Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацкая кантралёрка: Я з расьцяжэньнем шыйных пазванкоў


Людміла Шахліна
Людміла Шахліна

Сьледчы камітэт стаў на бок кантралёркі грамадзкага траспарту. Іншы бок, электраманцёр Наваполацкай ТЭЦ Аляксандар Бліноў шакаваны такі рашэньнем.

«Учора прайшла інфармацыя, якой я, шчыра кажучы, шакаваны. Тым, што далі ацэнку дзеяньням кантралёркі як зусім правамерным. Менавіта гэтым фактам. Тое, што яны мяне абвінавачваюць, я сам выдатна разумею, што я вінаваты. І давядзецца несьці адказнасьць у любым выпадку, я не адмаўляюся. Але тое, што яна, аказваецца, нічога дрэннага не ўчыніла, а яе дзеяньні былі поўнасьцю правамерныя, — гэта мяне шакуе. Гэтага я не магу ніяк зразумець».

Так пракамэнтаваў інфармацыю, якую падало дзяржаўнае агенцтва БелТА, электраманцёр Наваполацкай ТЭЦ Аляксандар, якога вінавацяць у супрацьпраўных дзеяньнях адносна кантралёркі наваполацкага аўтобуса Людмілы Шахлінай. Інцыдэнт, які адзін з пасажыраў зьняў на відэа і выклаў у інтэрнэт, здарыўся 26 лістапада 2012 году.



Паводле начальніка ўпраўленьня сьледчага камітэту Беларусі па Віцебскай вобласьці Ўладзімера Шалухіна, мужчына 1984 году нараджэньня зьдзейсьніў у дачыненьні да кантралёркі супрацьпраўныя дзеяньні, якія падпадаюць пад крымінальны артыкул «гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак».

Cьледчыя прыйшлі да высновы, што кантралёрка з Наваполацку ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў, а тым больш злачынстваў, не зьдзяйсьняла. Справа аб гвалце адносна кантралёркі наваполацкага аўтобуса знаходзіцца ў стадыі завяршэньня і бліжэйшым часам будзе перададзена ў пракуратуру, а затым накіравана ў суд. Нібыта мужчына ў Наваполацку напаў на кантралёрку, якая запатрабавала ў адной з пасажырак выплаціць штраф за безьбілетны праезд. Кантралёрка зьвярнулася з заявай аб нападзе ў органы ўнутраных спраў.

Людміла Шахліна распавяла карэспандэнту «Свабоды», што працуе ўжо на іншым месцы. «Я цяпер у аўтапарку, але ў іншым месцы. З-за такога рэзанансу я проста не магу працаваць там. У мяне чыста псыхалягічная траўма. Я знаходзілася на лячэньні з расьцяжэньнем шыйных пазванкоў, 17 дзён была на бальнічным. Потым у псыхатэрапэўта на лекаваньні. І ўявіце, як я магу цяпер выйсьці, калі пачынаюць патыкаць — «зорка інтэрнэту».

Людміла Шахліна кажа, што да яе зь міліцыі ніхто не зьвяртаўся, а справа, маўляў, зацягнулася з-за таго, што ў яе крыўдзіцеля ёсьць сваяк у міліцыі. Да таго ж не знайшлі яшчэ аднаго чалавека, які, паводле Шахлінай, таксама яе «шматаў».

«У нас павінна была быць вочная стаўка зь ім, калі яго павінны былі адпускаць. Але, як самі разумееце — сваякі ў міліцыі, — вочнай стаўкі ў нас не было. Мы зь ім ні разу і не сустракаліся. Мне сказалі, што выбачацца ён лічыць лішнім. За тое, што ён мне пасмы валасоў вырваў. Ён жа ледзь адарваўся ад мяне, вырваў пасму валасоў і адарваўся ад мяне. Спрабаваў выцягнуць мяне на вуліцу, каб зьбіць. Калі яго затрымалі, у яго было ў крыві 1,3 праміле, хоць гэта спрабуюць схаваць. Спачатку яшчэ хацелі прымяніць артыкул за надругацельства над жанчынай. Гэтага зноў жа не прымяняюць».

Аляксандар Бліноў катэгарычна адмаўляе, што ў яго ёсьць нейкія сваякі ў міліцыі.

«У нас у міліцыі дакладна сваякоў няма. Гэта стопрацэнтна. Наагул у МУС».

Аляксандар кажа, што бачыць віну ня толькі сваю, але і кантралёркі.

«Менавіта яе няправільныя дзеяньні адносна пасажыраў пацягнулі за сабой маю рэакцыю. Таму на такой глебе прасіць прабачэньня — гэта неяк выходзіць няправільна. Калі б яна была насамрэч невінаватая, а я напаў ні з пушчы ні з поля — іншая справа. Вельмі супярэчлівае адчуваньне складаецца. Я ўвесь часу дакараю сябе, што ўмудрыўся залезьці вось так няўдала ў той вечар ня ў той аўтобус. Вось такі напад на бацькоў, калі гэта ўсё дзеці бачылі, — гэта амаральны ўчынак з боку кантралёра».

Людміла Шахліна кажа, што ўсё было зусім іначай:

«Ні за якіх дзяцей ён там не заступаўся. Ні адно дзіця не заплакала, што я такі вылюдак». Паводле Ўладзімера Шалухіна, такія сярэднявечныя мэтады расправы ў прававым грамадзтве недапушчальныя. Маўляў, калі бачыш парушэньні з боку службовай асобы, трэба зьвярнуцца да яе наймальніка. У рэшце — выкласьці запіс у інтэрнэт, «паспрабаваць узьдзейнічаць законнымі мэтадамі, але ўчыняць злачынства не дазволена».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG