Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШУК: ГАЛОЎНАЙ ТЭМАЙ “СВАБОДЫ” ЗАСТАЕЦЦА СВАБОДА


Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Сярод навагодняй пошты Радыё Свабода, у інтэрвію, якія нам далі вядомыя палітыкі, грмадзкія дзеячы гучаць дзьве пастаянныя тэмы: слухачам падабаецца апэратыўнасьць, аналітычнасьць перадачаў, і не задавальняе тэматыка – маўляў, зашмат палітыкі, арыштаў, судоў, хацелася б больш музыкі, культуры, літаратуры”.

(Лукашук: ) “Адразу скажу – разумею і падзяляю жаданьне слухачоў мець менш палітыкі, больш культуры, навукі, музыкі, ўсяго таго, што ёсьць нормай штодзённага эўрапэйскага жыцьця. Я дадаў бы сюды хіба яшчэ эканоміку – гэта надзвычай цікавая, эмацыйная сфэра для людзей, якія маюць свабоду і самі зарабляюць на жыцьцё.

Нашае вяшчаньне ў 2001 годзе канцэнтравалася на галоўных для Беларусі тэмах – прэзыдэнцкіх выбарах і правах чалавека, асаблівую увагу пры гэтым мы надавалі лёсу зьніклых палітыкаў, ахвярам перасьледу. Мы лічым надзвычай важным інфармаваць грамадзтва пра дзеяньні гэтых людзей. Аднак у нашай пошце ёсьць і супрацьлеглыя заўвагі – напрыклад, некаторым слухачам падаецца, што ў нас зашмат гуманітарных паграмаў, маўляў, тут і “Вострая брама”, і “Чытальная заля”, і “Беларуская Атлянтыда”, і “Вольная студыя”, і “Сымбаль веры”...

Справа, верагодна, ў балянсе, які таксама ня ёсьць пастаяннай велічынёй, а мяняецца ў залежнасьці ад падзеяў. Таму паабяцаць цьвёрда пра нашыя перадачы ў 2002 годзе можна хіба адно—яны будуць апэратыўнымі, мы будзем імкнуцца не прапусьціць ніводную важную тэму і быць там, дзе адбываюцца падзеі, знаёміць слухачоў з усімі пунктамі гледжаньня. Мы будзем старацца прадставіць жыцьцё ва ўсёй яго паўнаце”.

(Ціхановіч: ) “Таксама ў пошце нашыя слухачы адзначаюць перамены ў вяшчаньні на Беларусь Радыё Свабода. Нагадаю, у мінулым жніўні мы ўдвая, з 4 да 8 гадзінаў павялічылі аб”ём вяшчаньня. Мы пачалі працаваць у жывым эфіры. Мы павялічылі колькасьць выпускаў навінаў з 6 да 16 на дзень. Мы пачалі выпускаць Інтэрнэт-старонку ў рэжыме on-line”.

(Лукашук: ) “Магчыма, ня ўсе слухачы ведаюць, што ўсё гэта адбылося ўпершыню за амаль паўстагодзьдзя Беларускай службы Радыё Свабода. Мы пачыналі з паўгадзіны вяшчаньня, потым – гадзіна, напрыканцы 80-х – 3 гадзіны, ў 90-я – чатыры. У 21-м стагоддзі “Свабода” па-беларуску гучыць 8 гадзінаў на дзень. “Надзвычай недружалюбным крокам” назваў павелічэньня вяшчаньня Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка. Старшыня Рады кіраўнікоў вяшчаньня ЗША Марк Натансан прыслаў нам віншаваньні і пажадаў “трымаць надалей добрую працу”. Нашыя слухачы могуць быць у гэтым упэўненыя.

Кульмінацыяй новага вяшчаньня стаў прэзыдэнцкі марафон – 8 гадзінаў жывога эфіру 9-10 верасьня, зь дзесяткамі прамых уключэньняў зь месцаў падзеяў, рэпартажамі, апэратыўным аналізам, камэнтарамі, аглядамі міжнароднага друку, агенцтваў навінаў, Інтэрнэт-сайтаў. У верасьні сайт www.svaboda.org меў больш за 1,5 млн паасобных уваходаў, больш за 33 тысячы візытаў з 69 краінаў. Матэрыялы перадачаў перадрукоўваліся, аналізаваліся і камэнтаваліся іншымі СМІ.

Новыя галасы і адрасы адкрыла летась “Палітычная геаграфія”, экспэрты “Свабоды” спрабавалі дапамагчы апэратыўна асэнсаваць дынамічныя падзеі. Ужо праз некалькі гадзінаў пасьля тэрарыстычнай атакі на Амэрыку нашыя слухачы чулі прамы рэпартаж зь Ню Ёрку, а пазьней ў жывым эфіры рэгулярна гучалі карэспандэнцыі зь лініі фронту ў Афганістане.

Вось ужо тры гады, на пераломе тысячагодзьдзяў, Беларуская служба робіць штодзённую перадачу. У 1999-м было “Слова дня”, “Галасы стагодзьдзя” ў 2000-м, а ў 2001-м у эфіры штодня пад музыку Джузэпэ Вэрдзі гучаў “Верш на Свабоду”. Нобэлеўскія ляўрэаты, паэты зь дзесяткаў краінаў сьвету зь пяці кантэнентаў, вядомыя беларускія аўтары і пачаткоўцы стваралі беспрэцэдэнтную для радыёвяшчаньня і, магчыма, для сучаснага літаратурнага працэсу штодзённую перадачу, дзе гучалі толькі арыгінальныя творы”.

(Ціхановіч: ) “Што новага зьявіцца ў 2002 годзе ў перадачах “Свабоды?”

(Лукашук: ) “Хлеб “Свабоды” – апэратыўная інфармацыя і аналіз падзеяў у Беларусі і сьвеце, недаступныя зь іншых крыніцаў. Менавіта гэта будзе і надалей у цэнтры нашай прафэсійнай увагі. У эфіры пабольшае музыкі – ад 1 студзеня пачынаецца новая штодзённая перадача “Мэлёдыя дня”; больш увагі будзем надаваць праблемам штодзённага жыцьця, нацыянальнай культуры і літаратуры. Рэгулярнымі стануць эканамічныя дыялёгі, зьявіцца панарамная перадача, прысьвечаная адкрыцьцям і зьявам ва ўсясьветнай навуцы, філязофіі, адукацыі, новым тэндэнцыям у стылі жыцьця ў 21-м стагоддзі.

Гэтыя тэмы будуць дасьледвацца як у сталых перадачах, гэтак і ў новых рубрыках. Ня буду іх зараз пералічваць – сачыце за эфірам, але адну ўсё ж такі назаву. У 2002 годзе зьявіцца перадача “Партрэт на “Свабодзе” – яна будзе прысьвечаная асобе, героям і анты-героям, што выклікаюць грамадзкую цікавасьць. Сярод першых будуць партрэты Зьміцера Завадзкага, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі.

На пачатку году нашую перадачу пачуў у зьняволеньні і ўведаў пра вызваленьне палітычны вязень; напрыканцы году тэма свабоды няспынна гучыць у рэпартажах з Курапатаў. Гэтая тэма, разам з правамі чалавека і дэмакратыяй, застаецца галоўнай для нас і надалей”.


XS
SM
MD
LG