Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зварот да прэм’ера Польшчы: дапамажыце «Белсату»


Ліст да польскага прэм’ер-міністра Дональда Туска падпісалі Івонка Сурвіла, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Някляеў, Аляксандар Мілінкевіч і Анжаліка Борыс.

У звароце падпісанты найперш дзякуюць польскім уладам за падтрымку адзінага на сёньняшні дзень незалежнага беларускамоўнага тэлеканалу, які «стаўся больш, чым проста тэлебачаньнем, але апірышчам беларускае мовы і ўстановаю, якая аказвае істотную падтрымку незалежнаму грамадзкаму жыцьцю ў Беларусі».

Далей выказваецца занепакоенасьць тым, што гэткая каштоўная ініцыятыва «можа быць закінутая».

Гаворка ідзе пра недахоп фінансавых сродкаў, што не дазваляе «Белсату» разьвівацца належным чынам, а летась напрыканцы лістападу канал быў вымушаны адмовіцца ад вяшчаньня ў наўпроставым этэры ды пераважнай большасьці публіцыстычных праграмаў.

Польскае агенцтва прэсы (РАР), спасылаючыся на крыніцу ў «Белсаце», падае, што акрамя таго, што МЗС Польшчы (гэта галоўны фундатар «Белсату») паступова зьмяншае фінансавую падтрымку «Белсату» (20,9 млн. злотых у 2008 годзе, 20,7 млн. у 2009, 16 млн. у 2010, 19 млн. у 2011, 17,6 млн. летась і 17 млн. мае быць сёлета), другі падпісант дамовы аб стварэньні каналу — Польскае грамадзкае тэлебачаньне (TVP) — сёлета істотна зьменшыла рэальнае грашовае фінансаваньне «Белсату», які уваходзіць у склад TVP.

У сваю чаргу прэсавая сакратарка TVP Ёанна Стэмпень-Рагаліньска заявіла РАР, што сёлета TVP выдаткуе на дапамогу «Белсату» 3,6 млн. злотых (у «Белсаце» РАР паведамілі, што гэта не рэальныя грошы, якія можна пусьціць на вытворчасьць праграмаў, а перадусім адміністратыўныя выдаткі), і «Белсат» павінен «лепей гаспадарыць праграмамі, якія набываюцца і прадукуюцца для каналу, а зацьверджаны Назіральнай Радай TVP бюджэт „Белсату“ пакрывае кошты дзейнасьці каналу на ўвесь 2013 год».

Аўтары ліста да прэм’ера Туска падкрэсьліваюць «патрэбу ўдзелу ў гэтай ініцыятыве таксама эўрапейскіх установаў, бо хоць „Белсат“ і атрымлівае дапамогу ад урадаў Швэцыі, Нідэрляндаў, Нарвэгіі ды Рады міністраў Паўночных краінаў, сам Эўразьвяз фінансавай падтрымкі не ажыцьцяўляе».

«Мы разьлічваем, аднак, што аўтарытэт як Польшчы, гэтак і Ваш асабісты, дазволяць пераканаць іх далучыцца да гэтай ініцыятывы. Магчымасьці ўзьдзеяньня Эўрапейскага Зьвязу, у тым ліку і Польшчы, на цяперашнюю ўладу ў Беларусі абмежаваныя. ...Такія ініцыятывы, як тэлеканал „Белсат“, дазваляюць рэальна ўплываць на сытуацыю ня шляхам кантактаў з уладаю, а дзякуючы пашырэньню сьвядомасьці, будуецца пачуцьцё ўласнай сьвядомасьці народу. Гэта найлепшая інвэстыцыя ў дэмакратычную будучыню Беларусі, даступная яе суседзям», — гаворыцца ў звароце беларускіх грамадзкіх дзеячоў да прэм’ер-міністра Дональда Туска.

Канцылярыя прэм’ер-міністра Польшчы пакуль не камэнтавала звароту.
XS
SM
MD
LG