Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крывальцэвіч: Пакіньце ў спакоі магілы ў Курапатах


«У Беларусі ніколі не растрэльвалі польскае насельніцтва, — заявіў 15 студзеня Аляксандр Лукашэнка ў адказ на пытаньне журналіста Польскага радыё. Журналіста цікавіла, ці можна правесьці ў Курапатах раскопкі, каб упэўніцца, ці пахаваныя там польскі афіцэры. — Плаціце грошы — правядзём раскопкі, дзе вы лічыце патрэбным, і адкажам на вашае пытаньне. Абыдземся бяз польскіх адмыслоўцаў. У нас хапае беларускіх. Мы да вас ня едзем раскопкі праводзіць, і вам ня трэба да нас ехаць. Нам смаленскай гісторыі хапіла».

Археоляг Мікола Крывальцэвіч, які якраз прымаў удзел у раскопах у Курапатах, кажа, што асноўнае ўжо зразумела: «Ясна, хто страляў і калі стралялі. Гэта былі расстрэлы 30-х гадоў, якія рабілі органы НКУС. Іншая справа, што можа быць шмат усялякіх удакладненьняў — хто канкрэтна страляў, колькі расстралялі, каго і г. д.» Раскопкі, эксгумацыя можа троху праліць сьвятло на гэтае пытаньне, але не адказаць на яго.

Галоўнае, што трэба зрабіць па Курапатах — адкрыць дзяржаўныя архівы.

Мікола Крывальцэвіч

Мікола Крывальцэвіч

Крывальцэвіч: «Нельга бясконца эксгумаваць магілы. Трэба іх пакінуць у спакоі. Гаворка мусіць ісьці пра тое, як ушаноўваць гэтае месца».

Цяпер адказ на пытаньне, хто забіты ў Курапатах, залежыць толькі ад жаданьня дзяржаўных органаў даць адмыслоўцам доступ у архівы , сьцьвярджае археоляг. Пакуль што яны гэтага не зрабілі.

Крывальцэвіч: «Можа для кагосьці яны і адкрытыя, бо некаторыя дзяржаўныя асобы заяўляюць, што яны нібыта нешта ведаюць. Ва ўсялякім разе для спэцыялістаў у гэтай галіне, для дасьледчыкаў яны закрытыя».

Уладзімер Адамушка, дырэктар Дэпартамэнту па архівах і справаводзтве Міністэрства юстыцыі, пярэчыць: «У нас усё даступна! Усе матэрыялы адкрытыя практычна па любой тэматыцы. Нічога няма на сакрэтным захоўваньні. Іншая справа, што не ідуць гісторыкі ў архівы. Вось Кузьняцоў шмат піша, а ніводнага разу ня быў у архіве, дзе ляжаць гэтыя дакумэнты! Што можна казаць?!»

Уладзімер Адамушка

Уладзімер Адамушка

Уладзімер Адамушка нагадвае, што калі ўзьнікла тэма Курапатаў, шмат хто працаваў з архівамі і ня скардзіўся на іх «закрытасьць»:

«Працавалі і Лукашук (Аляксандар Лукашук — дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода), працаваў Антончык (Сяргей Антончык — дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня), працаваў Пазьняк. Працавала спэцыяльная ўрадавая камісія, якую, здаецца, Мазай (Ніна Мазай — дыпляматка) узначальвала. Усе працавалі, архівы былі адкрытыя, ніхто нічога не закрываў».

Паводле слоў Адамушкі, гісторыкам трэба прыходзіць у архівы і перакладаць «аркуш за аркушам» — толькі так можна дабіцца гістарычнай праўды.

Але пасьля размовы з супрацоўнікам Цэнтральнага архіву КДБ гэты працэс не падаецца такім ужо рэальным. Называць сваё імя ён адмовіўся і настойліва раіў зьвяртацца да іх з афіцыйным запытам і канкрэтнымі пытаньнямі: «Калі вы хоць трохі знаёмыя з архівамі, то мусіце разумець, што няма такога, што інфармацыя ляжыць у адным куце ці на адным крэсьле. У нас усё па прозьвішчах, у дачыненьні да канкрэтных асобаў. Калі вас цікавіць, зьвяртайцеся з афіцыйным запытам, будзем разглядаць».

Але проста так зьвярнуцца ў архіў КДБ немагчыма: «Інфармацыю мы можам даць, калі вы зьяўляецеся нашчадкам гэтага чалавека ці маеце права прадстаўляць яго інтарэсы», — сьцьвярджае супрацоўнік архіву.

Як жа тады быць з Курапатамі, калі нават не вядома, хто там забіты? Па словах супрацоўніка архіву, яны мала чым могуць у гэтым дапамагчы:
Вельмі рэдка дзе ёсьць месца пахаваньня. У найлепшым выпадку — проста горад. Такога, каб „Курапаты“, азімут і каардынаты — няма такога

«Нават калі і захаваліся матэрыялы ў дачыненьні да канкрэтнага чалавека, вельмі рэдка дзе ёсьць месца пахаваньня. У найлепшым выпадку — проста горад. Такога, каб „Курапаты“, азімут і каардынаты — няма такога».

Між тым вострым пытаньнем застаецца існаваньне беларускага «катыньскага» сьпісу, пра які й казаў журналіст Польскага радыё на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

«Газэта Выборча» ў паведамленьні пра выказваньне Аляксандра Лукашэнкі зьвяртае ўвагу на нявызначаны лёс 3870 палякаў.

Беларускі прэзыдэнт сьцвярджае, што сьпісу няма. Такое ж меркаваньне мае і Ўладзімер Адамушка:

«Што тычыцца польскіх афіцэраў, то ня трэба прывязваць да канкрэтнай сытуацыі. Чаму сёньня палякі кажуць, што ёсьць расійскі сьпіс і ёсьць украінскі. Бо месцы, дзе расстралялі польскіх афіцэраў і падафіцэраў знаходзіліся на тэрыторыі Расіі і Ўкраіны. На тэрыторыі Беларусі канкрэтнага лягеру, дзе б утрымліваліся польскія афіцэры, не было. Хутчэй за ўсё, яны праходзілі транзытам празь Беларусь у Казельскі і Юхноўскі лягеры, якія знаходзіліся на тэрыторыі Смаленшчыны. Я валодаю інфармацыяй, якіх людзей хацелі б бачыць у гэтым сьпісе палякі. Мы ўжо праводзілі працу па гэтым сьпісе, нічога ня вяжацца. Тут патрэбныя глыбокія дасьледаваньні». Паводле гісторыка, дакумэнты пра забітых палякаў трэба шукаць у польскіх і ўкраінскіх архівах:

«У мяне думка: беларускага сьпісу ніколі не існавала. Хутчэй за ўсё, гэтыя людзі без усялякіх сьпісаў маглі загінуць на тэрыторыі Расеі ці Ўкраіны».

Але на канкрэтнае пытаньне, ці былі ў Курапатах забітыя палякі, дае такі адказ:

«Я не дзяржастрах, каб гарантаваць. Такія месцы былі па тэрыторыі ўсёй Беларусі, ня трэба прывязвацца толькі да аднаго».

Супрацоўнік Цэнтральнага архіву КДБ кажа, што дакумэнтаў, якія пацьвярджалі б масавыя пахаваньні польскіх афіцэраў на нашай тэрыторыі, няма. Як няма і беларускага «катыньскага» сьпісу:

«Які катыньскі сьпіс? Няма такога сьпісу, ён ня знойдзены!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG