцца”.

Сёньня з самага ранку ў Курапаты прыходзяць людзі. Яны віншуюць валанцёраў з Новым годам і жадаюць ім мужнасьці ў іхнай нялёгкай справе — абароне нацыянальнага нэкропалю.


XS
SM
MD
LG