Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі далёка да СГА, кажа кіраўнік арганізацыі


Паскаль Ламі

Паскаль Ламі

У 2013 годзе толькі Казахстан можа далучыцца да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, у той час як Беларусь знаходзіцца на далёкіх этапах перамоваў аб далучэньні да СГА. Пра гэта 17 студзеня на эканамічнай канфэрэнцыі ў Маскве заявіў старшыня Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) Паскаль Ламі.

"Казахстан далёка прасунуўся ў перамовах аб далучэньні. Паводле майго меркаваньня, гэта можна ажыцьцявіць сёлета», – цытуе Ламі агенцтва Reuters.

Журналісты пыталіся ў Ламі, ці можна казаць пра няўдалае далучэньне Расеі, якая стала чальцом СГА ў верасьні 2012 году, а цяпер мае сур'ёзныя спрэчкі з галоўным гандлёвым партнэрам, Эўразьвязам. Старшыня Сусьветнай гандлёвай арганізацыі сказаў: «Мы не ацэньваем за 6 месяцаў вынікі далучэньня да СГА, якое цягнулася 18 гадоў. Час пакажа, спрацавала яно ці не».

У мінулым верасьні намесьнік міністра замежных справаў Аляксандр Гур’янаў заявіў, што Беларусь актывізуе ўласныя перамовы аб ўступленьні ў СГА у сувязі з уступленьнем Расеі ў гэтую арганізацыю.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі на гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь «адной нагой» ужо ў СГА, бо чальцом арганізацыі ўжо зьяўляецца яе асноўны гандлёвы партнэр, Расея.
XS
SM
MD
LG