Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка вызваліў Андрэя Чыжова ад пасады старшыні і судзьдзі Беларускага вайсковага суду.

Як адзначаецца ва ўказе кіраўніка дзяржавы ад 14 студзеня, зьмешчаным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, Чыжоў вызвалены ад пасады па ўласным жаданьні.

Новы старшыня суду ці выканаўца яго абавязкаў пакуль не прызначаны, паведамілі ў Беларускім вайсковым судзе.

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін адзначае, што Беларускі ваенны суд — даволі закрытая структура. Але падставай для гэтага кадравага рашэньня маглі стаць апошнія выпадкі нестатутных дачыненьняў і парушэньня вайсковай дысцыпліны ў войсках:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Магчыма, зьвязана з самагубствам вайскоўца, якое здарылася нядаўна, зь яго расьсьледаваньнем. З выпадкамі нестатутных дачыненьняў, якія былі абвешчаныя ў нас выкараненымі. А насамрэч — надзвычайнае здарэньне. І плюс выпадак, які нядаўна быў, калі вайсковец пакінуў частку. Ад добрага жыцьця вайскоўцы не зьбягаюць, значыць, нешта яго прымусіла. Даўно ў нас не было самагубства вайскоўца з-за магчымых нестатутных дачыненьняў. І пакіданьне часткі — даволі рэдкі выпадак. Чарговы завал. Слабы кантроль за прафіляктыкай вайсковых правапарушэньняў».

У жніўні мінулага году ўпраўленьне сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці пачало крымінальную справу па факце давядзеньня да самагубства ваеннаслужачага тэрміновай службы адной з вайсковых частак 103-й асобнай мабільнай брыгады (Віцебск).

13 студзеня гэтага году вайсковец тэрміновай службы самавольна пакінуў частку, якая знаходзіцца ля Івацэвічаў. Салдата знайшлі ў лясным масіве за 8 кілямэтраў ад часткі.

У Беларускім вайсковым судзе разглядаліся таксама некаторыя гучныя справы. Да прыкладу, "справа Грамовіча", па якой да крымінальнай адказнасьці было прыцягнута 36 чалавек. Бальшыня зь іх – службовыя асобы мытні "Заходні Буг" (у тым ліку два намесьнікі начальніка мытні і начальнік паста) і ўпраўленьня КДБ па Берасьцейскай вобласьці (былыя намесьнік начальніка ўпраўленьня і начальнік аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй). Амаль усім фігурантам былі вынесены апраўдальныя прысуды.

Справа атрымала ў мэдыях назву паводле прозьвішча арыштаванага тады былога дырэктара дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Анатоля Грамовіча. "Справа Грамовіча" была апошняй у практыцы сьледчай Генпракуратуры Сьвятланы Байковай і трапіла ў суд за некалькі месяцаў да арышту самой сьледчай.
XS
SM
MD
LG