Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе адчыняецца выстава, прысьвечаная БНР


Бібліятэка Клемэнтынум у Празе

Бібліятэка Клемэнтынум у Празе

У чацьвер у Празе, у памяшканьні Нацыянальнай бібліятэкі распачынаецца выстава «Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка».

Яна арганізаваная Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам у Вільні сумесна з Цэнтральным дзяржаўным Нацыянальным архівам Літвы — пры ўдзеле амбасады Літвы ў Празе і Амбасады Чэскай Рэспублікі ў Вільні.

«Сама ідэя такой выставы ўзьнікла ў межах Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, — распавядае выкладчык ЭГУ Юрась Бачышча. — Прарэктар ЭГУ Аляксандар Каўбаска дамовіўся з дырэктарам інстытуту гісторыі Літвы Рымантасам Мікнісам, які перамовіў з дырэктарам летувіскіх архіваў, і высьветлілася, што ёсьць некаторыя дакумэнты, якія яшчэ ў неапрацаваным выглядзе знаходзяцца ў архівах. І тады ўзьнікла ідэя спачатку апрацаваць гэтыя дакумэнты, зрабіць іх прыдатнымі для карыстаньня беларускімі навукоўцамі. А па выніках гэтай працы ўзьнікла ідэя папулярызаваць іх, выставіць некаторыя важныя знаходкі з гэтага летувіскага архіву.»

Юрась Бачышча

Юрась Бачышча

Свабода: Спадар Юрась, што на гэтай выставе, на Ваш погляд, можа быць найбольш цікавым?

Бачышча: Сярод цікавых матэрыялаў — асабістыя дакумэнты братоў Луцкевічаў, лісты, зьвязаныя з жыцьцём Адольфа Клімовіча, з жыцьцём Барыса Кіта і некаторых іншых беларускіх дзеячоў. Таксама дакумэнты, зьвязаныя з рознымі беларускімі арганізацыямі Вільні, Віленшчыны 1920-30 гадоў. Таксама ёсьць дакумэнты, якія датычаць беларускіх студэнцкіх арганізацый — у тым ліку і тых, якія існавалі тут, у Празе. Магчыма, гэта нейкая частка архіву Адольфа Клімовіча.

Выстава «Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка» адчыняецца ў Славянскім аддзеле Нацыянальнай бібліятэкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG